галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Нарэшце да агульнаеўрапейскай акцыі наведвання музеяў у начны час далучыўся і Магілёў. 16 траўня свае дзверы расчынілі для наведвальнікаў этнаграфічны і краязнаўчы імя Е. Раманава. Праўда, на ўсю ноч духу пакуль не хапіла, працавалі музеі толькі з 18.00 да 23.00, але магілёўцы і гэтаму былі бязмерна радыя, хаця ў Еўропе ў такую ноч уваход у музеі бясплатны.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Не засталася ўбаку і гарадская суполка Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Гарачыя аматары паездак і экскурсій на чале з кіраўніком Алегам Дзьячковым прынялі ўдзел у акцыі ў якасці наведвальнікаў, утварыўшы асобную групу. Нягледзячы на тое, што з экспазіцыямі "родных" музеяў "скарынаўцы" ў асноўным добра знаёмыя і з'яўляюцца іх прыхільнікамі, падрыхтаваная арганізатарамі праграма прынесла асвяжальную рыску, зрабіўшы прагляд яшчэ больш займальным і запамінальным.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Так, стала дзейсная выстава "Магілёў губернскі" ажыла: гістарычныя персанажы гэтага адрэзка гісторыі горада шпацыравалі па залах, жывая фартэпіянная музыка дапоўніла адчуванні эпохі. І нешта незвычайнае адбывалася з экспанатамі: у гэтую ноч яны перасталі быць нямымі сведкамі, а яркім водбліскам свечак, адлюстраваннем ценяў, адмысловым пераліваннем фарбаў "казалі", што таксама рады сустрэчы. Закаханы ў сваю справу экскурсавод распавядаў так, што не зацікавіцца пачутым было немагчыма. Хацелася блукаць і блукаць па залах, атрымліваючы асалоду ад музейнага асяроддзя і музыкі.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Этнаграфічная экспазіцыя папоўнілася народнымі майстрамі, у якіх можна было тут жа набыць сувенір або знакамітую беларускую цацку-свістульку, і меладычным спевам ансамбля дзяўчын у суправаджэнні народных інструментаў. Асабліва прыемна адзначыць, што распавядаў экскурсавод пра беларускія святы з дэманстрацыяй экспанатаў, якія можна было кранаць і нават апрабаваць у дзеянні, на роднай мове. Незвычайны прагляд экспазіцыі прадугледжваў удзел гледачоў, на што апошнія ахвотна адгукаліся. Самыя актыўныя ўзнагароджваліся сувенірамі, значкамі, буклетамі.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Да краязнаўчага музея "скарынаўцы" накіраваліся ўжо некалькі парадзелай групай. Не вытрымалі марафона ў асноўным, дзеці, хоць справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што нават самых малых бацькі "цягнулі" да транспартнага прыпынку сілай.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Гасцей краязнаўчы сустракаў інструментальнай музыкай і… двухгаловым цялём, якога адмыслова дасталі з такой нагоды з запаснікаў. Пасля выдатнай экскурсіі па археалагічным аддзеле самым адважным прапанавалі спусціцца ў сутарэнні музея, дзе можна было агледзець імітацыю курганнага пахавання.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


На жаль, толькі 30 хвілін заставалася да кантрольнага званка, г. зн. да закрыцця музея, калі група паднялася на другі паверх. А самага знакамітага экскурсавода горада Тарасаву можна было слухаць гадзінамі, не адчуваючы ныцця ног і стомленасці вачэй. Паўгадзіны праляцелі як адно імгненне.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


Разыходзячыся, ТБМаўцы дзяліліся ўражаннямі і суцяшалі сябе надзеяй, што ўжо ў наступным годзе "ноч музеяў" у Магілёве будзе паўнавартаснай, г. зн. да першых прамянёў узыходзячага сонца.

Ноч музеяў у Магілёве (фота)
Ноч музеяў. Магілёў, 16 траўня 2009 г.


18 траўня ў рамках імпрэзы Міжнароднага дня музеяў на праграму, прысвечаную майстрам жывапісу і скульптуры Магілёўшчыны, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, запрасіў абласны мастацкі музей імя П. Масленікава. Уваход для наведвальнікаў быў бясплатным.


Гл. таксама:


16 і 18 траўня – Ноч музеяў упершыню ў Магілёве (фота)

22:55 30.05.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы