10 снежня ў Магілёве адбылася вечарына, прысвечаная 60-годдзю Яўгеніі Янішчыц. Гасцямі мерапрыемства, арганізаванага Палацам культуры вобласці і Магілёўскай суполкай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, сталі больш за 50 магілёўцаў.Пасля ўступнага слова вядоўцы вечарыны, старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Асадчая надзвычай пранікнёна распавяла прысутным пра лёс Яўгеніі Янішчыц, яе геніяльную паэзію. Дарэчы, у жніўні падчас вандроўкі па Берасцейскім Палессі сябры Магілёўскага ТБМ наведалі малую радзіму паэткі, пабылі ў літаратурным музеі Я. Янішчыц ў Парэччы.

Яўгенія Янішчыц
Наступным выступоўцам стаў магілёўскі пісьменнік Віктар Арцем’еў, які распавёў пра прыезды Яўгеніі Янішчыц у наш горад у 1976 і 1981 гг. Пры гэтым сп. Арцем’еў падкрэсліў, што “крыніца чыстай лірыкі Яўгеніі Янішчыц была і ёсць сёння на вышыні святла – яна запатрабавана чытачамі і служыць народу Беларусі”.
Найбольш працяглым атрымалася выступленне ў сп. Тамары Аўсянікавай - яна была аднакурсніцай Яўгеніі Янішчыц, жыла ў адным пакоі ў інтэрнаце з паэткай і сябравала з ёй. Таму не дзіўна, што сп. Тамара расказала прысутным пра шэраг малавядомых фактаў з біяграфіі Я. Янішчыц. Напрыклад, пра тое, што сярод аднакурснікаў Жэня Янішчыц лічылася матэрыяльна забяспечанай, бо адзін яе паэтычны радок каштаваў восем капеек, на якія тады можна было купіць шклянку малака і кавалак чорнага хлеба. Ці пра тое, што маладая паэтка найбольш любіла пісаць уначы, паклаўшы паперу на падаконнік і карыстаючыся святлом ад вулічнага ліхтара. Ці пра паездку Я. Янішчыц у ЗША на асамблею ААН у складзе беларускай дэлегацыі, калі паэтка, змушаная чытаць падрыхтаваныя “наверсе” прамовы, адчула сябе пешкай…

Прамаўляе Алена Асадчая. Фота mahilou.org
Супрацоўнік МДУ імя А. Куляшова Наталля Лебедзева звярнула ўвагу прысутных на сямейнае жыццё паэткі, на цыкл вершаў, прысвечаны сыну Яўгеніі Янішчыц Андрэйку.
Сп. Уладзімір Мартынюк падзяліўся ўспамінамі пра абставіны асабістага знаёмства з Я. Янішчыц, зазначыўшы, што яе паэзія – “глыток вады ў спёку, выратаванне ад смагі”.

Сябры ТБМ. Фота mahilou.org
Увогуле ж кожны з выступоўцаў вельмі шчыра і пранікнёна чытаў вершы Яўгеніі Янішчыц, у чарговы раз пераконваючы прысутных у неўміручасці яе лірыкі. Як падкрэсліў напрыканцы вечарыны А. Дзьячкоў, “сёння паэзія Янішчыц вучыць нас любові, а яе творчасць дапаможа нам жыць, працаваць і кахаць”.
Юрась КаласоўскіЯўгенія ЯНІШЧЫЦ паходзіць зь Піншчыны. Нарадзілася 20 лістапада 1948 году ў вёсцы Рудка, што месьціцца на беразе ракі Ясельды ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння школы і філфаку БДУ працавала загадчыцай бібліятэкі, займалася творчай працай, загадвала аддзелам паэзіі часопіса "Маладосць". Трагічна загінула ў Менску. 20 лістапада 1988 году ёй споўнілася 40, а яшчэ празь пяць дзён выпадзе з вакна толькі атрыманай кватэры на восьмым паверсе прэстыжнага "Дома на Набярэжнай". Гэтак у Менску называюць шматпавярхоўку белага колеру на вуліцы Старажоўская, 88, што непадалёку ад Палаца спорту.
А жыцьцё юнай Жэні Янішчыц распачыналася ўдала. Яшчэ ў пачатковых клясах яна напісала верш пра маму, які зьбянтэжыў настаўнікаў. Яны нават учынілі малой допыт, ці не перапісала тая радкі з якой-небудзь разумнай кніжкі.
Маці спачатку падзівіцца са свае разумнае дачушкі. Пацешыцца, якая яна ў яе здольная... Ды, не маючы вельмі часу слухаць, што там яшчэ прыйшло ў бесклапотную галаву, яшчэ і насварыцца:
— От, як абы-што выдумляць, лепей памажы мне на агародзе. Работы вунь — мора!
У 1964 годзе выпускніца дзесяцігодкі ў вёсцы Парэчча мае дзесяткі публікацыяў у "раёнцы" і беларускіх СМІ. Яе прымаюць на філфак БДУ. У 20 гадоў надрукаваная першая кніга. "Напэўна, шчасьце ў мяне не па ўзросту", – такі радок занатуе яна ў сваім першым зборніку.
Творчая кар'ера Янішчыц была імклівая. Яна – самы малады сябра прэзыдыюму Саюзу пісьменьнікаў. У 1978 атрымлівае прэмію Ленінскага камсамола. У 1981 прымае ўдзел у працы Генэральнай Асамблеі ААН. У 1986 – ляўрэат прэміі БССР імя Янкі Купалы.
У ценю публічнага жыцьця застаецца асабістае. Праўда, вясельле з паэтам Сяргеем Панізнікам было гучнае, на іх так званым камсамольскім вясельлі прысутнічала ўся літаратурная эліта. Але неўзабаве сям'я развалілася. Яўгенія перадаручыла выхаваньне сына матулі Марыі Андрэеўне. А свой вясельны вэлюм аддала па першай просьбе ў школьны музэй...
– Вельмі была датклівая. Калі яе пакрыўдзяць – нідзе не знойдзе спакою. Магла плакаць тры дні..., – прыгадвала пра дачку матуля. – Да жалю, не абаранялі яе ў жыцьці ні званьні, ні пасады, і нават за мужам яна заставалася ў самотнай адзіноце...
"...Дзень добры, мама!
Гэта зноўку я,
Ўся твая гаркота і надзея."
Аўтар зборнікаў паэзіі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), «У шуме жытняга святла» (вершы і паэмы, 1988).
У 1993 годзе на яе магіле па рашэнні ўрада Беларусі ўстаноўлены помнік. У Пінску адна з вуліцаў атрымала імя Яўгеніі Янішчыц.
"Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песняй, што расчуліла да слёз,
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю блаславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукаў другой красы,
А тым больш што свет даўно не вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску.
Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зараслі?
Памаўчы са мной па-беларуску."