Чанстахова – гэта горад, які ведаюць ва ўсім свеце дзякуючы прысутнасці ў кляштары манаскага ордэна паўлінаў на Яснай Гуры абраза Маці Божай – іконы Чорнай Мадонны. Сюды робяць паломніцтва тысячы людзей, якія ідуць з удзячнасцю і просьбамі, у радасныя і сумныя хвіліны жыцця. 
Ясна Гура (від з уліцы Найсвяцейшай Панны Марыі). Фота mahilou.orgСвятыню штогод наведвае 4-5 мільёнаў паломнікаў з 80 краін свету, што робіць Чанстахову адной з самых папулярных мясцін для паломніцтва ў свеце. Своеасаблівай адметнасцю з’яўляюцца пешыя паломніцтвы, з якімі прыбываюць больш за 200 000 вернікаў. Найбольш працяглыя шляхі налічваюць больш за 600 км, а іх пераадоленне займае да 20 дзён падарожжа.

Ясна Гура ўдзень. Фота mahilou.orgПершыя згадкі пра Чанстахову датуюцца 1220 г. У 14 ст. горад знаходзіцца на гандлёвым шляху з Русі ў Саксонію, а яго далейшае развіццё вызначае здабыча руды, з якой выплаўлялі жалеза. Выгаднае размяшчэнне на рацэ Варта і наяўнасць паблізу кляштара (вакол яго таксама развівалася паселішча, якое ў 1717 г. атрымала гарадскі прывілей) спрыяла развіццю горада. Фармальна абодва населеныя пункты былі злучаныя ў 1826 г. Тады была створана Алея (галоўная вуліца) Найсвяцейшай Панны Марыі, вакол якой і развівалася Чанстахова. Найбольшае развіццё горад атрымаў у часы прамысловай рэвалюцыі.

Ясна Гура ўначы. Фота mahilou.orgНапрыканцы 19 ст. Чанстахова была адным з прамысловых цэнтраў і чацвёртым па колькасці насельніцтва горадам Каралеўства Польскага. У пачатку 20 ст. ў Чанстахове з’яўляюцца музей, бібліятэкі, тэатр, кіно, адукацыйныя ўстановы, мясцовыя газеты. У 1925 г. створана Чанстахоўская дыяцэзія, якая ў 1992 г. стала метраполіяй дзякуючы намаганням Яна Паўла ІІ.

Ясна Гура – вежа. Фота mahilou.orgСёння ў Чанстахове (горад знаходзіцца ў Шлёнскім ваяводстве), якая налічвае каля 250 тыс. жыхароў, дзевяць ВНУ, дзе вучацца больш за 40 тыс. студэнтаў. Сам жа горад захаваў унікальную атмасферу Алеі, прыгажосць вуліц, што атачаюць кляштар, шэраг помнікаў архітэктуры, найбольш цікавым з якіх з’яўляецца, безумоўна, Ясна Гура (Ясная Гара).

Ясна Гура – у капліцы Маці Божай. Фота mahilou.orgЯсна Гура была заселеная ў 1382 годзе манахамі з ордэну паўлінаў, якім князьУладзіслаў Апольчык перадаў парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякуючы фундатарам, падтрымцы Уладзіслава ІІ Ягайлы і яго жонкі Ядвігі ў гэтым месцы ў 1393 годзе пабудаваны кляштар. Збудаваныя ў 1620-1644 Уладзіславам ІІ Вазам умацаванні зрабілі кляштар моцнай фартэцыяй. У 1655 г. крэпасць вытрымала аблогу шведскіх войскаў Карла Х Густава. Непрыступнасць умацаванняў кляштара мела вялікае маральнае і палітычнае значэнне. Сюды з пілігрымкамі прыбывалі манархі і ўсё большыя натоўпы вернікаў. Фартыфікацыя вытрымала шведскія аблогі ў часе Паўночнай вайны ў 1702, 1704 i 1705 гадах. У 1717 годзе тут адбылася першая на зямлях Польшчы каранацыя абраза Чорнай Мадонны. Сваю моц кляштар пацвердзіў, калі барскія канфедэраты пад кіраўніцтвам Казіміра Пулаўскага цягам трох гадоў абараняліся ад расійскіх войскаў. У часы Напалеона Ясна Гура апошні раз выканала ролю крэпасці: баронячы вольнасць палякаў, яна стрымлівала атакі аўстрыйскіх войскаў. Пасля паражэння Напалеона крэпасць занялі расійскія войскі. Абарончыя муры былі разабраныя. У 1910 г. абраз Маці Божай быў нанова каранаваны, а ў 1920 г., ужо ў незалежнай Польшчы, епіскапат у другі раз абраў Маці Божую Чанстахоўскую каралевай Польшчы.

Ясна Гура – макет (з экспазіцыі ў музеі). Фота mahilou.orgУ 1956 годзе кардынал Стэфан Вышыньскі аднавіў Яснагурскія Шлюбы народу – акт прысягі епіскапату і вернікаў – у 300-ю гадавіну Шлюбаў Яна Казіміра. А ў 1979 г. першы ў гісторыі касцёла паляк Ян Павел ІІ наведаў Ясную Гуру. Сённяшні архітэктурны ансамбль, які паўстаў на працягу пяці стагоддзяў, уяўляе сабой суцэльны кляштарнгы комплекс. У мурах фартэцыі сабраны важныя для Польшчы музейныя экспазіцыі, якія з’яўляюцца сведкамі эпох і пакаленняў людзей, культурнай спадчынай краіны.

Ратуша і помнік Юзафу Пілсудскаму. Фота mahilou.orgКапліца Маці Божай – гатычная, у барочным алтары якой змешчаны вядомы шматлікімі цудамі абраз Маці Божай Чанстахоўскай – мэта пілігрымак з усяго свету. Прамоўленыя тут просьбы і словы падзякі нагадваюць пакінутыя на сценах рэчы вернікаў. У 1662-1664 гадах да капліцы далучана барочная трохнефавая прыбудова, якая сёння з’яўляецца выдатным помнікам польскага дойлідства часоў контррэфармацыі. Трэцяя частка капліцы была дабудавана ў 1929 годзе. Да яе прымыкае базіліка Адшукання Святога Крыжа і Нараджэння Найсвяцейшай Панну Марыі – манументальныя помнікі часоў барока. Іх скляпенні пакрытыя фрэскамі канца XVII ст. Галоўны алтар – выбітны твор эпохі позняга барока. Комплекс святыні дапаўняюць капліцы св. Паўла І Пустэльніка, Рэліквій Святых, Сэрца Ісуса (усе 17 ст.). На хорах, над галоўным уваходам да базілікі, знаходзіцца адзін з самых вялікіх у Польшчы араганаў, які мае 105 галасоў і 4 клавіятуры.

Помнік Яну Паўлу ІІ і касцёл св. Зыгмунта. Фота mahilou.orgРыцарская зала – прадстаўнічая рэнесансавая зала кляштара, аздобленая цыклам абразаў 18 ст., на якіх адлюстраваны важныя для ордэна падзеі.

Чанстахова – царква і касцёл. Фота mahilou.orgВалы – тэрыторыя ўздоўж абарончых мураў, за якімі знаходзяцца бастыёны даўнейшых умацаванняў квадратнай у плане Яснагурскай крэпасці: св. Барбары, св. Роха, св. Тройцы, св. Якуба.

Чанстахова – касцёл (пабудаваны ў 1872 г. як праваслаўная царква). Фота mahilou.orgВежа – адна з найвышэйшых у краіне (106,3 м), на вяршыню яе вядуць 519 прыступак. Верхні ярус – выдатнае месца для агляду панарамы ўсёй Чанстаховы. На вежы знаходзіцца гадзіннік з курантамі, які на 36 званочках іграе мелодыі ў гонар Маці Божай.

Сябра ТБМ у Чанстахове. Фота mahilou.orgСпадчына і зборы айцоў паўлінаў экспануюцца ў Скарбніцы, Арсенале, музеі 600-годдзя і бібліятэцы.
Гл. таксама:З замежных вандровак: калядны Кракаў (фота)