 Пабачыў свет 2-томнік з творамі Ларысы Геніюш. Гэта самае поўнае выданне з творчай спадчынай славутай паэткі. Укладанне кніг зрабіў паэт Міхась Скобла. Міхась Скобла паведаміў Радыё Рацыя, што першая прэзентацыя выдання адбудзецца 7 жніўня ў Зэльве, у дзень 100-годдзя Ларысы Геніюш. - Па-першае, двухтомнік выйшаў у фантастычна прыгожым аздабленні Генадзя Мацура. Па-другое, у ім змешчана каля сотні невядомых фотаздымкаў. Па-трэцяе, упершыню апублікавана 74 вершы і 113 лістоў паэткі. І па-чацвёртае, прэзентацыя адбудзецца 7 жніўня ў Зэльве ў раённым Доме культуры ў 14.00. Куды я ўсіх запрашаю, паколькі лічу, што збор твораў Ларысы Геніюш павінен быць у кожнай беларускай сям'і. Нагадаем, што напрыканцы ліпеня выйшаў з друку альманах «Асоба і час», які цалкам прысвечаны асобе Ларысы Геніюш. Яго прэзентацыя таксама адбудзецца 7 жніўня ў Зэльве. Радыё Рацыя 23:15 2.08.2010 |