галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

"Беларускае пяціборства-ХІ" адбылося ў Магілёве
"Беларускае пяціборства-ХІ" адбылося ў Магілёве

На працягу 100 хвілін школьнікі павінны былі адказаць на пытанні па беларускай гісторыі і літаратуры, вырашыць некалькі заданняў па фізіцы і матэматыцы - і ўсё гэта на беларускай мове.

Арганізатары "Беларускага пяціборства" адзначаюць, што з кожным годам узровень беларускай мовы яго ўдзельнікаў становіцца ўсё горш, у гэтым годзе ён застаўся на ўзроўні мінулага года: адна памылка ў сярэднім на дзесяць слоў.

"Беларускае пяціборства-ХІ" адбылося ў Магілёве

- Беларускай мове ў нас навучаюць гэтак жа, як замежнай мове. Калі вучань хоць трохі ведае яе, настаўнік супакойваецца і ставіць высокую адзнаку, - кажа Міхась Булавацкі, арганізатар "Беларускага пяціборства". - Я папрасіў падняць рукі тых удзельнікаў пяціборства, у якіх аднолькавыя адзнакі па рускай і беларускай, - паднялі рукі амаль ўсе прысутныя. А потым я папрасіў падняць рукі толькі тых, хто лічыць, што ведае рускую і беларускую мовы аднолькава, - рукі паднялі ўсяго некалькі чалавек.

Пераможцам "Беларускага пяціборства-2011" стала дзесяцікласніца з гімназіі №3 г. Бабруйска Насця Жыркевіч - дзяўчына займае прызавое месца ўжо трэці год запар: упершыню яна выйграла "Беларускае пяціборства" два гады таму, а летась заняла другое месца. Другое месца - у Алёны Храпко (гімназія №3, г.Бабруйск), трэцяе - у Ягора Лаўранкова (вёска Пудаўня, Дрыбінскі раён).

Што да заданняў, то выканаць іх пад сілу старшакласніку беларускай школы, не кажучы ўжо пра людзей старэйшага ўзросту. У гэтым вы можаце пераканацца самі.

Беларускае пяціборства-ХI

Заданне 1
Развяжыце з падрабязнай аргументацыяй задачы:
a) Завод «Электрарухавік» за ІІ квартал вырабіў рухавікоў на 10% больш, чым за першы, за ІІІ квартал – на 25% больш, чым за другі, а за IV квартал вырабіў толькі трэць колькасці рухавікоў ІІІ квартала. Колькі рухавікоў выраблена за год, калі вядома, што ў другім паўгоддзі выраблена 220 рухавікоў?
б) На акружыне адвольным чынам выбраны 100 сініх пунктаў і адзін чырвоны (пункты не супадаюць). З вяршынямі ў гэтых пунктах пабудаваны ўсе магчымыя выпуклыя многавугольнікі. Разбярыцеся, якіх многавугольнікаў аказалася болей: сініх (тых, у якіх толькі сінія вяршыні) ці чырвоных (у якіх маецца адна чырвоная вяршыня)? Адказ патлумачце.

Заданне 2
У назвах некаторых гарадоў Беларусі (Барысаў, Браслаў, Заслаўе, Мсціслаў ды інш.) увекавечаны гiстарычныя асобы. Што вы ведаеце пра гэтых людзей (перыяд жыцця, вiд дзейнасцi, чым праславiлiся)?
Узор адказу: Горад Кiраўск у Магiлёўскай вобласцi названы ў памяць Сяргея Кiрава (сапраўднае прозвiшча: Кострыкаў), вядомага ў СССР дзяржаўнага i партыйнага дзеяча, актыўнага ўдзельнiка трох расiйскiх рэвалюцый, якi даслужыўся да членства ў Палiтбюро ЦК КПСС i карыстаўся вялiкай папулярнасцю ў партыi, што пачынала непакоiць I.Сталiна. У 1934 годзе С.Кiраў быў застрэлены ва ўласным кабінеце ў Смольным стрэлам у патылiцу, пасля чаго яго iмя сталi надаваць гарадам, вулiцам, заводам, паркам i г.д. У Магiлёве маюцца вулiца Кiрава i завод iмя Кiрава.

Заданне 3
а) аматарам альпінізму: дзе лягчэй зварыць суп – на раўніннай мясцовасці ці ў гарах на вышыні, напрыклад, 1 км (калі дроў і там, і там хапае)? Адказ аргументуйце.
б) аматарам паспаць: калі мы з вамі спім, то ўсё адно рухаемся, бо рухаецца наша Зямля – яна няспынна круціцца вакол Сонца і адначасова круціцца вакол сваёй восі; калі ж мы з вамі рухаемся хутчэй – днём ці ноччу? Чаму?

Заданне 4
Гэты беларускі паэт за 83 гады свайго жыцця спазнаў і турмы, і вялікую славу, яго творы забараняліся, кнігі канфіскоўваліся паліцыяй, але ён стаў народным паэтам Беларусі, займаў высокія пасады ў БССР. Назавіце сапраўднае прозвішча і псеўданім, пад якім гэты паэт вядомы ў беларускай літаратуры. Назавіце дзве самыя высокія пасады, якія ён займаў. Які юбілей паэта будзе адзначацца ў гэтым годзе?
Паспрабуйце пранікнуць у думкі гэтага чалавека і дапоўніць адным радком яго верлібры:
а) Я знаў людзей, якія ўсё ведалі, –
І я зайздросціў ім;
Я знаў людзей, якія не памыляліся, –
І я зайздросціў ім;
Я знаў людзей, у якіх быў начлег свой заўсёды, –
І я зайздросціў ім;
Я знаў людзей, якія пісалі даўжэзныя лісты каханым, –
І я зайздросціў ім...
Цяпер і я больш ведаю,
Менш памыляюся,
Свой маю начлег,
Пішу даўжэзныя
І без адказу лісты каханай
І ............
***
б) Усе песні, апроч расстайных, сірочых, –
Жаданыя;
…Усе рэкі, апроч тых, што плывуць на чужыне, –
Гаючыя;
Усе дарогі, апроч тых, што , – ...........
Бясконцыя.
в) Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, –
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ............
***
г) Аслепшы,
Яшчэ можна з кульбакай
Дарогу дадому знайсці.
Аглухшы,
Яшчэ будзеш чуць
Скрып дзвярэй сваёй хаты.
Анямеўшы,
З сябрамі бяседу вясці
Ва ўспамінах.
Толькі страціўшы Радзіму,
Будзеш, ............

22:08 15.01.2012
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы