Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае
Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень Магілёўскае ТБМ імя Франіцшка Скарыны ладзіць традыцыйнае падарожжа ў сталіцу свята. Вандроўка пройдзе па маршруце
Магілёў – Мазыр – Юравічы – Глінішча – Хойнікі – Магілёў.
Традыцыйна свята пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Сталіцай XVII Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе стануць
Хойнікі. Гэты непаўторны край узгадаваў народнага пісьменніка Беларусі
Івана Мележа, які на ўвесь свет праславіў родную зямлю сваёй «Палескай хронікай».
Акрамя Хойнікаў, мы наведаем жамчужыну Усходняга Палесся -
Мазыр. Гэты горад на стромкім правым беразе Прыпяці нездарма называюць “беларускай Швейцарыяй”. Таксама мы пабачым дзівоснай прыгажосці езуіцкі калегіум і касцёл 18 ст. у
Юравічах, завітаем у вёску
Глінішча – малую радзіму Івана Мележа, дзе нам правядзе экскурсію пляменніца пісьменніка
Соф'я Піліпаўна Мележ.
Калі Вы цікавіцеся гісторыяй роднага краю, калі неабыякавыя да беларушчыны – далучайцеся!
Кантактныя тэлефоны:Алег – 8–029-388-35-61 (Velcom); Юрась – 8-033-627-19-52 (МТС); Сяргей – 25-23-53Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі: 1994, 2003 – Полацк, 1995, 2004 – Тураў, 1996 – Навагрудак, 1997 – Нясвіж, 1998 – Орша, 1999 – Пінск, 2000 – Заслаўе, 2001 – Мсціслаў, 2002 – Мір, 2005 – Камянец, 2006 – Паставы, 2007 – Шклоў, 2008 – Барысаў, 2009 – Смаргонь.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Гэтае свята, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, жывымі сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты і часопіса.
Як і заўсёды ў рамках свята адбудзецца навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Яна пачнецца ў Мінску 31 жніўня і пройдзе праз святыя мясціны Міншчыны, Брэстчыны і Гомельшчыны.
4 верасня ў в. Глінішча на радзіме І. Мележа адбудзецца пасяджэнне "круглага стала" на тэму "Літаратура як сродак міжкультурнага дыялога" з удзелам замежных пісьменнікаў, а таксама навукова-практычная канферэнцыя "Хойніцкія чытанні".
5 верасня першай падзеяй святочнага дня стане Божая Літургія ў Саборы Праабражэння Гасподняга. Галоўнымі месцамі правядзення свята абраныя Цэнтральная гарадская плошча і Гарадскі парк.
На Цэнтральнай плошчы будзе размешчана галоўная сцэна, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства, шматлікія канцэртныя выступленні мастацкіх калектываў Гомельскай вобласці і вячэрні святочны канцэрт. На сцэне Летняга амфітэатра ў Гараскім парку пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, выступленні мастацкіх калектываў беларускага і ўкраінскага Палесся, прэзентацыі беларускіх выдавецтваў.
У Гарадскім парку на працягу дня з 10.00 да 18.00 гадзін пройдзе Фестываль кнігі і прэсы. Тут будуць прадстаўлена экспазіцыя "Кнігі Беларусі", разгорнуцца тэматычныя выстаўкі, экспазіцыі прадпрыемстваў "Саюздрук", вядучых рэспубліканскіх перыядычных выданняў і "СМІ Гомельшчыны". Таксама адбудуцца прэзентацыі перыядычных выданняў, беларускіх выдавецтваў і новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі.
На працягу ўсяго дня будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы, у прыватнасці канцэрты, гульні на Дзіцячай пляцоўцы ў парку, спартыўная праграма на гарадскім стадыёне, свята народнага мастацтва ў Горадзе майстроў, свята беларускага кіно ў кінатэатры "Юбілейны".
Адметнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стане адкрыццё комплексу "Сядзібны дом" у Гарадскім парку. Гэта – архітэктурны помнік ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў у стылі неакласіцызму, у якім разгорнецца экспазіцыя Хойніцкага краязнаўчага музея. У сядзібе ў час свята пройдзе мастацкі плэнэр "Хойніччына сучасная", на якім будуць прадстаўлены творы маладых мастакоў.
Увечары на галоўнай сцэне пройдзе цырымонія ўрачыстага закрыцця свята, перадача эстафеты – сімвалічнага вымпела гораду-сталіцы будучага свята (г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці) і святочны канцэрт з удзелам мастацкіх калектываў рэспублікі.