28 лістапада ў Бабруйску адкрыўся Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Тэатральны фестываль і тэатральны фестываль у Бабруйску – гэта, як кажуць, дзве вялікія розніцы. І справа нават не ў пафасе адкрыцця, не ў зіхаценні тэатральных заляў, не ў шыкоўнасці дэкарацый… А, хутчэй, у бабруйскім каларыце, які ледзь заўважаецца, але ўплывае на ўсё і робіць фестывальную “страву” адметнай. Так, перад адкрыццём фестывалю гледачоў пераймалі фальклорныя ансамблі – дзеткі так файна спявалі беларускія песні, так спрытна танчылі лявоніху і мяцеліцу… але чамусьці ў нацыянальных строях фіна-вугорскіх народаў. Уяўляеце? Здавалася б дробязь, але, пагадзіцеся, займальная… Або ў тэатральнай кавярні мясцовы бармэн, продкі якога – відавочныя карчмары, яшчэ год колькі разбаўлялі гарэлку балотнай вадой, на просьбу “даць што паесці” паціскаючы плячыма, з характэрнай інтанацыяй пытаецца: “А вам за чем?” Як быццам яму не ўсё роўна “за чем”... Або яшчэ нюанс. На адкрыццё фестывалю прыцягнулі цяжэнную гармату, вывалаклі яе на сцэну і развярнулі рурай якраз у той бок, дзе скупілася мясцовае і міністэрскае начальства. Мала таго, што прыцягнулі, дык яшчэ і стрэлілі…
І хоць у начальства паляцела ўсяго канфеці, але намёк яно, начальства, дакладна зразумела, бо выходзіла на сцэну з калоцячыміся каленкамі, размаўляла няцвёрда, непрацягла і хавалася адно за адно! І ўсё гэта на фоне двух муштраваўшыхся жаўнераў з раз’юшанымі тварамі ў чырвоным катаўскім адзенні, якія вартавалі гармату і надта нядобра паглядалі з-пад насунутых на вочы капялюшаў. Праўда, потым бабруйчане схамянуліся і пачалі адпойваць “зляканае начальства” шампанскім, але і тут не абыйшлося без “канфузу” –шапманскае да начальства не дайшло. Выпарылася па дарозе да ВІП-месцаў, а дакладней яго выпілі самі ж бабруйчане, якія ветліва і нахабна ўсміхаліся аслупянелым афіцыянтам.
Дзе яшчэ, як не ў Бабруйску, такое відовішча магчыма ўбачыць? Тэатр, ды і толькі…
Але, канешне ж, не толькі канфузы засталіся ў памяці гледачоў. Акторы Бабуйскага тэатру драмы і камедыі выключна добра прадставілі мізансцэны з п’ес Марцінкевіча – “Ідыліі”, “Пінскай шляхты”, “Шчыроўскіх дажынак”. Адзін за другім паўставалі перад вачамі Грышка з Марысяй, паны Брахальскі, Лятальскі, пан Ціхон Пратасавіцкі. І напрыканцы “адкрыцця” з’явіўся сам пан Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – з кубкам віна і з урачыстым бляскам у шэраватых вачах. У паўстанцкай чамарцы, высокім магутным голасам ён звярнуўся да прысутных з пякучымі словамі аб нешчаслівым лёсе беларускай мовы. Указваючы зноў жа ў бок шматпакутнага “начальства”, заўважыў: “А Вы – вяльможныя паны – зневажаеце мову таго народа, хлеб якога ясцё!”
“Вяльможныя паны ў чарговы раз ашалелі ад такога бабруйскага прывітання і сарамліва апусцілі вочы”.
Віталь Еўмянькоў 19:28 2.12.2008 |