галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Беларуская экзотыка на палотнах мастакоў
У Магілёўскiм мастацкiм музеi iмя Паўла Масленнiкава адкрылася вынiковая выстава ХІV Мiжнароднага пленэру "Вобраз Радзiмы ў выяўленчым мастацтве".

Беларуская экзотыка на палотнах мастакоўВыстаўлена 90 работ: па тры карцiны ад кожнага мастака, дзве з iх падараваны ў калекцыю i адну купiў музей. Сёлета вобраз Беларусi малявалi прадстаўнiкi 9 краiн — Польшчы, Iзраiля, Арменii, Чарнагорыi, Сербii i iншых. Яны 20 дзён працавалi ў Бабруйскiм, Кiраўскiм i Асiповiцкiм раёнах.

— Мы пашырылi мастацкiя межы пленэру, — расказала намеснiк дырэктара музея Святлана Строгiна. — Разам з традыцыйнымi пейзажамi з'явiлася, напрыклад, канцэптуальнае мастацтва, якое цяпер вельмi папулярнае ў Еўропе.

Карцiны Мячыслава Скалiмоўскага — сапраўды як свежы вецер на выставе. Польскi мастак прыехаў з Бяла-Падляскi. Ён — прафесар жывапiсу, кiраўнiк мастацкай галерэi. Незвычайная манера, яркiя фарбы, сваё бачанне свету, незашораны погляд на жыццё.

З карцiны глядзiць сiнi страус з чырвонай дзюбай, i пытанне: "Хто гэта?" На звычайным тратуары мастак убачыў рознакаляровыя каменьчыкi, i яны склалiся ў незвычайна прыгожую кампазiцыю на палатне.

А вось раённы цэнтр Кiраўск: шмат роўных дрэў, ярка-зялёная майская трава i ўдалечынi — помнiк.

— Гэта Кiраў, якi стаiць на цэнтральнай плошчы горада, — тлумачыць пан Мячыслаў. — Жыццё навокал iдзе, а ён стаiць — штодня i шмат гадоў. Напэўна, яму сумна. Што ён думае пра нас? Увогуле я хадзiў па гэтым горадзе i бачыў, што гэта нешта зусiм iншае, непадобнае на нас. Вялiзныя надпiсы на схiлах пра Беларусь, пафарбаваныя камянi з заклiкамi берагчы прыроду. Экзотыка!

Польскага мастака моцна ўразiў парк у цэнтры Кiраўска, дзе ўсе ствалы дрэў вельмi роўненька пабеленыя. Ён вырашыў, што гэта эстэтычная патрэба тутэйшых людзей.

— Гэта зусiм не кiч: у сваiх карцiнах я паспрабаваў выказаць натуральную, народную, простую эстэтыку жыцця беларусаў, — пракаментаваў Скалiмоўскi. — А людзi тут такiя ж, як i мы: шчырыя i адкрытыя.

Кожны з наведвальнiкаў выставы меў свае сiмпатыi. Многiя аддавалi перавагу традыцыйным вясковым пейзажам. Публiка актыўна абмяркоўвала партрэты акцёраў Магiлёўскага драматычнага тэатра, зробленыя ў поўны рост у сцэнiчных строях. Многiм спадабалiся работы мастака з Чарнагорыi Драгалюба Браёвiча: чыстыя фарбы i наiўная манера ствараюць светлае прыемнае ўражанне.

Юных мастачак з Магiлёўскага каледжа культуры зацiкавiў незвычайны каларыт неба ў карцiнах касцюковiцкага мастака Аляксандра Захаранкi.

Маладыя людзi вельмi прасунутага выгляду актыўна цiкавiлiся творамi мiнскага мастака Вiктара Альшэўскага. Сам ён, дарэчы, ураджэнец Магiлёўшчыны. Малая радзiма мастака — вёска ў Бялынiцкiм раёне, i гэта непадалёк ад мясцiнаў, звязаных з iмем Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi. Iх Альшэўскi i адлюстраваў у арыгiнальнай манеры на сваiх палотнах.

— Я намаляваў дарогу да Крынак i мелодыю цiшынi на пагорку, дзе калiсьцi стаяў дом вядомага мастака, — паказваў Вiктар Уладзiмiравiч. — А гэта рака Друць набiрае моц, бо Бялынiцкi-Бiруля — гэта вялiкая духоўная з'ява. I ўсе мiлыя вобразы малой радзiмы я аздобiў жэмчугам. Таму што зямля Магiлёўская — гэта сапраўдная жамчужына.

Сам Альшэўскi адзначыў на выставе працы сербскай мастачкi, жонкi пасла Сербii ў Беларусi Веры Джукiч. Многiм прыйшоўся даспадобы яе нацюрморт.

— Гэта шчыры твор, дзе жаданне дае больш жывы iмпульс, чым некаторыя вялiзныя прафесiйныя палотны, — лiчыць беларускi мастак.

У калекцыi Магiлёўскага мастацкага музея сёння каля тысячы карцiн, якiя напiсаны ўдзельнiкамi мiжнароднага пленэру за ўсе гады.

— Я ўбачыў на выставе ўзоры вялiкага мастацтва, — сказаў на новай выставе намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама i старшыня арганiзацыйнага камiтэта Валерый Малашка. — Розныя мастакi i краiны, разнастайныя тэхнiкi i настроi. Але ўсё зроблена з любоўю да нашай краiны i беларускай зямлi.

"Звязда"

18:05 2.06.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы