Прапанаваны матэрыл паспрабуе даць адказ на пытанне: якое значэнне для аб’яднанага войска Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага мела татарская конніца падчас Грунвальдскай (Таненбергскай) бітвы 1410 года.
Апісанне Грунвальдскай бітвы даюць тры крыніцы: “Хроніка Быхаўца”, “Хроніка Літоўская і Жамойцкая” і “Гісторыя Польшчы” аўтарства Яна Длугаша. Параўноўваючы ўсе гэтыя тэксты, можна знайсці ў іх месцы, якія не супадаюць у некаторых дэталях бітвы, але ўсе яны апісваюць яе ход. Найбольш цікавая для нас “Хроніка Быхаўца”, таму што яна апавядае пра шырокае кола падзей, звязаных з гісторыяй Беларусі.
15 ліпеня 1410 года саюзныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства сустрэліся з арміяй крыжакоў на Грунвальдскім полі. Верагодна, ордэнскія харугвы прыбылі на месца бітвы яшчэ да падыходу кааліцыйных войскаў, на што ўказвае як “Гісторыя Польшчы” Яна Длугаша, так і тое, што крыжакам патрабаваўся пэўны час для пабудовы “воўчы пастак” і разгортвання артылерыі. Апісваючы сутыкненне польскіх і ордэнскіх атрадаў, Длугаш узгадвае, што крыжакі перад боем паспелі зрабіць як мінімум два залпы з бамбардаў, але нічога не паведамляе аб выкарыстанні артылерыі саюзнікамі. Гэта можа быць растлумачана тым, што харугвы Ордэна ўжо знаходзіліся на месцы, настроеныя для бітвы, у той час як саюзным войскам прыходзілася спешна разварочвацца ў баявы парадак па меры падыходу атрадаў, а артылерыя знаходзілася недзе ззаду, у абозах.
Калі прытрымлівацца несупадаючых паміж сабой апісанняў гэтай бітвы згодна ўсіх вышэйпералічаных крыніц, то яе падзеі разгортваліся прыкладна такім чынам. Спачатку загучалі сурмы (трубы), заграхаталі катлы (барабаны). Войскі ВКЛ разам з татарамі першымі кінуліся ў бой. Польскія воі прапелі “Багародзіцу” і таксама пачалі сутычкі. Немцы па фронту выкапалі вялізныя ямы, на дне якіх былі завостраныя калы, і замаскіравалі іх.
Не ведаючы гэта, першыя харугвы правальваліся, многія воіны загінулі. Але бітва ўжо разгаралася. Асабліва ірвалася біцца ваўкавыская харугва. Яе рыцары імкнуліся адпомсціць за нападзенне немцаў на горад і рабаванне яго жыхароў у Вербную нядзелю 16 сакавіка 1410 года. Па існуючых звычаях сярэднявечча, у дні свят, звязаных з Хрыстом і Багародзіцай, ваенныя дзеянні не вяліся – гэта лічылася святатацтвам. Ян Длугаш апісвае, што войскі Вітаўта не змаглі супрацьстаяць нямецкім рыцарам і пасля сутыкнення кінуліся наўцёк. Толькі дапамога рыцараў Ягайлы стала вырашальным заканчэннем бітвы.
На думку гісторыка П. Русава, на полі Грунвальда падзеі разгортваліся іншым шляхам. Левае крыло саюзнікаў займалі войскі Ягайлы, цэнтр і частку правага крыла – харугвы Вітаўта. Край правага крыла складала татарская конніца. Першапачатковая атака на нямецкіх рыцараў харугваў Вітаўта па цэнтры фронту не атрымалася з-за нечаканых страт у воўчых ямах. Паміж ямамі пакідаліся праходы для войскаў, і яны былі вядомы немцам. Падчас атакі саюзнікаў гэтыя праходы адразу абазначыліся і па іх татарская конніца пад кіраўніцтвам хана Багардзіна, якая размяшчалася на правым крыле войскаў, кінулася на ворага. Татарскімі вершнікамі была выкарыстана тактыка, якую звыкла прымянялі стэпавікі: каб заманіць ворага ў пастку і парушыць яго шарэнгі, яны павярнулі назад. На вялікую колькасць татараў у складзе войск ВКЛ указвае тэкст “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, што падмацоўвае магчымасць прымянення такога тактычнага манеўра. Немцы ўспрынялі гэта як знак іх перамогі. Яны наваліліся на цэнтр саюзнікаў і на частку іх правага крыла і сутыкнуліся з трыма харугвамі: Смаленскай, Мсціслаўскай і яшчэ адной, не абазначанай у крыніцах, якія ўзначальваў сын вялікага князя Альгерда і цвярской княжны Ульяны князь Лугвін (хрышчаны пад імем Сямён, ці Сімеон). Славянскія харугвы годна сустрэлі ворага і мужна змагаліся. Ордэнцы палічылі неабходным пачаць акружэнне праціўніка. Левы фланг нямецкіх рыцараў пачаў паварочваць у тыл правага крыла саюзнікаў, ахопліваючы паўкальцом з намерам знішчыць іх, рушачы ўздоўж фронту. Задумка праціўніка была ў тым, каб “перамалоць” у паўкальцы праціўніка, прасоўваючыся ўздоўж яго фронту. Гэты манеўр даваў ім значную перавагу па дзвюх прычынах. Паўкальцо паступова знішчае праціўніка, які не можа павярнуцца да яго ўсім фронтам, таму што яшчэ 16 харугваў тэўтонаў гатовыя рынуцца на левае крыло саюзнікаў. З правага крыла саюзнікаў знаходзіліся рака і возера. Немцы былі ўпэўнены, што з гэтага боку тыл іх павернутых радоў не будзе падвергнуты нападзенню. У гэтыя гадзіны бітвы Ягайла не развярнуў сваё левае крыло, каб дапамагчы Вітаўту. Ён асцерагаўся ўдару астатніх войскаў праціўніка ў яго левы бок, які б павярнуўся да правага крыла саюзнікаў, ахопленага паўкальцом ордэнцаў. Манеўр нямецкіх рыцараў па фарміраванню паўкальца разладзіў пастраенне левага крыла. Татары чакалі гэтага моманту і неспадзявана для ордэнцаў з’явіліся ў тыле паўкальца. Сітуацыя для левага крыла немцаў рэзка змянілася, і яны вымушаны былі абараняцца ўжо з двух бакоў. Фактычна, левае ордэнскае крыло трапіла ў пастку, лоўка падрыхтаваную саюзнікамі. Толькі пасля гэтага Ягайлава войска ўступіла ў бой супраць правага крыла немцаў. Са знішчэннем левага крыла нямецкага войска Вітаўтавы харугвы і татары ахапілі правае крыло немцаў, пачынаючы акружэнне ворага. Абслуга бамбард і арбалетчыкі не паспявалі абстрэльваць татарскіх вершнікаў з-за хуткасці іх перамяшчэння, і стэпавікі высеклі ўсіх.
Прымяненне манеўра татрскай конніцы на полі Грунвальда задумана наўмысна і, верагодна, прапанавана Вітаўтам. Вядома, што 12 жніўня 1399 года яго шматлікае і добра падрыхтаванае войска пацярпела паражэнне ад конніцы Залатой Арды на берагах Ворсклы. Вітаўт зрабіў памылку і прыняў сустрэтае ім войска татараў за асноўнае. Тыл войска княства не быў прыкрыты, і з гэтага боку асноўнае войска татараў нанесла ўдар. Вітаўт сам ледзь уратаваўся. Відаць, з выніку гэтай бітвы ён атрымаў добры ўрок.
Заўвага: матэрыял падрыхтаваны на падставе гістарычнага артыкула гісторыка, археолага, краязнаўцы П. Русава “Грунвальд, 600 год”, змешчанага ў жыткавіцкай раённай газеце “Новае Палессе” (№65 (10575), 14 ліпеня 2010 г.).
Андрэй Ільеня