галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Стартавала кампанія «Будзьма!»
З 1 кастрычніка стартавала агульнабеларуская кампанія «Будзьма!», ініцыятарамі якой выступілі шэраг недзяржаўных арганізацый і грамадскіх ініцыятыў, што займаюцца прамоцыяй беларускай культуры, традыцый і мовы.

Сярод ініцыятараў кампаніі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Таварыства аховы помнікаў, суполка «Пагоня», грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» і іншыя.

Як паведамілі арганізатары кампаніі на прэс-канферэнцыі, што абдылася ў фальварку «Добрыя мыслі», галоўная ідэя ініцыятывы, у якой «не будзе канца», — стварыць «падмурак для аб’яднання нацыі» на культурнай глебе.

«Працэс кансалідацыі грамадства з тым ці іншым поспехам прайшоў на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюзу, але ў Беларусі да гэтага часу ніхто не здолеў аб’яднаць беларусаў ці хаця б прапанаваць глебу для аб’яднання. На нашу думку, аб’яднаць беларусаў можна на глебе павагі да сябе, сваёй мовы, культуры, на глебе любові да гісторыі», — адзначыла падчас прэс-канферэнцыі каардынатар кампаніі «Будзьма!» Алена Макоўская.

Стартавала кампанія «Будзьма!»Кожная з арганізацый, якія сталі ініцыятарамі кампаніі, не адзін год працуе ў сферы культуры, таму «Будзьма!» — гэта ўзор кансалідацыі беларусаў.

«Кампанія адкрытая, да яе можа далучыцца кожны — як грамадская арганізацыя, так і асобныя людзі. Мы хочам, каб усе ўсвядомілі, што беларуская культура, беларуская літаратура — гэта сучасна, гэта модна, гэта перспектыўна», — падкрэсліла Алена Макоўская.

«Які б ні быў зменлівы свет, ва ўсе часы найбольш цэніцца самабытнасць, пачуццё ўласнай годнасці і яснае бачанне перспектывы. Напрацягу шматлікіх стагоддзяў наша грамадства дзялілі па палітычных прыкметах, матэрыяльным стане і інш. Відавочна, што былі спробы аб’яднаць наша грамадства, але ў большасці выпадках яны грунтаваліся на палітычнай глебе і, можа, з гэтай прычыны і цярпелі паразу. Мы ўсё больш пераконваемся ў тым, што аб’яднаць людзей краіны могуць не часовые інтарэсы, а тое, што можна з ўсёй адказнасцю назваць словам „ве­чнае“», — патлумачыла Ніна Шыдлоўская, яшчэ адна каардынатарка кампаніі.

З 1 кастрычніка таксама распачаў сваю работу сайт кампаніі «Будзьма!» — budzma.org. Па задумцы ініцыятараў, сайт павінен стаць агульнабеларускай пляцоўкай, грамадскім дзённікам, які можа пісаць кожны.

Як распавёў на прэзентацыі сайту яго каардынатар, журналіст Севярын Квяткоўскі, сайт павінен стаць «скарбонкай беларускіх інтарэсаў». Да стварэння яго кантэнту можа далучыцца кожны, хто працуе ў галіне культуры альбо цікавіцца ёю. Тэматыка тэсктаў неабмежаваная — навіны, афіша, грамадства, культура, гісторыя.

Паводле baj.by

Што значыць быць беларусам? Што аб’ядноўвае грамадзянаў нашай краіны, акрамя пашпартоў з надпісам “Рэспубліка Беларусь?” Ініцыятары агульнабеларускай кампаніі “Будзьма!” заклікаюць усіх неабыякавых суайчыннікаў адказаць для сябе на гэтыя пытанні і зрабіць свой унёсак у супольную будучыню.

Пачынаючы ад 1 кастрычніка, шэраг арганізацый — ініцыятараў кампаніі –
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, суполка “Пагоня” пры БСМ, МГА “Гісторыка”, творчы калектыў альманаха “pARTisan”, ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, Беларуская музычная альтэрнатыва, інтэрнэт-супольнасць www.moladz.org, інтэрнэт-супольнасць “Шлях да Беларусі”, Еўрапейскае радыё для Беларусі – ладзяць супольныя культурныя і грамадскія акцыі пад агульным слоганам “Будзьма беларусамі!”

Сярод бліжэйшых акцый кампаніі – выпуск трох відаў складанак сучаснай беларускай музыкі “Будзьма The Best”, лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, канцэрты беларускіх музыкаў і гуртоў, мастацкія выставы, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, часопісаў і музычных праектаў. Усе мерапрыемствы, якія будуць ладзіць арганізацыі-партнёры ў межах кампаніі “Будзьма!”, маюць агульныя мэты – абудзіць у жыхароў Беларусі інтарэс да культуры сваёй краіны, заахвоціць беларусаў да ўсведамлення беларускай культуры як уласнай каштоўнасці, аб’яднаць беларусаў – усіх грамадзянаў Беларусі, незалежна ад нацыянальнага паходжання.

Ад 1 кастрычніка пачынае працу і сайт www.budzma.org, які стане агульнадаступнай пляцоўкай для людзей, арганізацыяў і ініцыятываў, што займаюцца папулярызацыяй і развіццём беларускай культуры. На сайце будуць таксама змяшчацца навіны кампаніі “Будзьма!” і анансавацца мерапрыемствы арганізацый-партнёраў па ўсёй Беларусі.

Далучыцца да кампаніі можа любая арганізацыя, ініцыятыва ці прыватная асоба, якая прапануе да рэалізацыі ідэі і праекты, што адпавядаюць агульнай ідэі і мэтам кампаніі.

Паводле budzma.org

20:36 1.10.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы