Першыя восеньскія заняткі гуртка беларускай мовы будуць прысвечаны касцёлу Святога Станіслава. Чакаем Вашых паведамленняў і матэрыялаў пра гісторыю і лёс гэтай магілёўскай святыні. Пачатак заняткаў а 19-й. Шчыра запрашаем! Кантактныя тэлефоны: Алег Дзьячкоў (МТС – 8-029-245-64-52; Velcom – 8-029-388-35-61)  Даведка Пабудаваны ў 1738—52 (1767?) гг. з цэглы на месцы драўлянага касцёла кармелітаў 1636 г. (згарэў у 1708 г.). Першы касцёл у Магілёве быў пабудаваны ў 1604 (1633?) г. манахамі-кармелітамі па фундацыі польскага караля Жыгімонта III Вазы. Заснаваны як філіял Бялыніцкага кляштара кармелітаў. Кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV 10.9.1633 г. дазволіў бялыніцкім манахам купляць дамы і зямлю ў Магілёве для пабудовы касцёла і кляштара. Гэта адлюстравана на адной з фрэсак касцёла. У 1774 г. пры кляштары існавала друкарня, заснаваная біскупам С. Богуш-Сестранцэвічам. У 1783 г. касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў кафедральным саборам Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі, названы ў гонар св. Станіслава. Пры касцёле быў зацверджаны капітул (сабор) у складзе 12 канонікаў. Пасля пажару 1810 г. касцёл перабудаваны. У 1831 г. кляштар скасаваны. Пасля 1860 г. касцёл стаў парафіяльным. 3 1935 г. ў ім гістарычны, у 1964—86 гт. — Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. Рэстаўраваны ў 1986—90 гг. сіламі Беларускай каталіцкай грамады. 13.7.1990 г. адбылася ўрачыстая перадача касцёла вернікам. 3 1991 г. — кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архіепархіі. Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў стылі позняга барока і ракако, галоўны фасад упрыгожваў фігурны франтон з гербавым картушам. У 1810 г. пачалася перабудова касцёла ў стылі класіцызму. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая 6-слуповая базіліка з трансептам і паўцыркульнай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Да галоўнага фасада прыбудаваны 4-калонны іанічны порцік, да паўднёвай апсіды далучаны памяшканні семінарыі і друкарні. Ад першапачатковага дэкору захаваліся шматслойныя пілястры, складанапрафіляваныя карнізы, фігурныя ліштвы аконных праёмаў. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’ера носіць барочны характар. У інтэр'еры 2 рады магутных слупоў-пілонаў і аркада паміж імі падзяляюць прастору на 3 нефы — бакавыя з нізкімі скляпеннямі і стромкі сярэдні. Апсіда вылучана вялікай аркай з ракайльным арнаментальным роспісам. У залу выступае арганная галерэя, якую падтрымліваюць 4 драўляныя слупы і перакінутыя цераз іх аркады. Сцены крапаваны падвойнымі шырокімі пілястрамі з ракайльнымі залачонымі капітэлямі, складзенымі з С-падобных звіваў і руж, апяразаны арнаментальным ракайльным фрызам. На плоскасцях ілюзорным фрэскавым роспісам створаны манументальныя аркі, калоны, пілястры, разарваныя карнізы, складаныя картушы, валюты, якія нібы вырастаюць з рэальных пілястраў і карнізаў, рэальная і ілюзорная прастора зліваюцца ў адно, што надае кампазіцыі дынаміку і эмацыянальную патэтыку. Скляпенні працягнуты ўверх ілюзорнымі архітэктурнымі формамі. Інтэр'ер упрыгожваюць 3 ракайльныя алтары, вырашаныя карынфскай каланадай і насычаныя драўлянай скульптурай. На правым слупе прэсбітэрыя навешаны каваны ракайльны амбон, кафедра якога вырашана трыльяжнай сеткай з картушамі. Над тонкапрафіляваным антаблементам, які апяразвае неф, змешчаны прамавугольныя фрэскавыя пано, скляпенні пакрыты размалёўкай.
23:00 30.08.2010 |