галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Акно ў Віцебск
23 верасня ў Магілёўскім тэатры драмы адбылося ўрачыстае адкрыццё гастроляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа з Віцебску. Шаснаццаць год таму апошні раз сустракаўся магілёўскі глядач з гэтым праслаўленым калектывам. Поўная зала сведчыла, што цікавасць да гэтай драматычнай трупы — адной з лепшых у краіне! — надзвычайная...

«Ён. Яна. Акно. Нябожчык» — славутая п'еса Рэя Куні, якая безліч ставілася ў тэатрах па ўсім белым свеце! Як кажуць з пагардай цынікі (сам недзе чытаў!), гэта «касавая», «камерцыйная» п'еса, якой і павінна быць камедыя становішчаў. «А хоць бы і так!» - хочацца цяпер ім адказаць. Не бывае дрэннага жанру — сапраўдны мастацкі твор можа з'явіцца ў любым жанры. П'еса Куні — цудоўны мастацкі твор. Калі вам давядзецца набыць і прачытаць гэтую п'есу, вы, хутчэй за ўсё, пагодзіцеся са мной. Ёсць яшчэ адзін варыянт — пабачыць яе на тэатральнай сцэне... Але вось тут можа не пашанцаваць. Зараз я паспрабую растлумачыць гэты погляд...

Акно ў ВіцебскСпачатку кароткая фабула: у гатэлі таемна сустракаюцца палюбоўнікі Рычард Уіллі (Арцём Бародзіч) і Джэйн Уорзінгтон (Наталля Аладка). І было б іх рандэву трывіяльнай гісторыяй здрады мужам ды жонкай, але ў вакне нумару яны раптам знаходзяць труп. Можна было б патэлефанаваць у паліцыю, але містэр Уіллі займае высокую дзяржаўную пасаду ў кіруючай партыі парламента, а місіс Уорзінгтон — сакратарка кіраўніка апазіцыі. Справа пахне палітычным скандалам, таму палюбоўнікі вырашаюць пазбегнуць агалоскі. І закруцілася чарга падманаў і неверагодных сутыкненняў... Дзеянне развіваецца з такой хуткасцю, што героі ледзь паспяваюць рэагаваць на змены абставінаў. А з цягам часу ўсе большая колькасць людзей аказваецца ўцягнутай ў клубок хлусні і падману. Па-першае, гэта сакратар містэра Уіллі Джордж Пігдэн (Георгій Лойка), якому і дадзены загад пазбавіцца нябожчыка. Канешне, гэта і супрацоўнікі гатэлю, што мімаволі становяцца сведкамі: упраўляючы (Валянцін Цвяткоў), пранырлівы афіцыянт (Віктар Дашкевіч), пакаёўка (Анжаліка Баркоўская)... Неўзабаве адкрываецца, што нябожчык — прыватны дэтэктыў (Вячаслаў Грушоў), прыстаўлены да Джэйн раўнівым мужам Роні (Пятро Ламан), які таксама хутка з'явіцца на сцэне. А ёсць яшчэ жонка містэра Уіллі Памэла (Святлана Жукоўская), ягая засумавала па мужу, і медыцынская сястра Глэдзіс (Раіса Грыбовіч), якая даглядае старую маці Пігдэна... Імклівасць разгортвання дзеяння такая, што ўявіць амаль немагчыма!

Дык вось, калі рэжысёр і яго акцёры не вытрываюць гэтага імклівага тэмпу, то гледачу не пашанцуе. Мне і тым, хто пабываў на спектаклі віцебскага тэатру, пашанцавала: мала таго, што ўсе ролі на дзіва добра падыходзяць акцерам нават па знешнім выглядзе, а талент акцёраў робіць вобразы цэльнымі і паўнавартаснымі, так яшчэ ў рэжысёра атрымалася пабудаваць дзеянне і не згубіць рытму. Спектакль (пастаноўка Юрыя Пахомава, сцэнаграфія Святланы Макаранкі) пачынаецца адразу даволі дынамічна, і накал з цягам дзеяння толькі нарастае. Вялікае задавальненне дорыць кожны вобраз. Не памылюся, калі скажу, што ў гэтай рабоце тэатра няма ніводнай прахадной ці непрыметнай ролі, аднак, хаця добрых слоў варты кожны выканаўца ў гэтым спектаклі, калі судзіць па рэакцыі глядзельнай залы, сэрцы публікі заваяваў Георгій Лойка, выканаўца ролі Джорджа Пігдэна: сапраўды, дыяпазон магчымасцяў гэтага артыста вялізарны, і ён паспяхова даказвае гэта ў межах адной толькі ролі...

На маю асабістую думку, некаторыя невялічкія эпізоды цягнуліся крыху больш, чым патрэбна, але, я так разумею, гэта давала час акцёрам пераапрануца па-за сцэнай. А пару момантаў я чырванеў у сваім бенуары, калі бачыў на сцэне рухі цела кшталту герояў тэлеперадачы «Крывое люстэрка». Напэўна, мне хацелася б, каб іх было крыху меней, таму што на фоне пераважна таленавітых знаходак гэта падавалася больш танным прыёмам... Але я заўважаю гэтыя рэчы толькі зараз, пасля прагляду, а падчас спектакля амаль не звяртаў на іх увагу. Часам я так тросся ад смеху, што колькі пірацкіх кадраў наогул не атрымалася. Але праглядаю я іх з вялікім задавальненнем, аднаўляючы ў памяці дзеянне, і не магу стрымаць усмешкі...

Пасля спектакля я запытаў некалькіх маладых людзей, ці спадабалася ім. Вядома, спадабалася ўсім. Мяне цікавіла між іншым, ці быў ім перашкодай моўны бар'ер, бо наш родны тэатр не вельмі часта радуе нас беларускамоўнымі спектаклямі (і гэта нашая віна!). Амаль усе аднадушна адказвалі, што першыя некалькі хвілін было цяжка, але хутка пераставалі нават заўважаць, што гучыць не тая мова, якую прывыклі чуць паўсядзённа. Вывад просты: сапраўднае мастацтва дагрукацца да вашага сэрца і розуму праз усе перашкоды. Таму раю ўсім тым, каго насцярожыла, што спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ідуць па-беларуску (а такія гледачы ёсць, я ведаю), спяшацца набыць квіткі, якіх застаецца мала. У вас ёсць шанец пачуць сапраўдную цудоўную беларускую мову. І, мабыць, вы нават здзівіцеся, як лёгка яна трапляе вам у душу.

Ваш Т.В, mycity.by


Гл. таксама:


Пра Коласаўскі тэатр, які гастраліруе ў Магілёве

18:18 29.09.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы