галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

“Няскораная”. Тэлеканал “Белсат” зняў фільм пра Ларысу Геніюш
«Белсат» зняў першы ў гісторыі фільм пра Ларысу Геніюш. У стужцы, якая складаецца з двух частак па 30 хвілінаў кожная і якую знялі да 100-х угодкаў нараджэння вялікай беларускі, выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы вялікай паэткі, рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра яе дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды інш.
“Няскораная”. Тэлеканал “Белсат” зняў фільм пра Ларысу Геніюш
На меркаванне адмыслоўцаў, Геніюш – адна з найлепшых творцаў Беларусі. Вершы паэткі, выпрабаваныя суворым часам, і сёння гучаць абсалютна сучасна. Аднак ейнага імя не сустрэнеш у падручніках беларускай літаратуры.
Чаму ж краіна, якой таленавіты чалавек прысвяціў жыццё, дзеля якой тварыў і пакутаваў, сарамліва адсланяецца ад яго? Чаму Ларысе Геніюш не знайшлося месца ў нацыянальнай літаратуры?
Чаму ейны драматычны лёс дагэтуль не дачакаўся гістарычнага даследавання? Чаму сталася немагчымаю рэабілітацыя жанчыны, віна якой – усяго толькі адданая любоў да Айчыны?
Чалавек у жорнах эпохі. Чалавек, якога Радзіма не ратавала нідзе і ніколі. Ларыса Геніюш (у дзявоцтве – Міклашэвіч) – у фільме «Няскораная».
Фільм зняты з выкарыстаннем тэхнікі інсцэнізацыі: маладую Ларысу Геніюш у Зэльве і Празе грае акторка.
Стужка багатая рэдкімі здымкамі і дакументамі, пры яе стварэнні выкарыстоўваліся ўнікальныя кадры кінахронікі, якія паказваюць Ларысу Геніюш, і аўдыёзапісы, на якіх паэтка чытае свае вершы.
У фільме розныя людзі дзеляцца ўспамінамі пра таленавітую суайчынніцу. Гэта і Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль, і землякі паэткі, ейны ўнук ды іншыя.
Вядзе фільм вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла, які падзяліўся сваімі думкамі: «Ларыса Геніюш – асоба фенаменальная, я нават не ведаю, з кім яе можна параўнаць. Яна пражыла сваё жыццё так годна, праўдзіва і сумленна, нібы мела перад сабою накрэслены найвышэйшаю воляю шлях. І з гэтага шляху яна не сышла ні на сантыметр! Усё ў яе жыцці было не выпадковым. І прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік), і залатая Прага, і нават ГУЛАГ. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз неймаверныя выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю».
“Няскораная”. Тэлеканал “Белсат” зняў фільм пра Ларысу Геніюш
Міхась Скобла сцвярджае, што ўся біяграфія Ларысы Геніюш – у тысячах яе лістоў. «Я іх паступова расчытваю, рыхтую да друку, і часам мне здаецца, што пра паэтку я ведаю амаль усё. Але пакуль што я нідзе не знайшоў рэцэпту крупніку (хмельнага напою на травах), які Ларыса Антонаўна сама гатавала і частавала ім самых дарагіх гасцей. Так што я распытаўся б у яе пра той крупнік», – апавядае паэт і літаратуразнавец.
Як бачым, Геніюш – гэта больш за паэзію. Гэта стылёвае жыццё па-беларуску.

Першую частку фільму «Няскораная» глядзіце 9 жніўня а 21.20.
Паўтор 10 жніўня а 9.15.
Другую – 16 жніўня а 21.20.
Ад раніцы 10 жніўня фільм на сайце тэлеканалу «Белсат» будзе даступны для онлайн прагляду.
Фільм даступны для спампоўвання.

Паводле belsat.eu

23:00 9.08.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы