галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Магілёў ганарыцца сваёй гісторыяй?
Магілёў, дзякуючы намаганням гарадскіх уладаў і саміх магіляўчан значна перамяніўся за апошнія гады. Рэканструіруюцца старыя будынкі, рамантуюцца вуліцы ды тратуары, добраўпарадкаваюцца месцы адпачынку. Аднак нашаму цудоўнаму еўрапейскаму гораду і ягоным жыхарам відавочна не хапае… пачуцця гонару за сваю выдатную старадаўнюю гісторыю ды за знакамітых землякоў.

Шмат у каго адразу ж паўстане пытанне: як так? Бо «никто не забыт, ничто не забыто»?.. Каб не марнаваць час у спрэчках, давайце лепш проста прайдземся па нашым родным горадзе. Сапраўды, вуліцы ў нас чыстыя ды прыгожыя, і плітка на тратуарах своечасова перакладаецца, але як называюцца гэтыя вуліцы? Што іх імёны нясуць нам, жыхарам горада Магілёва XXI стагоддзя? Усе гэтыя назвы паступова, пакрысе ўвайшлі ў нашу паўсядзённасць, і мы ўжо не думаем пра вельмі важныя рэчы і не зважаем увагі на яскравыя недарэчнасці. Напрыклад, чаму назвы вуліц, плошчаў і праспектаў нашага горада ў значнай большасці адлюстроўваюць не галоўныя факты багацейшай гісторыі нашай Беларусі, не памяць аб вялікіх і мужных земляках, пра гераічную гісторыю нашага старажытнага горада? Замест гэтага на нашых вуліцах дагэтуль «жыве» сканаўшая ў Лету дзяржава – СССР. Вось дзе сапраўды – «Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советский Союз…». Ёсць у нас вуліцы імя Леніна, Маркса, Крупскай, Дзімітрава ды іншых класікаў марксізма-ленінізма; вуліцы імя «герояў» грамадзянскай вайны - Будзённага, Катоўскага, Шчорса ды іншых (а ці не задумваліся Вы, ці могуць быць героі ў братазабойскай вайне?); ёсць проста – Першамайская, між іншым, цэнтральная вуліца нашага горада. Дарэчы, зусім неабавязкова засяроджваць увагу на відавочна «саўковых» назвах. Ў Магілёве на дадзены момант прыкладна 850 вуліц ды завулкаў, і што толькі не сустрэнеш сярод іхных назваў! Асабіста для мяне самае незразумелае ў нашай тапаніміцы - гэта «лічбавыя» вуліцы ды завулкі (напрыклад,1-ы – 10-ы завулкі Ямніцкія, 1-ы – 6-ы завулкі Паўднёвыя ды іншыя). Ёсць нават – вуліца Безназоўная (пас. ст. Лупалава)… Што гэта? Недахоп фантазіі ў тых, хто гэтыя назвы ўводзіў і зацвярджаў? Больш верагодна - абыякавасць ў кампаніі з безадказнасцю. І менавіта ў першую чаргу – наша з вамі абыякавасць, шаноўнае спадарства.

Магілёў ганарыцца сваёй гісторыяй?
Спачатку Ветраная, затым Вялікая Садовая, а зараз -- вуліца Ленінская


Акрамя таго, вуліцы Магілёва носяць імёны прыкладна 200 чалавек, аднак магіляўчан, ці хаця б ураджэнцаў Магілёўшчыны сярод іх вельмі мала. Ёсць, праўда, праспект імя вучонага О.Ю.Шмідта, вуліцы-завулкі імя спевака С.І.Мігая, скульптара П.П.Яцына, мастака В.К.Бялыніцкага-Бірулі, пісьменніка І. Чыгрынава, кінарэжысёра В.Турава… У новым раёне «Спадарожнік» з'явіліся вуліцы імя нашых паэтаў А.Пысіна і А.Куляшова. Гэта, канешне, добра. Аднак для буйнога сучаснага горада Рэспублікі Беларусь гэтага відавочна мала! Бярэ цяжкая крыўда за родны край, за нашых выбітных землякоў – бо ў нас цудоўная і вельмі старажытная гісторыя, створаная цудоўнымі магіляўчанамі! А мы так лёгка на ўсё забываемся і назаўсёды выракаемся гэтай памяці пачуцця непадробнага гонару за нашу малую Радзіму. Сапраўдны нацыянальны патрыятызм, чыстая любоў да свайго народа, да сваёй краіны пачынаецца з любові да сваёй сям'і, дома, горада, вуліцы, на якой жывеш, а каб любіць, трэба ведаць, і зберагаць усё гэта. Будзьма сур'ёзна ганарыцца нашай Радзімай, магіляўчане, будзьма ведаць і памятаць НАШУ гісторыю! Навошта? Каб зберагчы гістарычную спадчыну, якая дасталася нам,кааб адпавядаць пачэснаму тытулу магіляўчан, у рэшце рэшт, каб нашы нашчадкі маглі ганарыцца намі!

Прасцей за ўсё ва ўмовах сучаснага горада захаваць гісторыю і прынесці яе ў паўсядзённасць кожнага з нас менавіта праз назвы вуліц. Бо людзі будуць пастаянна сутыкацца з імёнамі і назвамі, якія будуць распавядаць пра гісторыю горада.І, нават не задумваючыся на пачатку аб гісторыі, людзі атрымаюць шанец зберагчы і захаваць гістарычную памяць. А пры добрым асвятленні гісторыі ў СМІ, праз новыя гістарычныя даследванні навукоўцаў, прысвечаных фактам гісторыі Магілёва і біяграфіям людзей, у гонар каторых гэтыя вуліцы будуць названы, паступова складзецца сапраўднае пачуццё патрыятызму і пачуццё дачынення да гісторыі сваёй Радзімы.

Увогуле, гістарычна і, ў тым ліку, ў Магілёве, назвы шмат якіх вуліц былі звязаны, напрыклад, з асаблівасцямі рэльефу мясцовасці (Зарэчная, Курганская, Сцяпная, зав. Аўражны), развіццём рамёстваў (Абутковая, Ганчарная), накірункамі (Бабруйская, Віцебская, Віленская, Пашкаўская, Шклоўская), знешнім абліччам (Вялікая Садовая) і гэтак далей. У сувязі з гэтым паўстае прапанова адрадзіць добрую традыцыю гарадской тапанімікі і вярнуць шэрагу вуліц Магілёва іх гістарычныя назвы.


Якія, на Ваш погляд, самыя годныя нашы землякі, памяць пра якіх варта ўвасобіць у назвах вуліц ці плошчаў, альбо праз усталяванне манументу ці памятнай дошкі? Свае адказы дасылайце на адрас zdymki@gmail.com


Цікава, які погляд на гэтую справу мае паважанае спадарства? Бо перайменавалі ж чужую ўсім магіляўчанам вуліцу нейкага К. Лібкнехта на гістарычна верны і звыклы ўсім нам Пажарны завулак. Прэцэдзент ёсць… Далей справа за магілёўскай грамадскасцю! (Далей я збіраюся пазнаёміць Вас з нашымі славутымі землякамі і вядомымі людзьмі, якія пакінулі добры след у магілёўскай гісторыі. Усе яны заслугоўваюць быць навечна ўпісанымі ў назвы вуліц і плошчаў Магілёва, яны заслугоўваюць гонару застыць у манументах і памятных знаках). Бо мы, жыхары Беларусі і сучаснага Магілёва, павінны памятаць сваю мінуўшчыну і рабіць усё, што толькі мажліва дзеля справы дабрабыту роднага краю.

Яўген Балбераў, выпускнік Ліцэя №1


Сучасная назва

Вул. Будзёнага
Вул. Д. Беднага
Вул. Болдзіна
Віцебскі пр-т, пр-т Дзімітрава
Вул. Вароўскага
Вул. Герцэна
Вул. Вялікая Грамадзянская
Вул. Езерская
Вул. Завадская
Вул. Інтэрнацыянальная
Зав. Камісарыяцкі
Зав. Калініна
Вул. Крыленкі
Вул. Камсамольская
Вул. Курака
Камсамольскі сквер
Зав. Т. Карпінскай
Вул. Ленінская
Вул. Лазарэнкі
Вул. Леванеўскага
Пл. Леніна
Вул. Мянжынскага
Зав. Мігая
Вул. Мяснікова
Пр-т Міру
Вул. К. Маркса
Вул. Маякоўскага
Вул. Міронава
Пл. Арджанікідзэ
Вул. Першамайская
Вул. Пляханава
Вул. Піянэрская
Пр-т Пушкіна
Зав. Рылеева
Савецкая плошча
Зав. Садовы
Вул. Свярдлова
Вул. Ціміразеўская
Зав. Ульхноўскі
Вул. Чалюскінцаў
Зав. Чарнышэўскага
Зав. Боткіна
Гістарычная назва

Вул. Сувораўская, зав. Шклоўскі
Частка вул. Леккертаўскай
Зав. Семінарскі
Аршанская шаша
Вул. Салтанаўская
Вул. Рэзервная, зав. Агародны
Школішча, Вялікая і Малая Мяшчанскія
Вул. Жандармская, Трохсвяціцельская
вул. Папінская
вул. Папоўка
зав. Пішчыкаў, зав. Гарохаў
вул. Нова-Базарная (Лупалава)
зав. Кладбішчанскі
вул. Бульварная, вул. Дваранская
вул. Капітанаўская
Шклоўскі базар
Зав. Булычаў
вул. Ветраная, Вялікая Садовая
вул. Віленская
вул. Вялікае Завалле
пл. Сенная, Базарная
вул. Малое Завалле
Лютэранскі зав.
Вул. Мясніцкая
вул. Ледзькоўская
Вул. Зялёная
вул. Папоўка
вул. Афіцэрская
Касцерня
Вул. Вялікая Шклоўская, Дняпроўскі пр-т
вул. Барысаглебская
вул. Малая Садовая
вул. Нова-Чарнігаўская
зав. Жырны
Гандлёвая пл., Губернатарская пл., Думская пл.
Зав. Пушкарэвічаў
вул. Успенская
зав. Варанцоўскі
Роеў завулак
Быхаўская шаша
Зав. Шчамілаўка
Гваздоўка




ЧЫТАЙЦЕ НЕЎЗАБАВЕ НА НАШЫМ САЙЦЕ:

Героі старадаўняга Магілёва (ад легендаў да 19 ст.): Машэка, Міхаіл Стравінскі, Леў Сапега, Пора-Левановіч, кароль Ян Казімір, Спірыдон Собаль, Фёдар Грышановіч, Максім і Васіль Вашчанкі, Хвёдар Ангілейка, Трафім Сурта, Ян (Андрэй) Белабоцкі, Фама Яўлевіч, Ігнацій Яўлевіч, Пётра Яўсеевіч, Юры Трубніцкі, Георгі Каніскі, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч…

Магілёў Губернскі (19 ст.): К.І. Грум-Гржымайла, Ф.Ф. Орля-Ашмянец, Міхаіл Урончанка, Людвік Звязждоўскі, Г. Ісаеў, С.Кавалік, Н. Судзілоўскі, І. Грынявіцкі, Адам Кіркор, Е.Р. Раманаў, А.С. Дзембавецкі, Мікалай Гартынскі…

Магілёў, 20 ст.: такая блізкая і такая незнаёмая гісторыя: імператар Мікалай II, Міхаіл Кахановіч, арцыбіскуп Паўлін, Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Міхась Зарэцкі, Юрка Лявонны, Цішка Гартны, Я. Снядэцкі, В.М. Нядвецкі, Л.К. Нагумовіч, С.Я.Лур’е, М.Ф.Фурсаў, Фларыян Міладоўскі, Мікалай Чуркін, В.І.Ермаловіч, В.Ф.Капыцін, І.І.Філіпповіч, Л.Мандэльштам, К.Н. Геда…

15:30 26.07.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы