На вуліцах Магiлёва беларуская мова амаль што незаўважная. Сярод абсалютна пераважнай колькасцi рускамоўных шыльдаў вылучаецца "Моладзевая вопратка i адзенне" на бульвары Ленiна. На некаторых сiне-белых кiёсках "Магiлёўсаюздруку" назва прадпрыемства напiсана па-беларуску. На гiстарычных будынках Магiлёва ёсць беларускамоўныя мемарыяльныя дошкi. У адной з самых папулярных прыватных майстэрняў па рамонце i пашыве адзення квiткi зроблены з выкарыстаннем беларускай мовы.
У грамадскiм транспарце абласнога цэнтра назвы прыпынкаў аб’яўляюць па-беларуску. Але пачуць больш працяглы тэкст на роднай мове можна толькi ў Магiлёўскiм абласным драматычным тэатры. Праўда, i там яна ў дэфiцыце.
Сёння ў рэпертуары Магiлёўскага тэатра — толькi тры спектаклi на беларускай мове. П’еса С. Кавалёва "Легенда пра Машэку" расказвае прыгожую гiсторыю ўзнiкнення Магiлёва. "Трыстан і Ізольда" — сярэднявечны рыцарскi раман, пакладзены на беларускую мову. Яго, дарэчы, паказвалi на сцэне ў Расii, i беларуская мова зусiм не стала бар’ерамi памiж акцёрамi i цалкам рускамоўнай глядацкай залай.
I, нарэшце, трэцi спектакль на беларускай мове: прэм’ера мiнулага тэатральнага сезона ў Магiлёве — пластычны спектакль "Яна i я" паводле паэмы Янкi Купалы. Праўда, наўрад цi ён з’явiцца на афiшах новага сезона: у тэатры спасылаюцца на кадравыя змены i, нягледзячы на цiкаўнасць да спектакля крытыкаў, стрыманае стаўленне да наватарства гледачоў.

Шыльда крамы на бульвары Леніна. Фота mahilou.org
— Хацелася б мець болей спектакляў на беларускай мове, — прызнаў загадчык лiтаратурна-драматычнай часткi тэатра Цiмафей Яравiкоў. — Але калi казаць аб’ектыўна i шчыра, то ўсё ж на беларускую мову ў тэатры гледачы маюць, так бы мовiць, прадузяты погляд.
Звычайна такую сiтуацыю тлумачаць тым, што Магiлёўскi драмтэатр, якому сёлета споўнiлася 120 гадоў, быў за савецкiм часам Рускiм тэатрам. А таксама не забываюцца i на памежнае з Расiяй геаграфiчнае становiшча Магiлёўскай вобласцi.
— Невялiкая частка беларускамоўных спектакляў у нашым тэатры — гэта, на мой погляд, не вельмi добра, — працягвае Цiмафей Яравiкоў. — I я спадзяюся, што сiтуацыя зменiцца. Нядаўнiя гастролi Вiцебскага таэтра, якi прадставiў у Магiлёве беларускамоўны рэпертуар, паказалi, што публiка ахвотна iдзе на спектаклi i нiчога не мае супраць роднай мiлагучнай мовы. I тое, што "Трыстан i Iзольда" i "Легенда пра Машэку" трымаюцца ў нашым рэпертуары больш за пяць гадоў, сведчыць пра тое, што глядацкi попыт на добрыя беларускамоўныя спектаклi ёсць. Добра было б прывiваць культ роднай мовы з дзяцiнства.
Iлона Iванова, "Звязда"А як на Гомельшчыне? MЕGА мова з адчуваннем "міксу"Вядома, Гомельшчына — адна з самых рускамоўных абласцей Беларусi. І пытанне — наколькi часта сустракаецца ў побыце беларуская гаворка — можна лiчыць рытарычным. Ёсць лiчаныя людзi, якiя размаўляюць на беларускай лiтаратурнай заўсёды. Часцей яе ўжываюць таму, што так трэба: напiсаць артыкул, правесцi лекцыю, прачытаць выпуск у эфiры абласнога праваднога радыё (FM — выключна па-руску), або "выпендрыцца" веданнем двух дзясяткаў слоў перад кiм-небудзь. Мiж iншым, у апошнiм выпадку часцей за ўсё адразу зразумела, што вымаўленне вымучанае, з асаблiвым нацiскам на "г", "ч", "шч", "дз", "дж".
Пабачыць шыльду на беларускай мове можна заўсёды толькi на ўстановах адукацыi i прадпрыемствах "Белпошты". Вось звычайная з’ява: афiцыйная шыльда дзвюхмоўная, надпiс "Гомельское ГПТУ-79", а пад iм — "Сардэчна запрашаем". Але ж, калi зойдзеш у памяшканне, пабачыш вялiкую колькасць аб’яў — зноў жа толькi на рускай мове.

Далей — слуп ля пешаходнага пераходу. Пад святлафорам — "Будзьце ўважлiвымi", а нiжэй — "Для перехода нажмите кнопку. Ждите". Назвы вулiц у Гомелi сустракаюцца выключна на рускай мове.
Праедзем у аўтобусе. "Наступны прыпынак — фабрыка ВАСЬМОВА сакавiка". Вось так ставяць нацiск — "па-гомельску". Пры тым, што звычайна менавiта ў аўтобусе аб’явы гучаць — па-беларуску. У тралейбусным парку свае правiлы — аб’явы па-руску.
Заходжу ў звычайны "маркет". Гэта вам не крама i нават не магазiн — тут цiкавы матэрыял для даследавання. Вось прадукцыя з брэндам "Витьба". Губляюся — гэта па-руску цi як? Чытаю далей: "Хлеб "Пралесак" (нарезанный), пудинг "Ласунак" с ароматом земляники, колбаса вареная "Верасеньская", 2 сорт; тушка цыплёнка-бройлера "Асобiна" смачная прысмака". На фiрменнай упакоўцы: "Белорусский шоколад", "Бело-вежская пуща" — нiжэй для iншаземцаў — варыянт на англiйскай мове. Далей — яшчэ больш займальны маркетынгавы ход. Чыпсы беларускай вытворчасцi: "MЕGА СHIРS Мега Чипсы картофельные со вкусом барбекю". Рэкламная шыльда: "СЯБАР пивоваренная компания". У аддзеле побач — прадукцыя вядомай беларускай касметычнай фiрмы. Лацiнскiмi вялiзнымi лiтарамi — назва, а маленькiмi на рускай — прызначэнне прадукцыi.
Зноў вяртаюся да прадуктаў. Вось мiнеральная вада з Украiны. Яе вытворцы не саромеюцца сваёй мовы i на этыкетцы не знойдзеш слова па-руску цi па-беларуску. I так зразумееце, лiчаць нашы суседзi: "Моршинська негазована вода", "Львiвьске премiум", "Чернiгiвське свiтле". А побач — "Светлое пиво речицкое янтарное"...
I нават калi ўкраiнская прадукцыя на ўпакоўцы вызначана як "Крабовые палочки" i "Рыбные бургеры", нiжэй — усё роўна свой варыянт: "Крабовi палички" и "Рибнi бургери". Каб дакладна ведалi, з якога мора iстоты прыплылi на нашы прылаўкi.
Напрыканцы — у кнiжны магазiн. Лiтаратуры i канцылярскiх тавараў — бяры — не хачу! Усё — рускамоўнае. I толькi ў самым кутку — лiтаральна дзве шафы з надпiсамi — "Выдавецтвы Беларусi прапануюць" i "Беларуская навука". Дзiцячыя кнiжкi ёсць таксама, але ж — не больш за дзясятак. Як жа дзецi будуць ведаць родную мову, яны ж не ўспрымаюць яе як жывую!
Прынамсi, калi рыхтавала матэрыял, патэлефанавала спецыялiстам — настаўнiкам i выкладчыкам беларускай мовы. Аб праблеме яе ўжывання мы размаўлялi па-руску...
Гл. таксама:Шукаем Беларушчыну на вуліцах Магілёва (фота)