Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ў нядзелю, 18 кастрычніка, зладзіла чарговую вандроўку, удзел у якой прынялі каля 50 магілёўцаў. Падарожжа адбылося па маршруце Магілёў-Вейна-Гразівец-Лясная-Слаўгарад-Блакітная крыніца-Магілёў.Прапануем Вашай увазе фотарэпартаж з вандроўкі, а таксама найбольш цікавую інфармацыю пра мясціны, у якіх нам давялося пабываць гэтым разам.
Царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Вейна, Магілёўскі раёнУ канцы 19 – пачатку 20 ст. пры царкве Пакрова Багародзіцы ў вёсцы Вейна дзейнічала царкоўна-прыходская школа. Царква таксама цікавая тым, што яна пабудаваная з закругленымі кутамі. У 2002 г. храм абнаўляецца абразамі і новай размалёўкай. Акрамя таго, у 2008 г. было праведзена добраўпарадкаванне прыроднай крыніцы вады на тэрыторыі храма. Асвячэнне гаючай крыніцы адбылося ў дзень Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы мітрапалітам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем.
Радзіма мовазнаўцы, фалькларыста і этнографа Івана Насовіча. Гразівец, Чавускі раёнСёння ў вёсцы Гразівец на Чавусчыне нішто не нагадвае пра тое, што менавіта тут у 1788 г. нарадзіўся выдатны мовазнавец-лексікограф Іван Насовіч.
Асноўная навуковая праца Насовіча - тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў.

Дарэчы, у свой слоўнік Насовіч уключаў толькі тыя словы з “крывіцкай мовы”, якія відочна адрозніваліся ад расейскіх адпаведнікаў. Пры гэтым усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі з дакладнымі рускімі эквівалентамі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы, часам даецца этымалогія слоў.
Слоўнік да гэтага часу застаецца унікальным зборам беларускай лексікаграфіі.
Найбольш значнай сярод фальклорна-этнаграфічных прац І. Насовіча стаў “3борнік беларускіх прыказак” (1867, залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства), які змяшчае каля 3,5 тыс. прыказак, прымавак і інш. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, выяўляецца ix паходжанне, даюцца зквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках і з іншых моў.

Аўтарству Івана Насовіча належыць гістарычны нарыс «Aб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю», а таксама мемуары «Успаміны майго жыцця».
Застаецца дадаць, што выдатны даклад пра жыццё і дзейнасць нашага выдатнага земляка зрабіў сябар Магілёўскага ТБМ Міхась Булавацкі.
Мемарыяльны комплекс ў гонар 200-годдзя перамогі расейскіх войскаў пад шведамі ў бітве 28 верасня 1708 г. Лясная, Слаўгарадскі раён.Менавіта тут падчас Паўночнай вайны (1700-1721 гг.). адбылася знакамітая бітва рускага войска са шведамі. Увосень 1708 г. на дапамогу Карлу XII з Прыбалтыкі пад камандаваннем генерала А. Левенгаўпта вырушылі 16 тысяч салдатаў і 7 тысяч абозаў з боепрыпасамі і правіянтам.
Пётр I вырашыў не дапусціць злучэння іх з войскам Карла ХІІ. Рускія войскі (12 тысяч салдат) дагналі ворага, але шведы адступілі і ўмацаваліся каля вёскі Лясная, недалёка ад Прапойска. Левенгаўпт заняў абарону. 28 верасня апоўдні распачалася пяцігадзінная бітва, у выніку якой шведы адышлі да Прапойска, кінуўшы ўвесь транспарт з правіянтам. Тады расейскі імператар сказаў: "Гэтая перамога можа першаю назвацца, гэта першая спроба салдацкая была, якая іх падбадзёрыла і маці Палтаўскай баталіі стала…". Цікава, што гэта сімвалічнае "мацярынства" пацвярджаецца тэрмінамі: бітва пры Палтаве здарылася дакладна праз дзевяць месяцаў пасля бітвы пры Лясной.
У 200-гадовы юбілей бітвы ў вёсцы Лясная быў збудаваны помнік у выглядзе арла, які стаіць на зрынутым шведскім сцягу і глядзіць на ўсход, у бок Расеі. Побач быў закладзены храм, прататып Пятроўскай царквы. Адкрыццё мемарыяльнага комплекса адбылося 12 ліпеня 1912 г. у дзень святога Пятра.

Да 28 верасня 2008 г., калі тут урачыста адзначылі 300-годдзе бітвы, мемарыяльны комплекс, які ўключае мемарыяльную капліцу, манумент у гонар перамогі рускіх войскаў і мармуровы абеліск на брацкай магіле рускіх воінаў, быў адрамантаваны.
Сустрэча з паэтам, публіцыстам Феліксам Шкірманковым, царква Раства Багародзіцы, Замкавая гара. Слаўгарад.У Слаўгарадзе (былым Прапойску ці Прапошаску) нас чакаў пісьменнік і публіцыст, ветэран вайны Фелікс Шкірманкоў.
Найперш здзіўляе бадзёрасць і аптымізм сп. Шкірманкова, які пасля слоў прывітання прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных роздуму над лёсам краіны. Апошнія, відаць, так кранулі прысутных, што пераважная большасць з іх адразу ж скарысталася магчымасцю набыць адну ці некалькі кніжак з аўтографам аўтара.

Сама ж сустрэча з слаўгарадскім пісьменнікам адбывалася каля сцен царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаванай у горадзе ў 1793 г. па ініцыятыве князя Галіцына. Прыгожы храм з васьмігранным купалам праектаваў яркі прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў - аўтар Неўскіх варот Петрапаўлаўскай крэпасці і паштамта ў Санкт-Пецярбургу. Кіраваў будаўніцтвам дасведчаны майстар Лука Іваноў. Усе будаўнічыя матэрыялы для храма вырабляліся на месцы, толькі жалеза на дах прывезлі з Масквы. Інтэр'ер упрыгожылі іканастасам, жывапісам і пышнымі фрэскамі, якіх налічалася 57 сюжэтаў Новага і Старога запаветаў. Лепшыя маскоўскія мастакі распісвалі храм, кіраваў размалёўкай знакаміты мастак Уладзімір Баравікоўскі - аўтар партрэтаў Паўла I і Кацярыны II.
Да 1930 г. храм быў галоўным праваслаўным прыходам раёна, пакуль па вядомых прычынах не быў зачынены. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён моцна папакутаваў ад доўгага абстрэлу - у ім размяшчаўся наглядальны пункт немцаў.
У 1987 г. будынак царквы перадалі Слаўгарадскай праваслаўнай абшчыне, якая цяпер дзейнічае як праваслаўны прыход Раства Найсвяцейшай Багародзіцы.

На жаль, на аднаўленне выдатных фрэсак пакуль не хапае грошай, а таму сёння ні на адным святым, намаляваным на іх, не відаць ліку… Вось такое сведчанне нашай заплямленай гісторыі.
Стоячы над абрывам на Замкавай гары і гледзячы на сутокі Проні і Сожа ўнізе, мы спрабавалі ўявіць сабе, што калісьці на гэтым месцы ўзвышаўся сярэднявечны замак, а пасля палац князя Галіцына. Дарэчы, Замкавая гары з трох бакоў была акружана дзесяціметровымі равамі, а з чацвёртага - 30-метровым абрывам. Звесткі аб Прапойскім замку як стратэгічным вайсковым аб'екце датаваныя 1518 годам. Замак быў драўляны, абмазаны глінай, яго вянчала вежа, працавалі пад'ёмныя масты.
Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй у 1654-1667 гадах да горада падыходзіў Багдан Хмяльніцкі, а гетман Залатарэнка з баямі ўзяў Прапойск. У гэтую вайну Прапойскі замак быў разбураны, пабудовы горада спаленыя, зямля апусцела і стала зарастаць лесам.

А ў верасні 1772 г., калі пасля падзелу Рэчы Паспалітай, Прапойскую воласць далучылі да Расійскай імперыі, Кацярына II падарыла яе князю Галіцыну. Той заняўся гандлем лесам і броварнай справай, а ў 1776 г. князь вырашыў пабудаваць на Замкавай гары новы палац. Гэта быў двухпавярховы драўляны асабняк, абмазаны глінай. Сёння ад яго засталіся толькі згадкі ў летапісах ды прысядзібны дом, які быў злучаны з палацам перакідным мастом, уздоўж якога былі пабудаваныя паркавыя ансамблі. Парк вылучаўся складанай воднай сістэмай, якая забяспечвала працу млына.
Пасля смерці князя замак паступова заняпаў і ў першай палове 20 ст. быў канчаткова разбураны.
Блакітная крыніца (Слаўгарадскі раён) За 8 кіламетраў ад Слаўгарада на левабярэжжы Сажа на паверхню зямлі выбіваецца найбольшая ва Усходняй Еўропе крыніца. Сам унікальны помнік беларускай прыроды – Блакітная крыніца або Сіні калодзеж – уяўляе сабой возера дыяметрам 20-25 м з патокам чыстай вады, які выбіваецца на паверхню з глыбіні 100-200 метраў. Прыток вады ў крыніцы, з якой выцякае рэчка Галубка, – 5 тысяч кубаметраў у суткі. Вакол крыніцы растуць дубы, ліпы, чорная вольха, вярба, ляшчына.

Блакітная крыніца была апісана ў 1912 г. этнографам Еўдакімам Раманавым, але шанавалася яна яшчэ шанавалася з паганскіх часоў. Магчыма, менавіта тут калісьці прынялі хрышчэнне радзімічы. Цяпер тут крыжы і каплічка, а на Спас сюды прыязджаюць тысячы паломнікаў.
Вада ў возеры мае незвычайны блакітнавата-смарагдавы колер, таму што выходзіць на паверхню з глыбіні, дзе яна цыркулюе ў тоўшчы пісчага мелу (выдатны прыродны адсарбент). Вада Блакітнай крыніцы, якая валодае высокімі пітнымі якасцямі і можа служыць эталонам чысціні падземных вод, карысная. Людзі набіраюць яе бутэлькамі і нават каністрамі... Таксама існуе павер’е, што калі тройчы перайсьці рэчку ля крыніцы, ад чалавека адчэпяцца ўсе хваробы. Дарэчы, вада ў крыніцы сцюдзёная – 6—8 градусаў круглы год. Сюды прынята прыязджаць для таго, каб памаліцца, выпіць і набраць вадзіцы, памыцца ў раўчуку, каб у цішыні і спакоі пабыць на гэтым святым месцы, каб часцінку святыні павезці ў сваёй душы, вычышчанай і прасветленай.

Пра паходжанне крыніцы існуе некалькі легенд. Адна з іх - пра Кацярыну, Сцяпана і Івана. Калісьці сваталіся да Кацярыны два хлопцы, Іван і Сцяпан. І паспрачаліся яны - хто ж Кацярыну замуж возьме? Выйшлі тады хлопцы на стромкі правы бераг Сожа, узялі па валуне і кінулі - чый далей паляціць, таму і дастанецца дзяўчына. Пабегла Кацярына паглядзець, чый валун куды паляцеў, і ўбачыла, што яе ўмілаваны Сцяпан апынуўся слабейшы за Івана. Стала дзяўчына на Іванаў валун і сказала: "Чым з нялюбым жыць, лепш буду вадой служыць". Падскочыла, ударылася аб валун, разбілася і разлілася люстранай роўняддзю крыніцы.
На жаль, папулярнасць крыніцы не заўсёды прыносіць ёй карысць. Так, нядаўна дайверы дасталі з дна возера шмат бутэлек і іншага посуду. Навукоўцы прапануюць уладам абмежаваць доступ да крыніцы, агарадзіўшы яе і адвёўшы вадавод за межы ахоўнай зоны, каб зберагчы унікальны помнік прыроды.

Дарэчы, каб даехаць да Блакітай крыніцы, трэба пераехаць праз маляўнічы Сож па пантонным мосце. І хоць зрабіць гэта на вялікім аўтобусе няпроста, але ж сам помнік прыроды, безумоўна, варты пераадоленых на шляху да яго кіламетраў. Як вартыя іх і многія іншыя цікавейшыя мясціны нашай Беларусі, якія мы абавязкова яшчэ наведаем. Далучайцеся і Вы!
Юрась Каласоўскі
Гл. таксама:Смаргонь-2009: успамін з Дня беларускага пісьменства (фота)Дарогамі вайны (фотарэпартаж)Канстанцін Сіманаў і Магілёў (фота)Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 2Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 5“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 3“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 2 “Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 1Па Варшаўскім шляху (фота)Магілёў-Беразіно-Мінск. ФотаБарысаў-2008: летапіс вандроўкі Магілёўскага ТБМ (фота)Талачын, Крупкі, Барысаў. Фотарэпартаж з вандроўкіМагілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкайАдзін дзень у Сярэднявеччы – старажытны Мсціслаў (фота)Фотарэпартаж з паездкі на ўсход МагілёўшчыныДастоева, Моталь, Моладава, Парэчча, Пінск. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)Скокі, Берасьце, Кобрынь, Закозель, Іванава. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)Высокае, Воўчын, Вістычы, Чарнаўчыцы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Заходняя Беларусь у люстэрку падарожжаўПадарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыяКосава, Ружаны, Пружаны, Камянец. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Па прасторах Берасцейшчыны Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Старажытны Мсціслаў запрашаеТурэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)Фотарэпартаж з Купальскага фэстуКупальскі фэст на ДруціВандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)