Апошнія жнівеньскія заняткі гуртка беларускай мовы былі прысвечаны Вільні – гораду, які стаў “Крывіцкай Мекай”, “духоўным Араратам беларусаў”. Сімвалічна, што гэтым разам гурткоўцы сабраліся ва ўтульным фае школы №2, якая знаходзіцца якраз на Віленскай вуліцы. Гурткоўцы, а іх гэтым разам было калі 30, фактычна здзейснілі віртуальнае падарожжа па Віленшчыне, прагледзеўшы каля 200 фотаздымкаў Юрася Каласоўскага - сябра Магілёўскага ТБМ, якому літаральна тыдзень таму давялося пабываць у гэтых цікавейшых мясцінах. Натуральна, кожны фотаздымак суправаджаўся словамі аўтара, які распавёў не толькі шмат цікавай гістарычнай інфармацыі, але і падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад паездкі на Віленшчыну. У наступнай частцы заняткаў прысутныя прагледзелі віртуальную экскурсію па Вільні і паслухалі песні з альбома Зміцера Бартосіка “Дарога на Вільню”, пасля чаго прачыталі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя гэтаму цудоўнаму гораду. Акрамя таго, настаўніца польскай мовы СШ №2 пані Магдалена распавяла пра сувязь Віленшчыны з Польшчай. У бліжэйшы час чакайце на нашым сайце фотарэпартаж з падарожжа ў Вільню і Трокі. Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў пачынае заняткі гуртка беларускай мовы Пра Вільню і Трокі распавядае Юрась Каласоўскі Сяржук Дымкоў прапаноўвае прысутным віртуальную экскурсію па Вільні Гурткоўцы 23:00 27.08.2010 |