галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Праекты зваротаў чарговага з'езда ТБМ
26 кастрычніка адбудзецца чарговы з'езд Таварыства. На абмеркаванне выносяцца праекты зваротаў з нагоды чарговага перапісу насельніцтва, Закона аб мовах, а таксама праект рашэння аб мерапрыемствах, прымеркаваных да святкавання 20-га юбілею ТБМ.

Праект Рашэння X з’езда ТБМ “Аб святкаванні 20-годдзя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

У 2009 годзе споўніцца 20 гадоў з часу заснавання ТБМ. У сувязі з гэтым лічым мэтазгодным адзначыць гэты юбілейны год наступнымі мерапрыемствамі:

1. Выдаць брашуру “Летапіс ТБМ. 1989 -- 2009”.

2. Правесці навукова-практычную канферэнцыю “Актуальны стан беларускай мовы і далейшая дзейнасць грамадскіх арганізацый па яго паляпшэнні”.

3. Выпусціць кішэнны і насценны (фармат А-3) юбілейныя календары, прысвечаныя 20-годдзю ТБМ.

4. Выпусціць памятны канверт “20 гадоў Таварыству беларускай мовы”.



Праект Зварота
ўдзельнікаў X з'езда ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» да грамадзян Беларусі


Люд Беларусі!

У кастрычніку 2009 года ў нашай краіне пачнецца чарговы перапіс насельніцтва. Апошні, які адбыўся 10 гадоў таму, у 1999 годзе, засведчыў стаўленне грамадзянаў да мовы тытульнай нацыі як да найвялікшага духоўнага скарбу народа, што з’яўляецца падмуркам дзяржаўнасці. Насуперак драматычнаму лёсу, які выпаў на долю беларускай мовы, 73,6 % жыхароў Беларусі назвалі яе роднай.

Напярэдадні перапісу, мы мусім памятаць пра моўную дыскрымінацыю беларусаў, гвалтоўнае знішчэнне мовы карэннай нацыі, якое адбывалася на працягу стагоддзяў і працягваецца сёння, нягледзячы на тое, што мы жывем у незалежнай суверэннай краіне. На вялікі жаль, дзяржаўная палітыка скіравана на абмежаванне роднай мовы беларусаў. Беларуская мова фактычна адсутнічае ў афіцыйным ужытку, выцясняецца з усіх сфер жыцця. Штучна ствараюцца ўмовы, пры якіх беларусы змушаныя “добраахвотна” адмаўляцца ад роднай мовы.

Ад нас, толькі ад нас, грамадзянаў Беларусі, залежыць лёс Айчыны, лёс беларускага народа, яго мовы, гісторыі, культуры.

Памятаем, што мова – галоўная прыкмета нацыі, без мовы няма народа, няма незалежнай краіны. Будзем адказнымі за нашу дзяржаву, за лёс аднаго з галоўных кампанентаў вольнай суверэннай Беларусі.

Будзем беларусамі!

Менск

26 кастрычніка 2008 г.



Праект Зварота ўдзельнікаў

Х з’езда

ГА “Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны”



Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Савету Рэспублікі.

Ураду Рэспублікі Беларусь.


Удзельнікі Х з’езда ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” звяртаюцца да Вас з прапановай, якая мае на мэце стварэнне аптымальных умоў для свабоднага развіцця і функцыянавання беларускай мовы нароўні з другой дзяржаўнай мовай – рускай, дзеля таго, каб беларус у сваёй краіне адчуваў сябе камфортна, каб кліч “Мы беларусы” адпавядаў свайму сэнсу і зместу.

Наш зварот грунтуецца на неабходнасці ўдасканалення Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. Яшчэ ў 2003 г. ТБМ звярталася ў Палату прадстаўнікоў. На імя тагачаснага Старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і НТП былі дасланыя канкрэтныя прапановы да некаторых артыкулаў Закона. У прыватнасці, было прапанавана выключыць з тэксту Закона слова “або”, якое супярэчыць існай Канстытуцыі, што было засведчана ў Рашэнні Канстытуцыйнага суду Беларусі № 05-07/1225 ад 02.09.2004 г., куды таксама быў накіраваны зварот.

Напачатку гэтая прапанова была сустрэтая прыхільна, з вялікім разуменнем нашага клопату. Але пазней мы адчулі бюракратычныя перашкоды на шляху да вырашэння гэтага важнага дзяржаўнага пытання. Наша шматгадовае ліставанне з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Камісіяй па адукацыі, культуры, навуцы і НТП, Цэнтрам законатворчай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не дало станоўчага выніку.

На вялікі жаль, да гэтага часу Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не ўключаны нават у план падрыхтоўкі законапраектаў. Між тым, прынцып роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, гарантаваны Канстытуцыяй нашай краіны, не выконваецца. Па-ранейшаму моўныя правы беларускамоўных грамадзян абмежаваныя ва ўсіх без выключэння сферах жыцця: адукацыі, радыё і тэлебачанні, банкаўскай сферы, сферы абслугоўвання і інш.

З улікам важнасці ўзнятай праблемы пераканаўча просім Вас ініцыяваць разгляд пытання аб унясенні зменаў у закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, паколькі яго цяперашняя рэдакцыя не ўтрымлівае ніякіх гарантый з боку дзяржавы па захаванні і развіцці мовы тытульнай нацыі нашай краіны.


Гл. таксама:

Адбылася канферэнцыя Магілёўскай суполкі ТБМ (фота)
Статут ТБМ

22:27 21.10.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы