галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Жыццё як подзвіг: ліквідатары (фота)
Яны – тыя, хто ўратаваў перад абліччам тэхнагеннай катастрофы мільёны жыццяў, не шкадуючы ўласнага; тыя, хто даў чалавецтву магчымасць пераасэнсаваць уласны шлях і выправіць зробленыя памылкі… Сёння людзей, якія ў 1986 спынілі жудасны шлях радыяцыі, называюць адным словам - ліквідатары.

У сераду, 29 сакавіка, у памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса адбылася сутрэча з ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС палкоўнікамі запасу Уладзімірам Аляксандравічам Даньковым і Баляславам Баляслававічам Протасам. Арганізатарам вечарыны, якую наведалі каля 20 магілёўцаў, разам з ЦГБ імя К. Маркса стала і Магілёўскае ТБМ.

Жыццё як подзвіг: ліквідатары (фота)
Ліквідатары - Данькоў У. А. і Протас Б. Б. Фота mahilou.org

Перад пачаткам гутаркі прысутным прадэманстравалі фільм, прысвечаны аварыі на ЧАЭС. І хаця ні Уладзімір Аляксандравіч, ні Баляслаў Баляслававіч не ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы непасрэдна на АЭС, іх расповяд пра барацьбу з радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі быў не менш кранальным і хвалюючым.

У 1986-м У. А. Данькоў, тады начальнік аддзелу сувязі УУС г. Магілёва, прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. А вось Б. Б. Протас, які ў той час быў супрацоўнікам Магілёўскага абласнога МНС, стрымліваў распаўсюджванне радыяцыі на Магілёўшчыне.

Жыццё як подзвіг: ліквідатары (фота)
Тэматычная выстава. Фота mahilou.org

Выселеныя і пахаваныя вёскі, пакінутая чалавекам зямля, ажыццяўленне мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне наступстваў катастрофы – словы гэтых людзей стварылі не менш яскравую за фільм карціну барацьбы з нябачным і амаль невядомым ворагам - радыяцыяй.

Скончылася ж зацікаўленая і ажыўленая гутарка ўручэннем кветак ліквідатарам – людзям, якія цаной свайго здароўя выратавалі свет ад жахлівых наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Уручэннем жывых кветак як сімвала непераможнасці жыцця і неўміручасці памяці.

Юрась Каласоўскі

19:32 4.05.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы