Да такіх высноваў прыйшлі археолагі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова, пасля ўнікальных археалагічных знаходак.
Спецыялісты лічуць, што пасля атрымання дадзеных радыявугляводнага аналіза Магілёў і Шклоў могуць абнавіць даты свайго заснавання.

– У гэтым сезоне, – гаворыць загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін МДУ доктар гістрычных навук Ігар Марзалюк, – мы раскапалі Пелагееўскае гарадзішча ля ракі Дубравенкі, якое з’яўляецца помнікам эпохі жалезнага стагоддзя. Разрэзалі вал, даследвалі раскоп і знайшлі тры старажытныя паўземлянкі, першыя дзве з якіх захаваліся цалкам, а трэцяя часткова. Знойдзеныя матэрыялы датуюцца V — VII стагоддзямі нашай эры.
Археолаг адзначае, што найбольш цікавымі знаходкамі з’яўляюцца два бронзавых жаночых бранзалеты, якія былі выяўленыя ў куце паўзямлянкі.
– Хутчэй за ўсё, калі гарадзішча бралі штурмам, – гаворыць Ігар Марзалюк, – мясцовая дзяўчына схавала іх, як самае дарагое, што ў яе было, пад кут каменнага агменю. Побач знайшлі фрагменты чыгуна, у якім, верагодна, і ляжаў дзявоцкі скарб. Іншая жанчына таксама ў падпечцы хаты схавала сваё маніста. Мы яго знайшлі, сабраўшы па пацерцы.
Доктар гістарычных навук падкрэслівае, што на паселішча маглі напасці авары, бо знойдзены наканечнікі стрэлаў, якія належаць ім.
Раскапаныя паўзямлянкі з’яўляюцца помнікамі калачынскай культуры. Навукоўцы дыскутуюць, хто былі яе прадстаўнікі, але большасць даследнікаў схіляюцца, што гэта славяне. Пры раскопках зафіксаваны пласт пажару, што азначае – гарадзішча ўзялі штурмам і спалілі.
– Я думаю, – гаворыць Ігар Марзалюк, – што гэта помнік калачынскай культуры. Быў такі Аварскі каганат, велізарная ваенна-палітычнае ўтварэнне, якое ў VI стагоддзі разам з двума вялікімі славянскімі саюзамі нападала на Візантыйскую імперыю. Спачатку яны былі саюзнікамі, але потым вялікі племянны саюз славян, які зваўся антамі, выйшаў з гэтых войн і склаў асобную дамову з Візантыяй. У пакаранне авары ў 602 годзе адправіліся ў карны паход на землі антаў. З гэтага часу, што і пацвердзіў радыявугляводны аналіз, паўсюдна гараць гарадзішчы. І усюды ў пласце пажару фіксуюцца такія жа, як у Магілёве, аварскія стрэлы, што пацвярджае дадзеныя пісьмовых крыніц антычных аўтараў аб зруйнавальным паходзе авараў супраць антаў. Пасля гэтага гарадзішчы падупадаюць, а само слова "ант" знікае. Усё гэта дазваляе думаць, што сляды пажару, страла, бранзалеты, выяўленыя на беразе Дубравенкі, адлюстроўваюць надзвычай драматычны сюжэт у развіцці Ўсходняй Еўропы, калі велічны племянны саюз антаў быў разрабаваны, спалены і знішчаны.
Археолаг адзначае, што першы матэрыял падчас падобных раскопак атрымаў Якаў Рыгоравіч Рыер, а яны проста пашырылі дыяпазон знаходак і высвятлілі: новае насельніцтва прыйшло на гэтую пляцоўку ў Х стагоддзі, пачысціла яе і культурным пластом, які застаўся ад папярэднікаў, падсыпала вал. Але людзі жылі тамака нядоўга і неўзабаве перанеслі селішча ў зручнейшае месца – на бераг Дняпра. Так тэрыторыя цяперашняга парка Горкага стала сэрцам будучыні Магілёва. Тут самыя раннія знойдзеныя матэрыялы датуюцца другой паловай Х-XI стагоддзяў.
– У нас сабрана вялікая колькасць знаходак для правядзення радыёвугляводнага аналіза, – гаворыць сп.Марзалюк. – Для чысціні эксперымента на тэрыторыі парка зробім яшчэ адзін раскоп, даследуем матэрыялы і атрымаем новую дату заснавання Магілёва. Я думаю, у межах XI стагоддзя
Археолаг таксама адзначыў, што ў гэтым годзе разам з інстытутам гісторыі праводзілася археалагічная экспедыцыя ў вёсцы Стары Шклоў. У выніку раскопак навукоўцы атрымалі дадзеныя, якія дазваляюць сказаць – у другой палове Х стагоддзя Шклоў ужо існаваў як горад. Выяўленыя гарадскія ўмацаванні, унікальнае прасла з княжым трызубцам Рурыкавіча, шмат зброі... Так што, на думку доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка, Шклоў таксама можа хутка змяніць дату свайго заснавання.
www.bulletinonline.org
Гл. таксама:Пад Магілёвам – пасяленне эпохі вікінгаў