галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

І.Марзалюк: "Заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі"
28 лютага ў Палацы культуры вобласці адбылася прэзентацыя здвоенага (адзінаццатага і дванаццатага) нумароў часопіса «ARCHE», прысвечаных абмеркаванню зместа манаграфіі магілёўскага гісторыка Ігара Марзалюка «Міфы адраджэнскай гістарыяграфіі Беларусі». На мерапрыемстве прысутнічалі рэдактар часопіса В. Булгакаў, аўтар і рэцэнзенты кнігі (Васіль Аўраменка, Аляксей Бацюкоў, Віталь Еўмянькоў).

І.Марзалюк: "Заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі" І.Марзалюк: "Заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі"
Ігар Марзалюк і Валер Булгакаў


Не кожны аўтар-навуковец можа пахваліцца такой пільнай увагай з боку чытачоў і крытыкаў. Усяго за некалькі месяцаў кніга Ігара Марзалюка стала не проста шырока вядомай, яна стала культурнай падзеяй Беларусі канца 2009 г. І гэта зусім не камплементарны рэверанс, а факт, з якім даводзіцца мірыцца нават апанентам магілёўца.

«Міфы...» І. Марзалюка — кніга неадназначная, яе змест дыскусійны і патрабуе не мітынговага, а скрупулёзнага вывучэння. Рэдактар «ARCHE» В. Булгакаў акцэнтаваў увагу на тым, што разгледжаная ў манаграфіі праблема фармавання беларускага этнаса, нацыі надзвычай важная і дастаткова недаследаваная. Вакол яе ўтварылася мноства міфаў, здагадак і ілжывых тэорый. Іншае пытанне, што лічыць міфам, а што — навуковай праўдай?

Ігар Марзалюк, найперш, адзначыў тое, што гісторыя — навука дакладная, бо вывучае выключна факты. Апошнія, як вядома, рэч упартая. «Часам гісторыку даводзіцца канстатаваць непрыемныя рэчы, казаць пра тое, пра што некаторыя маўчаць», — падкрэсліў выступоўца. Так, напрыклад, у 19 стагоддзе беларусы ўвайшлі як плебейская нацыя, якая страціла сваю палітычную і культурную эліту.

І.Марзалюк: "Заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі" І.Марзалюк: "Заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі"
Васіль Аўраменка і Аляксей Бацюкоў


«Прыемна думаць, што беларусы былі развітай і інтэлектуальнай нацыяй, — разводзіць рукамі аўтар "Міфаў", — але насамрэч факты кажуць пра адваротнае: да сярэдзіны 19 стагоддзя няма ніводнай кнігі, прысвечанай менавіта гісторыі Беларусі. Апалячаная шляхта не бачыла ў беларусах свой народ. Міцкевіч, Сырокомля — літвіны, а не беларусы.

Гісторыю і архаічную культуру гэтыя класікі польскай літаратуры інтэрпрэтавалі ў балцкай традыцыі, чаго нельга сказаць пра заходнерусаў (Восіпа Турчыновіча, Ігната Кулакоўскага, Міхала Каяловіча). Менавіта заходнерусы ўпершыню паглядзелі на Беларусь як на суб’ект гісторыі, стварылі большасць знакаў веры, якімі карыстаюцца нашы суграмадзяне і сёння».

Звярнуўшы ўвагу на дыскусійнасць некаторых тэзісаў кнігі Ігара Аляксандравіча, у цэлым станоўча ацаніў яе змест Аляксей Бацюкоў. Быць карэктней, паважаць чужое меркаванне папрасіў гісторыкаў Васіль Аўраменка. Віталь Еўмянькоў не пагадзіўся з занадта, на яго погляд, катэгарычнымі і спрошчанымі выказваннямі І. Марзалюка адносна балта-польскай прыроды творчасці Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сырокомлі і наогул літвінскай шляхты.

«Калі знакі беларускай веры стварылі патрыёты заходнерускай арыентацыі, як быць са шляхцічамі-каталікамі Я. Баршчэўскім, В. Д.-Марцінкевічам, Ф. Багушэвічам, К. Каліноўскім, Я. Лучынам? Няўжо ўсе яны працавалі выключна на літоўскую і польскую традыцыі» — задаў пытанне В.Еўмянькоў.

П. Левановіч, mycity.by


Гл. таксама:

Хто баіцца Ігара Марзалюка?

19:53 1.03.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы