2 жніўня ў відэазале кінатэатра «Космас» адбылася прэзентацыя паштовак серыі
«Магілёў: з мінулага ў сучаснасць». На сустрэчу з даўніной з’явіліся сярод іншых і фотамастакі, і гісторыкі, і прадстаўнікі выдавецтва, якое падтрымала праект і надрукавала карткі.
Адметна, што на сустрэчы зусім не было выпадковых гледачоў і кожны, хто браў у рукі паштоўкі, быццам скіроўваўся ў падарожжа па старым Магілёве. Вось Малая Садовая, а вось — Вялікая. На другім фотаздымку — парк Мураўёва, Кафедральны Іосіфаўскі сабор або Скрыжаванне вуліц Вялікай Садовай і Дваранскай. У гістарычных сюжэтах — што праўда — пазнаваліся сучасныя вуліцы і дамы.
Вядомы ў Магілёве журналіст Алесь Асіпцоў распавёў, як 13 год таму ўзнікла ідэя ўзнаўлення старых паштовак. Надзвычай моцна захацелася расфарбаваць старыя фотаздымкі — нібыта ўсе страчаныя будынкі захаваліся: «Цяжка было на Магілёўшчыне знайсці прыкметы беларушчыны. І ў некаторай ступені сённяшні набор паштовак — гэта ўнёсак у абеларушванне нашага горада. Хочацца, каб такіх здымкаў са зруйнаванымі салавутасцямі архітэктуры было меней. Добра было б, каб мы бачылі Магілёў не на паштоўках, а ў рэальным жыцці».
Наогул гісторыя беларускай паштоўкі налічвае 100 год. Вялікім попытам яна карысталася ў турыстаў. Аўтар праекта Аляксандр Ліцін крыху распавёў пра цяжкасці, з якімі сутыкнуліся мастакі на шляху ўзнаўлення паштовак, вялікія складанасці былі з абаронай аўтарскіх правоў. Ён заклікаў аматараў візуальнай інфармацыі, каб яны рабілі здымкі сучасных будынкаў, таму што праз некаторы час яны таксама ператворацца ў гісторыю. «Гэта будзе цікава нашым нашчадкам!» — дадаў Аляксандр Лазаравіч.
Усе расповеды суправаджаліся дэманстрацыяй слайдаў. Падрабязна спыніўся на краявідах старога Магілёва Вячаслаў Філінаў — калекцыянер старых фотаздымкаў. З яго лекцыі паўставалі стары горад і людзі, якія насялялі яго каля 100 год назад. Сталі вядомыя і нюансы стварэння паштовак. Некаторыя друкаваліся самімі фатографамі на фотапаперы. «Трэба шмат часу, каб стварыць дакладны каталог паштовак Магілёва. Магчыма, у мяне не хопіць на гэта моцаў, а магчыма, хтосьці зробіць гэта пасля мяне!» — адзначыў калекцыянер.
Па словах гісторыка Алеся Агеева, з гістарычнага гледзішча гэтыя паштоўкі маюць надзвычай вялікую каштоўнасць: «Пра кожны старажытны будынак можно напісаць калі не кнігу, то раздзел у кнізе па гісторыі Магілёва! Спадзяюся, што тыя паштоўкі, якія яшчэ надрукуюць, будуць яшчэ цікавейшымі!».
Алесь АгееўВыступленне гісторыка Ігара Пушкіна было ці не самым эмацыйным: «На фотаздымках мы бачым не нейкіх абстрактных асобаў, а канкрэтных людзей, іх побыт, адзенне. На жаль, шмат хто з нас не ведае пра тое, як выглядалі кавярні, якім было нарэшце жытло месціча? А магілёўскі трамвай? Ці быў ён у нас? Канешне, быў! Але гэта быў конны трамвай!»
Ігар Аляксандравіч прапанаваў зрабіць некалькі цыклаў паштовак: «Магілёў ХІХ стагоддзя», «Магілёў савецкага часу», «Магілёў 1970-80-х гг.» і «Магілёў сучасны».
Ігар ПушкінНапрыканцы сустрэчы магілёўскія барды выканалі некалькі кампазіцый, прысвечаных роднаму гораду. Госці, якія ведалі словы, з задавальненнем падтрымалі іх.
На прэзентацыі паштовакПаводле
mycity.by