галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Конкурс для рэгіянальных журналістаў
УВАГА — КОНКУРС!

“Польшча 89’ — Беларусь 91’ — нераўназначныя змены”.

Чакаем цікавыя рэпартажы, фотарэпартажы, эсэ, артыкулы, аналітыку. Нас цікавяць усе падзеі, якія, на Вашую думку, паўплывалі на мінулыя 20 гадоў, чакаем Вашага ўспрымання Беларусі, Польшчы і ўзаемных дачыненняў (палітычных, сацыяльных, культурных). Перш за ўсё чакаем Вашых меркаванняў!

Умовы ўдзелу:

У перыяд да 10 VIII 2009 г. уключна даслаць працы на электронны адрас: konkurs@csm.org.pl

Праца павінна таксама з’явіцца на старонках рэгіянальнай прэсы ў Беларусі (выданне можа быць папяровым ці інтэрнэт-выданнем).

Аб’ём: 8000 — 10000 знакаў (з прабеламі).

Праца павінна быць напісана па-беларуску ці па-руску.

УЗНАГАРОДЫ:

- Аўтары 20 працаў атрымаюць аўтарскі ганарар;

- 10 аўтараў найлепшых працаў акрамя ганарару атрымаюць запрашэнне да ўдзелу ў тыднёвым навучальным візіце ў Польшчу.



"Вось мы тут з Беларусі самыя дрэнныя і бедныя. Не! Можна паказаць Беларусь, як вельмі добрую і цікавую краіну"

Цэнтр міжнародных зносінаў і партал Belarus-Live.eu абвесцілі конкурс найлепшых артыкулаў, эсэ, рэпартажаў з Беларусі на тэму “Польшча 89’ — Беларусь 91’ — не паралельныя змены”. Еўрарадыё задало пытанні Войцеху Бародзічу, аналітыку, аднаму з арганізатараў конкурса.


Для каго гэты конкурс?

Праект разлічаны на ўсіх журналістаў: і маладых, і старэйшых. Нас цікавіць толькі іх тэкст. Мы хочам, каб тут удзельнічалі не толькі журналісты з няўрадавых СМІ, але і з дзяржаўных. Проста трэба напісаць артыкул і пачакаць адказ ад камісіі. Важна дадаць, што праект падтрыманы Міністэрствам замежных спраў Польшчы.


Па ўмовах конкурса галоўнае, каб артыкул быў надрукаваны ў нейкай газеце, ці інтэрнэт-старонцы. А пра што журналіст мусіць напісаць?

Журналіст-удзельнік конкурса павінен напісаць пра тое, што ён думае пра падзеі апошніх 20 гадоў. Гэта можа быць параўнанне таго, што адбылося ў Польшчы і ў Беларусі. Але гэта можа быць ягонае бачанне таго, што адбывалася за апошнія 20 год. Якія змены былі ў Беларусі, якія ў Польшчы. Натуральна, тут не трэба распісваць гісторыю Польшчы.


Якога фармату мусіць быць матэрыял?

Гэта можа быць артыкул, фотарэпартаж, прэзентацыя. Усё, што можна раздрукаваць. Не уключаем сюды радыйных і тэлевізійных праграм. Усё, што можна раздрукаваць на паперы.


Гэты конкурс разлічаны перш за ўсё на рэгіянальных журналістаў. Чаму менавіта так?

Мы хочам запытацца ў беларусаў, як яны ацэньваюць гэтыя часы не толькі на ўзроўні вялікай палітыкі, але на нізкім узроўні, узроўні рэгіёнаў. Нас цікавіць гэта не толькі ў палітычным сэнсе, але ў грамадскім і сацыяльным сэнсе. Як змяніліся адносіны паміж людзьмі. Як пралягаюць адносіны паміж людзьмі і ўладай на мясцовым узроўні. Як цяпер будуюцца адносіны паміж моладдзю.


Якія ўмовы конкурсу, як будуць вызначацца пераможцы?

З усіх артыкулаў мы выбіраем 20. Кожны з аўтараў атрымае ганарар. З іх мы выбіраем 10 лепшых, якія прыедуць у Варшаву. Выбіраць будзе камісія ў складзе прадстаўнікоў цэнтра міжнародных адносінаў, МЗС, вядомых польскіх журналістаў.

За тыдзень, які яны будуць у Польшчы, мы хочам пазнаёміць іх з польскай замежнай палітыкай, зменамі, якія ў нас адбыліся за 20 год, пазнаёміць з польскімі журналістамі, каб мелі кантакты на будучае. Таксама будуць сустрэчы ў канцылярыі прэзідэнта і прэм'ера.

Пасля паездкі трэба будзе падрыхтаваць яшчэ 2 артыкулы, свае ўражанні. Таксама за іх будуць ганарары.


Якія мэты гэтага конкурсу, акрамя таго, каб даць беларускім журналістам магчымасць наведаць Польшчу?

Калі б не было 1989-га года ў Польшчы, тады ў 1990-м не разбурыўся б Берлінскі мур і не разваліўся б Савецкі Саюз ў 1991-м. А без гэтага таксама не было б незалежнай Беларусі.

Мы хочам паказаць Беларусі, што 1989 год у Польшчы таксама уплываў на Беларусь. Хочам рэкламаваць змены ў Польшчы. І паказаць, што без іх не было б больш ніякіх іншых зменаў.


Чаму ён праводзіцца менавіта зараз?

Конкурс арганізаваны таму што ў Польшчы вельмі шмат мерапрыемстваў, якія праводзяцца з нагоды 20-годдзя першых дэмакратычных выбараў. Якраз 4-га чэрвеня было 20 гадоў дэмакратычнай Польшчы.

За апошнія 20 год у Беларусі адбылося менш пазітыўных зменаў чым у Польшчы. Што тут можна параўнаць, якія атрымаюцца вынікі?

Мы не хочам, каб вынікамі конкурса было тое, што ў Польшчы ўсё добра, а ў Беларусі не. У Польшчы таксама не ўсё добра ідзе. Ёсць розныя моманты, розныя палітычныя, рэгіянальныя і сацыяльныя аспекты, усё гэта ўплывае.

Нельга сказаць, што ў Польшчы дэмакратыя, а ў Беларусі не. Гэта ўсё працэс. У Польшчы таксама стопрацэнтнай дэмакратыі няма.

У Беларусі з гэтым не так добра, як ў Заходняй Еўропе, але гэтыя змены павольна ідуць, хаця і маленькімі крокамі.

Але мы не хочам гэта ацэньваць на палітычным узроўні. Нас цікавіць рэгіянальны узровень.

Можна паказаць Беларусь, як вельмі добрую і цікавую гістарычную краіну. Якая мае шмат што распавесці і паказаць іншым краінам.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

21:50 27.06.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы