галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Гэтым разам мы накіруемся на ўсход ад Магілёва ў Чавускі раён. На жаль, ад багатай архітэктурнай спадчыны Чавусчыны засталося няшмат. Сярод помнікаў культавага дойлідства гэтага рэгіёна, якія дайшлі да нашых дзён, найперш варта згадаць Свята-Нікольскую царкву ў вёсцы Благавічы.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Благавічы. Свята-Нікольская царква, 1904 г.
Сама вёска Благавічы знаходзіцца недалёка ад ажыўленай дарогі Магілёў-Чавусы-Чэрыкаў. Паселішча раскінулася на берагах рачулкі Плясна, левым прытоку Расты. Сёння гэта аграгарадок. У вёску можна дабрацца і дызелем Магілёў-Крычаў (так зрабіў аўтар гэтых радкоў), але ад чыгуначнага прыпынку Благавічы да самой вёскі прыйдзецца пераадолець прыкладна 5 км.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Дабрацца да Благавіч можна і на цягніку...
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Паварот на Благавічы
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Дарога на Благавічы
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Панарама вёскі
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Уезд у аграгарадок
Першыя згадкі аб існаванні Благавіцкага праваслаўнага храма датуюцца 1720-мі гадамі. У 1747-1781 гг. царква належала уніятам. У канцы ХVIII ст. намаганнямі мясцовага памешчыка генерал-маёра Івана Рымскага-Корсакава быў збудаваны храм у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца.
У 1858 годзе на месцы старой званіцы была адбудавана новая на сродкі сялян. Па клерыковых ведамасцях 1860 года можна даведацца, што сцены царквы ў гэты час былі моцнымі, але дах і падлога патрабавалі рамонту. У 1864 годзе ў Свята-Мікалаеўскім храме адбыліся рамонтныя работы, якія праводзіў архітэктар Маннерот Дзю-Лен, а жывапісныя работы праводзіліся мешчанінам Аляксандрам Эльковічам. Тым не менш, у 1893 годзе драўляны храм прыходзіць ў заняпад.
У канцы 19 стагоддзя благавіцкія сяляне напісалі прашэнне цару Мікалаю II, у якім прасілі грошай на будаўніцтва мураванага храма, бо драўляны састарэў. Адказ быў дадзены толькі праз 6 гадоў. У Чавускім раённым музеі прадстаўлена копія дакумента тэхнічна-будаўнічага камітэта гаспадарчага ўпраўлення пры Свяцейшым Сінодзе "Па справе аб будаўніцтве мураванай царквы ў в. Благавічы Магілёўскай губерніі", атрыманая з Эрмітажа. У ім напісана: "Існуючая ў в. Благавічы драўляная царква прыйшла ў драхлы стан і па памерах недастатковая для размяшчэння ўсіх веруючых…"
Рашэнне на пабудову новай царквы Св. Сінод дае ў 1899 годзе. 10 сакавіка 1899 года на падставе даклада інжэнера Паўлоўскага быў зацверджаны праект пабудовы мураванай царквы ў вёсцы Благавічы. Паўлоўскі прапанаваў змяніць шатровы дах бакавых уваходаў на двухсхільныя "каб пазбегнуць сырых плям на сценах і калідорах з-за нязручных адводаў з "шатроў" дажджавой вады. У дакуменце было зацверджана рашэнне аб замене цагляных перакрыццяў трапезнай, прадугледжаных праектам, на драўляную столь. Прычынай для замены стала дрэнная якасць цэглы. Каштарыс склаў 19334 рублі 4 капейкі. Асноўная частка сродкаў была выдзелена Св. Сінодам, частку сабралі прыхаджане.
Будаванне царквы працягвалася 4 гады. План храма, складзены епархіяльным архітэктарам Камбуравым ў старажытнарускім стылі са званіцаю, быў разлічаны на 700 чалавек. Новы будынак меў ацяпленне, у ім было зроблена 6 унутрамаркавых печак. Шмат абразоў і царкоўных рэчаў прыносілі прыхаджане.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква
31 кастрычніка 1904 года Праасвяшчэнны епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сцяфан урачыста асвяціў Свята-Нікольскую царкву, якая атрымала назву ў гонар Мікалая II. Пасля Кастрычніцкага перавароту храм працаваў, але ў 1937 годзе быў закрыты і перададзены пад клуб і бібліятэку. У часы Вялікай Айчыннай вайны царкву адкрылі і ажыццяўлялі богаслужэнне.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Выгляд з боку апсіды
У 1962 годзе храм ізноў закрылі. Купал і крыжы былі скінуты, фрэскі зафарбаваны, толькі на сцяне застаўся вобраз Святара Мікалая, які, як яго ні зафарбовавалі, праяўляўся зноў. Царкоўную маёмасць перавезлі ў храм у в. Сухары. Невялікі звон быў захаваны жыхарамі вёскі. У памяшканні царквы спачатку зрабілі склад, а потым зноў адкрылі бібліятэку і клуб.
Па ініцыятыве жыхароў вёскі ў 2000 г. паўстала пытанне аб адкрыцці храма. У студзені 2002 года па рашэнні раённай улады будынак царквы быў перададзены праваслаўнай абшчыне. 19 снежня 2004 года адбылося асвяшчэнне царквы Уладыкам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Погляд праз браму
Будынак царквы – помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі позняга класіцызму і псеўдарускага стылю.
Храм адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з паўкруглай алтарнай апсідай. Канцы крыжа - бабінец і дзве бакавыя прыбудовы - накрыты пакатым двухсхільным дахам, апсіда - конусападобным дахам. Па восі ўвахода да бабінца быў прыбудаваны невялікі прытвор, над якім, верагодна, узвышалася шатровая званіца. Паміж бакавымі прыбудовамі і апсідай знаходзяцца невялікія, паўкруглыя ў плане рызніцы, якія надаюць структуры храма трохапсіднасць. Купал накрыты пакатым шатром, які завяршае васьмярык на чацверыку, што надае кампазіцыі масіўнасць.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Купал
Сцены пабудовы атынкаваны, завершаны прафіляванымі карнізамі, вуглы аздоблены рустам і паўкалонкамі. Цэнтральны ўваход вырашаны ў выглядзе арачнага вялікага партала з трохвугольным франтонам. Аналагічны выгляд маюць астатнія два ўваходы на тарцах бакавых прыбудоў. Аконныя праёмы розныя па кампазіцыі. У асноўным аб'ёме яны паўцыркульныя ў ліштвах, на канцах трансепта - прамавугольныя з трохвугольнымі сандрыкамі. Першапачатковы інтэр'ер царквы пры перабудове ў 1960–м годзе быў зменены.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Уваход
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Рэстаўрацыя працягваецца
Рэстаўрацыя храма на сённяшні дзень не скончана. Але нават там, дзе адпаведныя рамонтныя работы ўжо зроблены, іх якасць прымушае чакаць лепшага. Нават на новай шыльдачцы з надпісам, што царква з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ужо знікла адна з літар… Досыць сціплае пакуль і унутранае ўбранства царквы. У адрозненне ад царквы ў Галянях, тэрыторыя вакол храма даглядаецца слаба. Тым не менш запамінаюцца вонкавыя роспісы на сценах царквы, на найбольшых з якіх адлюстраваны Св. Серафім Сароўскі, Св. Сергій Раданежскі і сабор Св. Арханёла Міхаіла.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Вонкавы роспіс
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Свята-Нікольская царква. Шыльда са згубленай літарай
…Не так даўно ў Благавічах на Плясне было вадасховішча, дзе можна было добра пакупацца і палавіць рыбу. Сёння замест яго – маленькая ручаіна, а дно вадаёма густа парасло трыснягом і травой. Праўда, на дамбе каля былога вадзянога млына выконваюцца нейкія рамонтныя работы, якія дазваляюць спадзявацца, што хутка “вялікая вада” ізноў з’явіцца ў вёсцы. Добра было б, каб і Свята-Нікольская царква са сканчэннем рэстаўрацыйных работ паказала ўсю сваю прыгажосць, стаўшы не толькі цудоўным месцам малітвы, але і прыцягальным турыстычным аб’ектам Чавускага раёна.
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Благавічы. Будынак вадзянога млына
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Благавічы. Тут было вадасховішча... І будзе?
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Благавічы. Дом насупраць царквы
Вось такім атрымалася маё падарожжа ў спякотны першы дзень апошняга месяца лета. Назад вяртаўся старой прасёлачнай дарогай на Самулкі, якая праходзіла паўз палі праз бярозавы гай. Асмяглыя дрэвы чакалі дажджу. Ластаўкі ляталі высока…
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Благавічы
Вадасховішча на рацэ Рудэя за 10 км ад Благавіч. Тут вады хапае
Падарожнічайце па Беларусі!
Вандраваў Юрась Каласоўскі

Гл. таксама
З краязнаўчых вандровак Магілёўскага ТБМ: Галяні (фота)

15:55 2.08.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы