галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Ішла Каляда калядуючы!
Хуткія прыгатаванні ў мяцовым Доме культуры, і калядоўшчыкі выпраўляюцца ў вёску. Побач з цяхцінскімі бабулямі – магілёўская моладзь. Некалькі гадоў запар хлопцы і дзяўчаты прыязджалі ў веску, запісвалі і развучвалі тыя спевы, што дагэтуль пяюць мясцовыя бабулі, а ў гэтым годзе вырашылі зладзіць калядны абрад разам.

Першая хата прымае калядоўшчыкаў шчодра. Тыя старанна спяваюць для гаспадароў, нахвальваюць гаспадыню і гаспадара, зычаць багацця і ўрадлівасці ў новым годзе. Неад’емны персанаж калядавання – каза – таньчыць і “памірае”. Каб каза ўстала, яе трэба пачаставаць салам ці кіўбаскай, альбо пляшкай.

Калядоўшчыкі разам з гарманістам і дударом рушаць далей, наперадзе яшчэ некалькі двароў, якія чакаюць калядную дружыну.

Ішла Каляда калядуючы!

Пасля калядавання яго ўдзельнікі вяртаюцца ў клуб, каб падсілкавацца за шчодрым сталом і выпіць чарку за Каляды ды Шчадрэц. У перапынку – сапраўдны майстар-клас Лявоніхі для гасцей з Магілёва. Сівенькія бабулі таньчаць ня горш за маладых.
Пасля за святочным сталом маладыя аматары этнаграфіі і традыцыйнай культуры разам з бабулямі спяваюць калядныя песні. Завяршаецца калядная вечарына позна ўвечары, а яе стомленыя, але задаволеныя ўдзельнікі дамаўляюцца сустрэцца на наступных Калядах ў Цяхціне.

Фотарэпартаж глядзіце на gorad.by і gazetaby.com


Даведка
Каляда — ва ўяўленнях старажытных славян-язычнікаў — боства багацця, ураджаю і дабрабыту. Некаторыя міфолагі атаясамліваюць Каляду з Аўсенем. У абрадах і павер'ях усходніх славян захаваліся толькі рэшткі старажытных уяўленняў аб Калядзе.
У беларускай каляднай традыцыі Калядою называлі абрадавы персанаж, які сімвалізаваў дабрабыт і заможнае жыццё: яго апраналі ў багатую світку, кішэні вопраткі дапаўна набівалі збожжам; на галаву надзявалі вянок з калоссямі, поўнымі зерня. Песеннікі, з якімі Каляда хадзіў па хатах, спявалі, звяртаючыся да яго:

Ой ты, багацька Каляда!
Дзякую табе за тваё дабро,
Бо ўжо ж наша чарада:
Штоб было ў гаспадара поўна гумно дабра!


Калядою беларусы называлі таксама абрадавую ежу, якую гатуюць напярэдадні Новага года (на Багатую Куццю) і якую калядоўшчыкі атрымліваюць ад гаспадароў. Параўнайце радкі наступнай каляднай песні:

Уставай, каза, жылы надзімай
Гаспадар ідзе, каляду нясе:
Рэшата аўса, наверх каўбаса...


Пад уплывам хрысціянства Каляда як язычніцкі міфічны персанаж набыў негатыўную афарбоўку: ён стаў атаясамліваць зімні холад, небяспеку і змрок. Павер'і аб небяспечнасці гэтага персанажа адлюстраваліся ў беларускім абрадзе «запісвання Каляды», які выконваўся перад Вадохрышчам. Абрад заключаўся ў нанясенні крэйдай крыжыкаў на хату і іншыя пабудовы, у асвячэнні святой вадой хатняй жывёлы. Акрамя таго, згодна са звесткамі, апублікаванымі ў канцы ХІХ стагоддзя П. В. Шэйнам, у гэты ж дзень «крэсляць чалавека на белым кані — выяву Каляды, якая павінна ехаць далей».

Шчадрэц
Шчадрэц, бог балявання, бяседы... Свята ў гонар Шчадраца пачынаюць святкаваць на Беларусі напярэдадні першага студзеня і працягваюць да пятага і далей...
Вось цырымонія свята Шчадраца. Вечарам збіраецца вялікі карагод хлопцаў, якія апранаюцца ў розныя касцюмы і нават нібыта маскіруюцца... Але галоўную ролю між пераапранутымі іграе той, каго прыбіраюць Шчадрацом (звычайна гэта высокі і мужны дзяцюк). Яго апранаюць у шырокі плашч (пераважна яркага колеру), абвешаны рознымі званочкамі, каляровымі абрэзкамі і разнастайнымі доўгімі тасёмкамі; на галаву яму надзяваюць своеасаблівую карону з бліскучай паперы, на твары — пачварная маска з чырвонымі шчокамі і носам; з-пад кароны... распускаюцца доўгія валасы з конскага хваста; у рукі даюць тоўстае жазло, аздобленае рознакаляровымі тасёмкамі... Шчадраца саджаюць на спецыяльна зроблены для гэтага выпадку вазок, асветлены ліхтарамі і абвешаны рознымі стракатымі анучамі і званочкамі. Вазком гэтым кіруе так званы Шчадранец, яму дапамагаюць... і іншыя пераапранутыя — Шчадраванцы. Гэты стракаты карагод пад ігру музыкаў і спевы ходзіць па вуліцах і спыняецца ля кожнага дома...

15:29 17.01.2012
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы