галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Старажытны Магілёў запрашае
Персанальная выстава мастака Базыля Камарова адчынілася ў Магілёве. Сярод наведнікаў – мясцовыя гісторыкі ды краязнаўцы. Яны сцвярджаюць, што мастак у сваіх працах паказаў старажытны Магілёў з гістарычнай дакладнасцю.

Нараджаюцца творы мастака Базыля Камарова ў невялічкай майстэрні. Адна з улюбёных тэмаў – стары Магілёў.

Базыль Камароў, мастак: “Там Бах гучыць, там калыханка, там хор, там народныя спевы. А што такое сучасны горад? Гэты "пыц-пыц-пыц, ж-ж-ж", рытмы і гэтыя гумкі ў вушах... Гэта сучасны горад. Джаз можа быць, калі параўноўваць з нейкай музыкай. А тут – цішыня... класіка гучыць”.

Дзесяткі карцінаў цяпер сабраныя ў гарадской выставачнай залі, дзе адчынілася персанальная экспазіцыя мастака. Базыль Камароў запрашае прайсціся вуліцамі старажытнага Магілёва ды пабачыць горад у часы "залатога веку" Вялікага княства.

Мікалай Барысенка, краязнаўца: “Мы цяпер стаім перад карцінай – "Віленская брама" называецца. Аб Віленскай браме мы шмат казалі, шмат пісалі, я ў тым ліку. Але ніхто ніколі яе не бачыў. І хіба што ўпершыню паказаў яе гледачу мастак Васіль Камароў”.

Мастак адчувае горад, спрабуе аднавіць забытыя вобразы. Часам звяртаецца і да нядаўняй, савецкая мінуўшчыны.

Наталля, наведніца выставы: “Як гэта нараджаецца? Складана, цяжка. Часам – проста імгненна. Але прыходзіш сюды і бачыш плён працы ды вялікую колькасць работ. Гэта проста цуд”.

Адмыслоўцы кажуць, што тэма, у якой працуе Камароў, у мастацтве амаль не рэпрэзентуецца. Выстава унікальных твораў будзе адчынена яшчэ тры тыдні.

Белсат

23:15 5.12.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы