галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

ТБМ заклікае адраджаць беларускае школьніцтва ў Магілёве
У звароце "Адродзім беларускае школьніцтва ў горадзе Магілёве", які прыняты ТБМ 23 красавіка, паведамляецца, што прыхільнікі беларускага слова спрабуюць адкрыць у Магілёве некалькі беларускамоўных класаў. Сакратарыят ТБМ заклікае бацькоў магілёўскіх дзяцей, асабліва першакласнікаў, "горача падтрымаць" гэту ініцыятыву. Прадстаўнікі аб`яднання прапануюць бацькам да пачатку чэрвеня напісаць заявы кіраўніцтву магілёўскіх школ з прапановай навучаць сваіх дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове.

ТБМ заклікае адраджаць беларускае школьніцтва ў Магілёве"Мы хочам нагадаць, што менавіта Магілёў у ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях быў адным з галоўных цэнтраў беларушчыны ў Вялікім княстве Літоўскім. Нават пасля таго, як у 1696 годзе мовай справаводства і навучання стала польская, магістрат Магілёва некалькі гадоў вёў справы па-беларуску. Дык будзем вартыя сваіх продкаў!" — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары зазначаюць, што гэты год абвешчаны беларускімі ўладамі Годам роднай зямлі. "Але хіба можа існаваць родная беларуская зямля без роднай беларускай мовы?" — пытаюцца яны.

У інтэрв`ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў зазначыў, што зварот такога кшталту, які тычыцца сітуацыі з беларускім школьніцтвам у асобным горадзе, упершыню прымаецца сакратарыятам аб`яднання. Неабходнасць яго выклікана як амаль поўнай адсутнасцю ў гарадах Магілёўшчыны беларускамоўных класаў і школ, так і прыхільным стаўленнем мясцовых уладаў да праблемы беларускага школьніцтва.

"У сваім нядаўнім выступе на "Радыё Свабода" прадстаўніца магілёўскіх уладаў заявіла, што беларускамоўныя класы будуць адчыненыя ў горадзе пры любой колькасці пададзеных заяваў", — падкрэсліў Трусаў.

БелаПАН

Адродзім беларускае школьніцтва ў горадзе Магілёве
(зварот да грамадскасці г. Магілёва)

Паважаныя сябры!

Гэты год абвешчаны беларускімі ўладамі Годам роднай зямлі. Але хіба можа існаваць родная беларуская зямля без роднай беларускай мовы?

Напярэдадні 2009 – 2010 навучальнага года прыхільнікі беларускага слова ў Магілёве спрабуюць адкрыць у горадзе некалькі беларускамоўных класаў. Мы горача падтрымліваем гэту ініцыятыву і звяртаемся да бацькоў магілёўскіх дзяцей, асабліва першакласнікаў.

Сябры! Падтрымаем намаганні гэтых людзей! Да пачатку чэрвеня напішыце заявы кіраўніцтву магілёўскіх школ з прапановай навучаць Вашых дзетак на дзяржаўнай беларускай мове.

Мы хочам нагадаць Вам, што менавіта Магілёў у ХVІІ – ХVІІІ стст. быў адным з галоўных цэнтраў беларушчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім. Нават пасля таго, як у 1696 г. мовай справаводства і навучання стала польская, магістрат Магілёва некалькі гадоў вёў справы па-беларуску.

Дык будзем вартыя сваіх продкаў! Жыве беларуская мова і жыве Беларусь!

Сакратарыят ТБМ
23.04.2009 г.



Гл. таксама:

Магілёўскія школьнікі пачнуць вучыцца па-беларуску
У Магілёве "заяў на беларускія клясы не паступала”
Працягваецца набор у беларускамоўную групу дзіцячага садка
У дзіцячым садку зьявілася беларускамоўная група (фота)

20:41 24.04.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы