галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Арганізатары "Bela Music" звернуцца да Навумава
Пасля атрыманай згоды ад чыноўнікаў распачалася актыўная падрыхтоўка да першага агульнацыянальнага рок-фестывалю “Bela Music”. Ужо цяпер можна сказаць, што падобнага фестывалю з удзелам айчынных рок-гуртоў па размаху яшчэ не было ў новым тысячагоддзі.

Сцэнічная пляцоўка будзе месціцца на аэрадроме “Баравая”, гэта на ўскрайку Менску, але зусім недалёка ад метро. Цяпер арганізатары фестывалю робяць усё, каб гук, святло і аздабленне адпавядалі гэтаму размаху. Ідэю фэсту прыдумаў Алег Хаменка яшчэ ў 1995 годзе і ўрэшце рэшт яна ўвасобілася ў жыццё. Дзеля гэтага спачатку ён звярнуўся ў Міністэрства культуры, а цяпер збіраецца пайсці ў Міністэрства ўнутраных спраў.

- Урэшце будзе опен-эйр фэст з удзелам беларускіх музыкаў. Мы імкнемся зрабіць так, каб гэты фэст быў цікавы ўсім музыкам ды прыхільнікам актуальнай музыкі. Вельмі цяжка зрабіць такое мерапрыемства без дазволаў і ўдзелу Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, Менаблвыканкаму (бо тэрыторыя аэрадрому знаходзіцца ў Менскім раёне). Вельмі спадзяемся на дапамогу Міністэрства ўнутраных спраў, да якіх мы будзем звяртацца, каб яны забяспечылі ахову мерапрыемства. Каб урэшце гэты фэст быў не толькі для моладзі, але і наогул для сямейнага адпачынку.

Паводле задумы фэст “Bela Music” мае прадставіць галоўныя дасягненні ў галіне сучаснай актуальнай музыкі. Эстрада да разліку тут не бярэцца, але арганізатары думаюць збудаваць праграму такім чынам, каб на сцэне з’явіліся зусім нечаканыя, як для рок-фэсту персоны. Будуць, вядома ж, і галоўныя беларускія рок-героі.

- Мы шмат з кім праводзім перамовы і кансультуемся з тымі фестывалямі, якія будуць вызначаць каманды, што з’явяцца на сцэне. Паспяховыя прапановы ў нас прайшлі ўжо з гуртамі “Крама” і Neuro Dubel, мая група “Палац” выступіць, калі яе нейкі фэст прадставіць. Гэта гурт “Дзецідзяцей” – найбольш малады і актыўны апошнім часам гурт. І гэта яшчэ не ўсё.

Арганізацыяй фестывалю занялося адно з самых аўтарытэтных канцэртных агенцтваў Беларусі – “Лінія гуку”. Яго дырэктар Уладзімір Шаблінскі ўпэўнены, што сітуацыю трэба змяняць і беларускія рок-гурты могуць збіраць гледачоў не менш, чым заезджыя зоркі.

- З прычыны асаблівасцяў развіцця нашага музычнага бізнесу тут на адкрытых пляцоўках, опен-эйрах, выступаюць у асноўным заходнія ды расейскія выканаўцы. Але ў Беларусі нямала камандаў, якія дастойныя таго, каб выступаць перад шматтысячнай аўдыторыяй, якая тэхнічна не змесціцца ў аніводнай залі. Удзел “Лініі гука” звязаны як раз з гэтым. Я хачу дапамагчы змяніць гэтую сітуацыю, каб з’явіўся такі фестываль. Каб можна было ганарыцца творчасцю беларусаў і сваёй краінай.

Фэстываль “Bela Music” адбудзецца 23 траўня і працягнецца ля пяці гадзінаў. Гледачоў ад метро да месца фестывалю і назад будуць дастаўляць адмысловыя аўтобусы. Квіткі з’явяцца ў продажы неўзабаве. У планах арганізатараў зрабіць фестываль штогадовым.

racyja.com

11:25 17.04.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы