Прафэсара Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту
Алеся Астроўскага і журналіста
Уладзімера Хільмановіча, якія пікетавалі перад Гарадзенскім гарвыканкамам, міліцыянты завезьлі ў пастарунак на вуліцы Гараднічанскай. Там у іх узялі тлумачэньні і склалі пратакол канфіскацыі плякатаў. Затым, асобна, у пастарунак даставілі жонку спадара
Астроўскага Аксану зь дзецьмі — Сьветай, Янкам і Васілём, якому два гады.
Паводле
Аксаны Астроўскай, міліцыянт задаваў пытаньні: хто быў ініцыятарам пікету, хто пісаў плякаты, зь якой нагоды яны выйшлі на плошчу Леніна? Яна, у сваю чаргу, запатрабавала, каб паказаньні запісвалі на беларускай мове, міліцыянт пагадзіўся.
Алесь Астроўскі зазначае, што спачатку іх запрасілі ў гарвыканкам да намесьніцы старшыні Ірыны Сенчанкавай, і размова адбылася ў канструктыўным рэчышчы — наконт магчымасьці адкрыцьця адной першай клясы зь беларускай мовай навучаньня. Праўда, ён сказаў, што калі гэта ня будзе выканана, ён забярэ дачку са школы і будзе наймаць рэпэтытараў. Яго тым больш зьдзівіла, што пасьля такой размовы іх чакалі чалавек пяць міліцыянтаў.
Спадар Астроўскі кажа, што міліцыянт пытаўся: чаму яны не падалі заяву на пікет за пятнаццаць дзён? Але ж у бацькоў было спадзяваньне, што іхняй дачцэ Сьвятлане забясьпечаць навучаньне на беларускай мове. Аднак 1 верасьня яны пераканаліся, што надзеі былі марныя. Паводле яго, міліцыянт сказаў: вы парушылі закон і вам могуць прыслаць позву ў суд.
Нагадаем, што прафэсар Алесь Астроўскі, ягоная жонка Аксана і іх дзеці сёньня ў 16:20 выйшлі на плошчу Леніна, разгарнуўшы плякаты тэкстам да вокнаў гарвыканкаму.Дзеці,
Янка і Сьвета, трымалі плякат
«Хочам вучыцца па-беларуску», а сам спадар Астроўскі —
«Этнацыд — ціхае забойства народу». Да іх таксама далучыўся журналіст
Уладзімер Хільмановіч, які паведамляў:
«У Горадні ў школах няма ніводнай беларускай клясы! У якой краіне мы жывем?»Алесь Астроўскі патлумачыў, што яны напісалі заяву ў 32-ю школу, каб дачка Сьвета навучалася ў першай клясе на беларускай мове. Аднак заява была праігнараваная, таму сям’я Астроўскіх выйшла пратэставаць. Сама Сьвета сказала:
«Я люблю беларускую мову і хачу на ёй вучыцца».
Журналіст Уладзімір Хільмановіч (зьлева), Алесь Астроўскі з жонкай Аксанай і дзецьміПаводле svaboda.org