галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Зусім нядаўна адбылася вандроўка Магілёўскага ТБМ у Бабруйск, Глушу і Старыя Дарогі. У апошніх мы наведалі надзвычай цікавы музей Анатоля Белага. І сама экспазіцыя музея, і яго гаспадар уразілі нас настолькі, што мы вырашылі прысвяціць гэтаму асобны матэрыял.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Агульны выгляд музея. Фота mahilou.org


Нягледзячы на змрочныя выракі скептыкаў, беларускае культурнае адраджэнне жыве і эвалюцыянуе да новых форм нацыянальнага культурнага існавання, характэрнага для ХХІ ст. Вялікая роля ў ім належыць тым апантаным беларусам, хто сваім жыццём даводзіць слушнасць вядомага тэзіса: не трэба думаць, што Радзіма можа зрабіць для цябе, а думаць, што ты можаш зрабіць для Радзімы! Высілкамі такіх людзей рухаецца працэс акумуляцыі нацыянальных культурных здабыткаў, якія павінны быць захаваныя для будучых пакаленняў.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Неўміручыя словы Ф. Багушэвіча. Фота mahilou.org


Пра аднаго з такіх адданых мастацтву і гісторыі Беларусі збіральнікаў беларушчыны, калекцыянера, кіраўніка культурна-асветнага клуба “Спадчына” Анатоля Белага сёння можна прачытаць у шматлікіх друкаваных і электронных СМІ. У апошні час асоба гэтага неабыякавага да лёсу беларускай культуры чалавека прыцягвае ўвагу з нагоды ажыццяўлення яго ініцыятывы – адкрыцця ў Старых Дарогах першага ў Беларусі прыватнага музея выяўленчага мастацтва (фонд Анатоля Белага) – сапраўднага народнага музея, якім можа ганарыцца любы еўрапейскі горад.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Наталля Арсеннева, "Магутны Божа". Фота mahilou.org


Але не многія нашы суайчыннікі ведаюць, што Анатоль Яфімавіч у свой час быў першым дырэктарам музейнага комплексу “Хатынь” і “Курган Славы”, а да гэтага працаваў вучоным сакратаром Музея Вялікай Айчыннай вайны, а таму мае вялікі досвед у арганізацыі музейнай справы. З гэтай пасады яго перавялі на працу ў новы мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Менавіта тады Анатолю Яфімавічу прышлося ўдзельнічаць у ягонай будоўлі, збіраць матэрыялы пра трагедыю гэтай беларускай вёскі…

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Кастусь Каліноўскі. Фота mahilou.org


Цяперашняя ж старонка дзейнасці Анатоля Яфімавіча і яго вернай спадарожніцы па жыцці Алы Мікалаеўны Белай – музей у Старых Дарогах. Гэта сапраўдная скарбонка сучаснага нацыянальнага выяўленчага мастацтва, у якой з вялікім клопатам сабрана шмат рарытэтных экспанатаў, твораў мастацтва, гістарычных рэліквій.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота mahilou.org


Пачынаецца экспазіцыя Музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд Анатоля Белага) з агляду вонкавага асяроддзя, якое стала прытулкам для шматлікіх помнікаў, часцяком адзінкавых у Беларусі. Тут знайшлі ўвасабленне ідэі па ўвекавечанні такіх постацяў нацыянальнай культуры, як Еўфрасіння Полацкая, Леў Сапега, Адам і Максім Багдановічы, Мікалай Улашчык, Мікола Ермаловіч, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Кастусь Каліноўскі… Тут ўсталяваны першыя ў Беларусі помнікі Героям Грунвальда, “Змагарам за родную мову”...

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Францішак Скарына. Фота mahilou.org


Не так даўно адбылося адкрыцьцё памятнага знака ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. Цікава, што гэтую ідэю ўхваліў сам Васіль Уладзіміравіч…

19 чэрвеня ў прысутнасці прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, сяброў клубу “Спадчына” і ўладаў Старых Дарог абылося адкрыццё барэльефа, на якім выступілі лаўрэат дзяржаўных прэмій архітэктар У. Левін, старэйшы мастак Беларусі Я. Ціхановіч, пісьменнік В.Якавенка. Удзельнікі адкрыцця накіравалі віншавальны ліст пісьменьніку і В. Якавенка перадаў яго Быкаву яшчэ пры жыцці пісьменьніка.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
"Загляне сонца і ў нашае ваконца". Фота mahilou.org


22 чэрвеня Васіля Быкава не стала. Статус знака змяніўся: цяпер гэта сапраўды першы помнік вялікаму беларускаму пісьменніку Васілю Быкаву. Барэльеф Быкава будзе знаходзіцца ў рамках пантэону “Змагарам за мову і за Беларусь”, што ствараецца на сядзібе музея.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Рада БНР. Фота mahilou.org


Праца над помнікам “Змагарам за родную мову” працягваецца: на камені будзе ўсталявана шыльда са ста імёнамі тых, хто адстойваў мову: адчыняў першыя беларускамоўныя садкі, патрабаваў беларускамоўнага навучання... Акрамя гэтага, у музеі ёсць медалі з выявамі Тарашкевіча, Лёсіка, Каліноўскага, якія плануецца змясціць на помніку ў гонар Абаронцаў мовы.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Неўміручы верш Ларысы Геніюш. Фота mahilou.org


Побач будзе помнік беларускім гісторыкам, якія вярталі гістарычную праўду і памяць беларускаму народу. Гэта будзе камень, дзе змесцяць імёны выбітных беларускіх гісторыкаў, публіцыстаў з надпісам “Яны вярталі гістарычную памяць Беларускаму Народу”. Сёння на камені ёсць скульптурны партрэт гісторыка М. Ермаловіча.
Але музей вядомы не толькі пантэонам славутых Беларусаў...

Як толькі трапляеш у будынак, бачыш панараму твораў беларускага выяўленчага мастацтва, у якой прадстаўлены творы праслаўленых беларускіх мастакоў. На другім паверсе разгорнута выстава “Гісторыя Беларусі ў вобразах і партрэтах”. Ёсць на пляцоўках музея і персанальныя экспазіцыі сябраў клуба “Спадчына” – мастака А. Пятрухны, В. Быкава (адзіная ў Беларусі!), а таксама асобная экспазіцыя, на якой прадстаўлена творчасць сяброў клуба – выдадзеныя кнігі, навуковыя працы, ноты, паэтычныя зборнікі, афішы і абвесткі пра выставы...

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Тадэвуш Касцюшка. Фота mahilou.org


У пераходах паміж заламі знаходзіцца экспазіцыя скульптурных і керамічных твораў мастака М. Несцярэўскага. Тут можна ўбачыць керамічныя партрэты беларускіх князёў і дзеячаў “Нашай Нівы”.

Далей наведнікаў чакае знаёмства з залай графікі і экспазіцыя “Старажытная Беларусь”. Ёсць асобныя экспазіцыі, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму і Тадэвушу Касцюшку ў раздзеле “Змагарная Беларусь”. У залі “Маладая Беларусь” наведнікі змогуць пазнаёміцца з партрэтамі стваральнікаў БСГ, выкананых да 100-годдзя з яе стварэння, з выставай, што адлюстроўвае змагарны подзвіг герояў Слуцкага збройнага чыну.

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Эмілія Плятэр. Фота mahilou.org


Асаблівую ўвагу выкліча экспазіцыя, якая ў свой час дала штуршок для пашырэння ведаў па гісторыі Беларусі, – “Любіць Радзіму, шанаваць родную мову”. Яе стэнды утрымліваюць каля 100 твораў, прысвечаных Францішку Скарыну, больш за 100 твораў, прысвечаных Максіму Багдановічу… У музеі можна ўбачыць адзіную ў Беларусі калекцыю твораў мастакоў Заходняй Беларусі – Сеўрука, Драздовіча, Сергіевіча, а таксама каля 50 твораў мастакоў-эмігрантаў Віктара Жаўняровіча, Івонкі Сурвілы.

Акрамя гэтага наведвнікаў чакае самая вялікая ў Беларусі калекцыя медальернага мастацтва – каля 500-600 твораў. Самы даўні экспанат калекцыі – каранацыйны медаль караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ (1700). Сярод гістарычных мастацкіх рарытэтаў музея выўлянчага мастацтва ў Старых Дарогах – графічны ліст з выявай караля Яна ІІІ Сабескага, адзіны ў Беларусі твор Валенція Ваньковіча – знакамітага беларускага мастака. Вялікую цікавасць выклікае і карта Вялікага княства Літоўскага са збору Радзівілаў...

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа (фота)
Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі. Фота mahilou.org


Сустрэць Анатоля Белага ў сталіцы ўлетку амаль немагчыма. Бо лета – самы прадукцыўны перыяд працы па ўдаскальванні экспазіцыі і вонкавага афармлення музея ў Старых Дарогах. Працы там, здаецца, непачаты край, але відавочны і вынік – каля дзесятка экспазіцыйных залаў з выдатнымі творамі беларускіх мастакоў, скульптурамі, творамі медальеранага мастацтва, помнікамі лепшым сынам роднай Беларусі.

А ў хуткім часе прыхільнікаў беларушчыны чакае адкрыццё новых помнікаў знакамітым людзям Беларусі. Значыць, наведнікаў музея ў Старых Дарогах паболее. Бо гісторыя і мастацтва Беларусі – невычарпальная крыніца пазнання і натхнення! У гэтым упэўнены Анатоль Яфімавіч Белы.

Тэкст паводле Анатоля Мяльгуя, spadchina.narod.ru


Гл. таксама:


Па Варшаўскім шляху (фота)

19:22 21.04.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы