За дзесяць дзён да завяршэння рэгiстрацыi абiтурыентаў для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi пунктамi рэгiстрацыi было аформлена i выдадзена крыху больш як 330 тысяч пропускаў на ўсе прадметы. У пункты рэгiстрацыi прыйшлi ўжо каля 121 тысячы чалавек. Для ўдзелу ў ЦТ па матэматыцы зарэгiстравалiся каля 80,5 тысячы чалавек, на ЦТ па рускай мове — 75 тысяч чалавек, на беларускую мову — 46 тысяч, фiзiку — 34 тысячы абiтурыентаў.
Самыя нешматлiкiя па колькасцi ўдзельнiкаў дысцыплiны тэсцiравання — iспанская, французская мовы, геаграфiя i сусветная гiсторыя найноўшага часу. Так, на тэст-экзамен па геаграфii было аформлена i выдадзена 1686 пропускаў i 1585 пропускаў — на сусветную гiсторыю.
— Шчыра кажучы, мы рыхтавалiся сёлета да больш iнтэнсiўных тэмпаў рэгiстрацыi, — прызнаўся ў гутарцы з журналiстам "Звязды" дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў, — асаблiва з улiкам большай колькасцi выпускнiкоў 11-х класаў. Летась, дарэчы, удзельнiкамi цэнтралiзаванага тэсцiравання сталi 176 тысяч чалавек. А з 90 тысяч выпускнiкоў агульнаадукацыйнай школы 80 тысяч праходзiлi цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Таму нам застаецца спадзявацца, што абiтурыенты не будуць "штурмаваць" пункты рэгiстрацыi ў апошнiя днi. Хоць у найблiжэйшыя суботу i нядзелю (30 i 31 мая) пункты рэгiстрацыi таксама будуць працаваць. Апошнi дзень рэгiстрацыi, нагадаю, 1 чэрвеня. А 2 чэрвеня мы ўжо не будзем прымаць дакументы ў тых, хто па нейкай прычыне спазнiўся.
Пакуль што трывожных сiгналаў аб праблемах з дэфiцытам месцаў з рэгiянальных цэнтраў тэсцiравання ў Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў не паступала. Дарэчы, на сайце iнстытута абiтурыента могуць знайсцi аператыўную iнфармацыю аб наяўнасцi свабодных пасадачных месцаў ва ўсiх пунктах тэсцiравання: i ў сталiцы, i ў рэгiёнах. А ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце iнфарматыкi i радыёэлектронiкi цяпер апрабоўваецца аўтаматызаваная iнфармацыйная сiстэма агульнарэспублiканскага банка звестак удзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання, дзякуючы якой стала магчымай электронная рэгiстрацыя. У перспектыве гэта сiстэма дазволiць рэалiзаваць прынцып "аднаго акна", гэта значыць, што абiтурыент зможа зарэгiстравацца ў любым пункце рэгiстрацыi краiны, а праходзiць цэнтралiзаваны тэст-экзамен там, дзе яму гэта будзе больш зручна. Напрыклад, наведаць пункт рэгiстрацыi ён зможа падчас паездкi ў Мiнск, а праходзiць цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў Брэсце цi Гродне. Цi ўсё наадварот, зарэгiстравацца ў Брэсце цi Гродне, а праходзiць ЦТ у Мiнску.

Мiкалай Фяськоў нагадаў, што пры рэгiстрацыi на цэнтралiзаванае тэсцiраванне абiтурыент павiнен мець з сабой дакумент аб унясеннi платы за прыём i афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ i дакумент, якi сведчыць яго асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца цi афiцыйную даведку , якая выдаецца органамi ўнутраных спраў у выпадку страты цi крадзяжу дакумента, якi сведчыць асобу). Нiякiя iншыя дакументы для рэгiстрацыi не падыходзяць, як не бяруцца пад увагу i тлумачэннi, накшталт "здаў пашпарт у пасольства для адкрыцця вiзы". Абiтурыенты, якiя маюць права на вызваленне ад платы за прыём i афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, павiнны дакументальна пацвердзiць сваё права на льготу: гэта можа быць пасведчанне iнвалiда, выпiска з медыцынскiх дакументаў, даведка аб месцы жыхарства i складзе сям'i (калi ў сям'i выхоўваюцца трое i больш дзяцей), дакументы, якiя пацвярджаюць наяўнасць статусу ў дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без бацькоўскай апекi, пасведчанне аб праве на льготы асобаў з сем'яў вайскоўцаў, работнiкаў органаў МУС i г.д., якiя загiнулi цi сталi iнвалiдамi пры выкананнi воiнскiх i службовых абавязкаў.
Да заканчэння тэрмiну рэгiстрацыi абiтурыенты маюць права абмяняць свой пропуск на пропуск па iншай вучэбнай дысцыплiне. Трэба мець на ўвазе, што пропуск лiчыцца зарэгiстраваным, калi на iм маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення тэсцiравання, подпiс упаўнаважанага прадстаўнiка пункта рэгiстрацыi i рэгiстрацыйны нумар. Так што трэба быць уважлiвымi...
Мiкалай Фяськоў падзялiўся з журналiстам "Звязды" таксама вынiкамi трэцяга раўнду рэпетыцыйнага тэсцiравання, якое пабiла ўсе ранейшыя рэкорды — колькасць так званых чалавека-тэстаў перавысiла на iм 149 тысяч. Для параўнання: на першым этапе рэпетыцыйнага тэсцiравання, якое праходзiла восенню мiнулага года, было праверана каля 55 тысяч чалавека-тэстаў, а на другiм этапе, што праходзiў ў лютым-сакавiку, — больш як 95 тысяч.
— Трэба прызнаць, што падобная дынамiка назiраецца кожны год, i трэцi этап заўсёды самы шматлюдны, бо ён максiмальна наблiжаны да цэнтралiзаванага тэсцiравання, да таго ж i школьная праграма ўжо пройдзена да канца, аднак такая вялiкая колькасць ахвотных усё адно стала для нас сюрпрызам. І для таго, каб своечасова апрацаваць вынiкi репетыцыйнага тэсцiравання мы нават былi вымушаны дадаткова прыцягваць аператараў i працаваць без выхадных дзён, — расказаў Мiкалай Фяськоў. — Практыка папярэднiх гадоў i сёлетняя сведчаць пра тое, што сярэднi бал рэпетыцыйнага тэсцiравання павялiчваецца ад першага да трэцяга этапа. Значыць, спробы абiтурыентаў прадыягнаставаць свае веды прыносяць рэальную карысць. Праўда, па прычыне псiхалагiчнай свабоды, а таксама выкарыстання забароненых крынiц iнфармацыi (асаблiва калi "рэпетыцыя" праходзiць у сценах школы), вынiкi рэпетыцыйнага тэсцiравання могуць аказацца ў некаторых абiтурыентаў вышэйшыя, чым на ЦТ. Таму не варта гэтаму здзiўляцца. Магчыма, камусьцi наступная iнфармацыi прыдасць аптымiзму — ва ўдзельнiкаў рэпетыцыйнага тэсцiравання былi i стабальныя вынiкi, а гэта значыць, што з тэстамi справiцца можна. Трэба толькi прыкласцi намаганнi i адпаведным чынам настроiцца на экзамен.
"Звязда"