Нагадаем, 18 студзеня 2009 г. рада грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заснавала рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову і літаратурна-мастацкі часопіс
"Верасень".
Ініцыятарам стварэння новага часопіса стаў паэт і грамадскі дзеяч
Станіслаў Суднік. На яго думку, патрэба ў літаратурна-мастацкім выданні выкліканая найперш тым, што творы шмат якіх вядомых сучасных беларускіх празаікаў і паэтаў выключаныя з праграм беларускіх агульнаадукацыйных устаноў.
У часопісе "Верасень", па словах Судніка, павінны публікавацца творы класікаў беларускага прыгожага пісьменства, а таксама найбольш актуальныя сучасныя творы нацыянальнай прозы, паэзіі і драматургіі, якія маюць важнае значэнне для выхавання падрастаючага пакалення.
Калісьці Рыгор Барадулін напісаў верш, які пачынаўся радком: "У верасьня свой асаблівы пах". Па-свойму "пахне" і часопіс "Верасень", другі нумар якога нядаўна прыйшоў да чытача. І паліграфіяй, і зьместам новае выданьне – адметнае. Міхась Скобла сустрэўся з галоўным рэдактарам "Верасьня" Эдуардам Акуліным.
Міхась Скобла: "Эдуард, мяркуючы па тым, што ў другім нумары "Верасьня" прадстаўленыя творы ажно 12 маладых літаратараў (8 паэтаў і 4 празаікі), часопіс фармуе сабе імідж гэткага гадавальніка маладых талентаў. Ці "Верасень" – часопіс для ўсіх?"
Эдуард АкулінЭдуард Акулін: "Часопіс “Верасень” ствараўся як стартавая пляцоўка для маладых літаратараў. Таму і ў першым, і ў другім нумарах творчая прысутнасьць маладых – прыярытэтная. Наогул, у двух нумарах часопіса мы надрукавалі творы трыццаці маладых паэтаў, празаікаў і крытыкаў. І гэта лічба сьведчыць сама за сябе. Сапраўды, “Верасень” можна назваць літаратурным гадавальнікам маладых талентаў. Прытым, сярод іх як добра вядомыя чытачу імёны Віталя Рыжкова, Насты Кудасавай, Ігара Канановіча, Валерыі Куставай, так і абсалютна новыя: Настасься Кухарэнка, Аліна Кузьміч, Алесь Плотка… Радуе, што ў другім нумары значна пашырылася аўтарская геаграфія. Калі першы нумар прадстаўлялі пераважна сталічныя літаратары, то ў другім побач з менчукамі друкуюцца маладыя творцы з Гомеля, Берасьця, Горадні, Кіева і Познані".
Скобла: "Ці ахвотна ідуць на супрацоўніцтва зь "Верасьнем" старэйшыя пісьменьнікі?"
Акулін: "Вельмі ахвотна. І я за гэта ім шчыра ўдзячны. Блізкае суседзтва на старонках “Верасьня” маладых і сталых аўтараў – гэта адна з галоўных канцэптуальных задумаў новага выданьня. Для творчага росту маладыя павінны браць урокі майстэрства ў літаратурных мэтраў. Вось чаму сярод аўтараў “Верасьня” прызнаныя майстры слова: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дайнека, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк…
Паколькі “Верасень” – безганарарнае выданьне, мяркую, што супрацоўніцтва зь ім такіх знакамітых аўтараў выклікана найперш трывогай за будучы лёс айчыннай літаратуры. І Рыгору Барадуліну, і Нілу Гілевічу вельмі важна ведаць – хто заўтра заселіць беларускую культурную прастору: удзячныя нашчадкі Купалы, Коласа, Багдановіча, ці ваяўнічыя і цынічныя літаратурныя хунвэйбіны".
Скобла: "Якія творы і імёны, на твой погляд, – галоўны здабытак другога нумару?"
Акулін: "Насамрэч, ніводнага выпадковага аўтара ў другім нумары “Верасьня” няма. Атрымаць творчую прапіску на старонках часопіса з пэрыядычнасьцю выхаду два разы на год даволі цяжка, але пачэсна. Але, калі параўноўваць другі нумар зь літаратурным домам, то падмурак ягоны, на маю думку, складаюць апавяданьні Ніла Гілевіча і Тані Малярчук. Паэтычны ганак – вершаваныя нізкі Аліны Кузьміч і Алеся Емяльянава. Зруб трымаецца на па-майсэрску абгабляваных і падагнаных вершах Васіля Зуёнка і Уладзімера Някляева. Падлога – са звонкіх масьніцаў паэтычных радкоў Валерыі Куставай, Паўла Баяркі, Насты Грышчук… Вокны – шчырыя, адкрытыя гутаркі з маладымі творцамі Аксанай Данільчык і Алесяй Сівохінай. Столь – вершы з “архіўнай сховані” Ларысы Геніюш. Ну, а дах – паэтычныя пародыі Анатоля Сыса".
Скобла: "Як "Верасень" прыходзіць да чытача? Ці ёсьць ужо падпіска на часопіс?"
Акулін: "Сталічныя жыхары пазнаёміцца з “Верасьнем” могуць на сядзібе ТБМ, у "Акадэмічнай кнізе", у "Кніжным салёне" на вуліцы Калініна. Да астатніх чытачоў часопіс трапляе падчас літаратурных сустрэчаў, у тым ліку тых, якія адбываюцца ў межах культурніцкай акцыі “Будзьма беларусамі!”. Першая прэзэнтацыя №2 адбудзецца 30 жніўня а 18-ай гадзіне на сядзібе ТБМ. Запрашаю ўсіх жадаючых. У пэрспэктыве “Верасень” плянуецца распаўсюджваць праз падпіску. Каб трапіць у падпісны каталёг, трэба заваяваць творчы аўтарытэт у чытачоў, згуртаваць аўтарскі і рэдакцыйны калектыў. Для будучых аўтараў падаю наш электронны адрас:
verasenchas@gmail.com".
Скобла: "У "Верасьня" прывабны дызайн, часопіс прыемна ўзяць у рукі. Хто адказны за яго мастацкае аблічча?"
Акулін: "За мастацкае аблічча часопіса (дызайн вокладкі, афармленьне разьдзелаў) адказны малады мастак Юры Круглікаў. Мне спадабалася, як ён цудоўна аформіў сэрыю кніжных мініятураў выдавецтва “Галіяфы”, і я прапанаваў яму творчае супрацоўніцтва. Дарэчы, дызайн першага нумару часопіса Юры падрыхтаваў за рэкордна кароткі час, але гэта ніякім чынам не паўплывала на якасьць. Другі нумар атрымаўся ня менш крэатыўным і непаўторным. Такім, якім належыць быць выданьню для моладзі. У гэтым заслуга таленавітага мастака Юрыя Круглікава, яркага прадстаўніка віцебскай мастацкай школы".
Скобла: "Пытаньне "з аглядкай". Леанід Галубовіч у мінулым выпуску "Дому літаратара" схарактарызаваў сёньняшнюю сытуацыю як "духоўны смог над краінай". Маўляў – не прадыхнуць. А табе ці лёгка дыхаецца?"
Акулін: "Жыць у духоўным смогу, безумоўна, цяжка, але цалкам магчыма. Мы, беларусы, – народ цярплівы. Настолькі цярплівы, што і па сёньня з упартай зацятасьцю чакаем абяцанага Багдановічам “залацістага, яснага дня”. А трэба не чакаць, а набліжаць гэты дзень. І чынам, і словам. Каб не задыхнуцца, каб ня ўмёрці, каб людзьмі звацца…"
Паводле svaboda.org