галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

85 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава
85 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава19 чэрвеня – 85 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, выдатнейшага беларускага пісьменьніка і грамадскага дзеяча, які стаяў ля вытокаў пакуль апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня. У дзень 85-ых угодкаў Васіля Быкава прапануем вашай увазе ўспаміны сяброў Васіля Ўладзімеравіча.

Р. Барадулін: “Там, дзе Быкаў – там Беларусь”


Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін быў бліжэйшым сябрам Васіля Быкава: “Быкаў для мяне быў, ёсьць і застаецца і братам, і бацькам, і старэйшым таварышам. Быкаў для мяне – ўсё. Таму што як ня стала Быкава, я застаўся адзін. А Быкаў для Беларусі – гэта прарок, апостал нацыі. Па Быкаву ведаюць Беларусь ва ўсім сьвеце. У літаратурным сьвеце, грамадзкім сьвеце. Я думаю, яшчэ будзе адзначацца і стагодзьдзе Быкава, і двухсотгодзьдзе, таму што там, дзе Быкаў – там Беларусь.

Васіль Быкаў – гэта сымбаль Беларусі. Асоба, якая ўвабрала ў сябе ўвесь сьвет, а сьвет ведае Беларусь па творчасьці Васіля Быкава.
Ён перакладзены на шматлікія мовы, па ягоных творах пастаўленыя п’есы, зьнятыя фільмы. Яго ведаюць і літаратары, і дзяржаўныя дзеячы.

У Вушацкі музэй у 1990-х гадах прыехала афрыканская дэлегацыя. Ім расказвалі пра партызаншчыну, пра будаўніцтва сьветлай будучыні, аднак госьці драмалі. Нібыта ў сьпёку. Аднак калі пачулі слова “Быкаў”, умомант ажывіліся. І дырэктар музэя сказаў тады: даляр паўсюль даляр, а Васіль Быкаў і ў Афрыцы Быкаў…

Ён пасланы да нас Богам. Гэта апостал нацыі.

Падчас самага страшнага выпрабаваньня для чалавека – вайны – выявілася, што Бог бярог яго. Вы ж ведаеце, што на Ўкраіне, Кіраваградчыне, на помніку выбіта імя Васіля Быкава як загіблага. Менш ведаюць пра другі выпадак, пра які сам ён расказваў. Сьмершавец трос пісталетам перад маладзенькім лейтэнанцікам Васілём: “Я цябе расстраляю!” Аднак празь дзьве гадзіны сьмершаўцу адарвала абедзьве рукі… Гэта была боская кара за замах на прарока нацыі.

Васіль Быкаў увабраў у сябе сьвет. І сьвет можа сябе бачыць у быкаўскіх творах, як у люстэрку.

Роўных яму у нас пакуль няма. Быкаў як пісьменьнік варты лічыцца майстрам сусьветнага маштабу. Безь яго не ўяўляюцца ні Беларусь, ні беларуская літаратура.

Калі часьцяком чую пытаньне: “Як нам вярнуцца ў Эўропу?”, мне становіцца сьмешна. Тут тое самае, як стаяць у рацэ і гаварыць: “Як увайсьці ў раку?”

Мы – эўрапейцы. Эўрапейскасьць нашую яшчэ раз падкрэсьліў, яшчэ раз зацьвердзіў Васіль Быкаў. Сваімі творчасьцю і сьветапоглядам. Няма больш у нас такога літаратара, паўтаруся, па якім бы сьвет так добра ведаў Беларусь.

Я думаю, дасьледчыкам і перакладчыкам яшчэ запатрабуецца прыкласьці шмат высілкаў, каб пашырыць прысутнасьць Быкава ў сьвеце. Бо хоць ён і перакладаўся, аднак малавата.

19 чэрвеня, як вядома, дзень ягонага нараджэньня. Гадамі я пісаў Васілю на гэтае сьвята і паштоўкі, і вершы. Гэтая гадавіна ня стала выключэньнем: я зноў напісаў паштоўку Быкаву. Бо ён па-ранейшаму жывы для мяне. Як жывы ён і для ўсіх тых, хто любіць Беларусь і беларускае слова.

Слова пакідае зорны сьлед,
Бо яго сьвятарыць
Бог паклікаў.
Сёньня ведае вяльможны сьвет:
Беларусь дзяржавіць
Там, дзе Быкаў.

З. Пазьняк: “Веліч Быкава адбілася ў гістарычным выбары”

85 гадоў з дня нараджэньня Васіля БыкаваНа здымку: Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, Менск. 1993 г.

Заснавальнік БНФ Зянон Пазьняк: “Як толькі падумаю пра Быкава -- пачынаецца шчымленьне душы. Гэта таму, што хацелася б, каб Быкаў быў пастаянна. У ім вымоўнае супадзеньне вялікага пісьменьніка, вялікай асобы і народнага лёсу цэлага пакаленьня. Прачытаўшы "Доўгую дарогу дадому", дзе Быкаў апісвае беднае, галоднае сваё дзяцінства пад бальшавіцкай акупацыяй, потым вайну, якую ён прайшоў разам з фронтам "ад званка да званка" , цяжкія пасьляваенныя гады, - стала зразумела, што ён ўвабраў усё гэта ў сваёй душы. Але змрочная рэчаіснасьць не зламала, не агрубіла яго, бо меў ён прыроджаныя якасьці інтэлігентнай натуры і здаровага сэнсу. Гэта – тое, што ў цяжкіх варунках даецца чалавеку як дар Духа Сьвятога. У гэтым ёсьць і прырода яго таленту, і прырода мудрасьці. Аснова, урэшце, яго літаратурнага экзыстэнцыялізму.

Веліч яго як пісьменьніка адлюстраваная ў яго творах, вобразах, ідэях, карцінах народнай рэчаіснасьці і лёсах народнага жыцьця. Гэта пісьменьнік народны і беларускі.

Веліч яго асобы адбілася ў яго гістарычным выбары.

Калі вырашаўся лёс нацыі і будучыні Беларусі, ён, ужо немалады, стаў у шэрагі змагароў Народнага Фронту. Стаў сьмела, без папроку і сумневу, і разам з усімі адчуў радасьць найвялікшай падзеі стагодзьдзя – здабыцьцё і вяртаньне дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Яго бескампрамісная народная адраджэнская пазыцыя прыцягвала да яго добрых людзей. І адначасна яна дэмаскавала фальшывасьць шмат якіх афіцыйных асобаў, што займаліся словаблудзтвам і няшчыра сьпявалі яму хвалу. Гістарычны выбар Быкава скрышталізаваў, ачысьціў адносіны да яго творчасьці. Усё сьветлае – пайшло з Быкавым. Уся дрэнь – адпала, засталася сама з сабой.
У вольнай, сьветлай Беларусі будуць стаяць помнікі вялікаму пісьменьніку, будуць плошчы і вуліцы, названыя яго імем, будуць бібліятэкі яго імя, і памяць пра яго будзе вечнай”.

І. Сурвіла: “Браць прыклад з мужнасьці Быкава”


85 гадоў з дня нараджэньня Васіля БыкаваНа здымку: Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў. Прага, сакавік 2003 г.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: “За гэтыя шэсьць гадоў вельмі часта ўспамінала Васіля Быкава. Старалася браць прыклад зь яго спакойнае мужнасьці. Быкаў пакінуў нам вялізарную спадчыну. І ня толькі літаратурную. Слухаючы ізноў ягоныя ўспаміны на Свабодзе, чытаючы яго выказваньні, перад вачыма бачу чалавека, які мяне так моцна ўразіў у Празе. Для мяне ён увасабляе тую Беларусь, пра якую мне зь маленства расказвалі мае бацькі, і якою дасюль жыву -- Беларусь сумленную, добразычлівую, разважную, таленавітую. Хацелася б, каб кожны беларус задумаўся над каштоўнасьцямі, якія ўвасабляў Быкаў, каб узяў яго за прыклад. Мо тады хутчэй дасягнем нашае мэты -- жыць у прыстойнай краіне”.

Стэфан Эрыксан: “Ад Быкава я ўпершыню пачуў слова: “лінгвацыд” – забойства мовы. Яго вельмі хвалявала менавіта сытуацыя з мовай на радзіме”

Прызначаны кіраўніком амбасады Каралеўства Швэцыя ў Беларусі Стэфан Эрыксан пазнаёміўся з Васілём Быкавым на знакамітым кніжным кірмашы ў Гётэборгу. Тады будучы амбасадар яшчэ ня думаў ні пра сваё прызначэньне на радзіму гэтага пісьменьніка, ні пра тое, што будзе перакладаць на швэдзкую мову яго творы.

“Я ведаў пра гэтага пісьменьніка, што ён пісаў у асноўным пра вайну, пісаў праўдзіва. Я больш пазнаёміўся зь ім, калі ён апынуўся ў Швэцыі. Ён прымаў удзел у нашым кніжным кірмашы ў Гётэборгу. Я чытаў некалькі інтэрвію зь ім, вельмі цікавыя. Ён вельмі перажываў тады пра сытуацыю на радзіме. Ён ужываў такое слова, я ўпершыню тады яго пачуў, – лінгвацыд, гэта значыць забойства мовы. Яго вельмі хвалявала менавіта сытуацыя зь беларускаю мовай на радзіме.

Калі я прыехаў працаваць у Беларусь у верасьні 2005 году, дык адразу мне ў рукі патрапіў фільм “Вяртаньне” пра пахаваньне Быкава, і гэты фільм мяне моцна крануў. І трохі пазьней, калі мы сталі разьвіваць нашы літаратурныя кантакты, мы заплянавалі ў Швэцыі на Готляндзе сэмінар для перакладчыкаў, каб заахвоціць швэдзкіх перакладчыкаў да перакладу беларускай літаратуры. Быкава да таго перакладалі на швэдзкую мову адзін раз, гэта быў раман “Кар’ер”, але не зь беларускай, а з расейскай мовы. І тады я вырашыў перакласьці апавяданьне Быкава “Сьцяна”.

Гэты пераклад Стэфана Эрыксана ўжо надрукаваны ў Швэцыі і выклікаў вялікую цікавасьць.

Паводле матэрыялаў svaboda.org

17:20 19.06.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы