галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Пра Коласаўскі тэатр, які гастраліруе ў Магілёве
Вось ужо 80 год урачыста падымае заслону адзін з вядучых тэатраў рэспублікі - Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Адкрыўся ён у Віцебску 21 лістапада 1926 г. Пры нараджэнні тэатр атрымаў назву Другі Беларускі дзяржаўны тэатр - БДТ-2. 21 снежня 1944 г. яму было прысвоена імя Я. Коласа, у 1976 г. тэатр узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1977 г. ён атрымаў званне акадэмічнага. Першую трупу тэатра склалі выпускнікі Беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 г. працавала ў Маскве. Узначаліў тэатр рэжысёр МХАТ-2 Сурэн Хачатураў, брат вядомага пазней кампазітара Армена Хачатурана. Адкрыўся тэатр спектаклем "У мінулы час" І. Бэна. Першымі яго спектаклямі былі ў асноўным выпускныя студыйныя пастаноўкі: народная драма "Цар Максімілян", "Сон у летнюю ноч" У. Шэкспіра, "Вакханкі" Еўрыпіда, "Эрас і Псіхея" Е. Жулаўскага, "Апраметная" В. Шашалевіча. Спектаклі вызначаліся яркай пастаноўкай, эксперыментальнасцю, музычна-пластычнай распрацоўкай роляў і былі разлічаны на тэатральна дасведчаных гледачоў. Між тым у Віцебску ў той час гэта быў адзіны прафесійны нацыянальны калектыў і далучыць да тэатра яму трэба было шырокае кола не падрыхтаваных гледачоў. Таму ў канцы 1920-х гадоў тэатр звярнуўся да драматургіі, прысвечанай сучаснасці, а таксама рэвалюцыйнай тэматыцы - спектаклі "Разлом" Б. Лаўранёва, "Каля тэрасы" М. Грамыкі, "Першая конная" У. Вішнеўскага.

У 1930-я гады на сцэне тэатра побач з творамі сучаснай і рэвалюцыйнай тэматыкі, сярод якіх асабліва вылучаўся спектакль "Гібель эскадры" А. Карнейчука, ставіліся п'есы класічнай драматургіі - "Дзеці Ванюшына" С. Найдзёнава, "Мяшчане" М. Горкага, "Лес" і "Беспасажніца" А. Астроўскага, "Лекар паняволі" Ж.-Б. Мальера, "Здані" Г. Ібсена. У гэтыя гады пачаўся зварот тэатра да беларускай драматургіі. Былі пастаўлены спектаклі "Модны шляхцюк" К. Каганца, "Ірынка" К. Чорнага і "Пагібель воўка" Э. Самуйлёнка. Плённым стала супрацоўніцтва тэатра з Я. Купалам і Я. Коласам. Былі ажыццёўлены пастаноўкі "Вайна вайне" і "У пушчах Палесся" Я. Коласа; "Паўлінкі" і "Прымакоў" Я. Купалы (творы Купалы разам з вадэвілем В. Дуніна-Марцінкевіча склалі спектакль "Вечар беларускіх вадэвіляў"). Менавіта драматургія Я. Купалы і Я. Коласа ўпершыню далучыла акцёраў да спасціжэння на сцэне беларускага нацыянальнага характару. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на сцэне тэатра быў пастаўлены "Несцерка" В. Вольскага, які на працягу ўсіх далейшых гадоў стаў своеасаблівым сімвалам тэатра. З часу першай пастаноўкі спектакль змяніў мноства выканаўцаў, але і сёння годна прадстаўляе коласаўцаў.

У Вялікую Айчынную вайну калектыў тэатра працаваў ва Уральску і Арэхава-Зуеве, а ў кастрычніку 1944 г. вярнуўся ў Мінск.

Карціна першых пасляваенных спектакляў, як і ў наступныя дзесяцігоддзі, вельмі стракатая. У другой палове 1940-х гг. вылучаліся пастаноўкі твораў класічнай драматургіі, сярод якіх адметнай стала пастаноўка "Рэвізора" М. Гогаля і "Гамлета" У. Шэкспіра. У 1950-я гады ставіліся п'есы Лопэ дэ Вэгі, П. Кальдэрона, А. Сухава-Кабыліна, А. Астроўскага, А. Чэхава і найбольш М. Горкага. Была вернута з тэатральнага небыцця п'еса Я. Купалы "Раскіданае гняздо". У канцы 1960-х - 1980-я гг. на сцэне тэатра ідуць знакамітыя спектаклі "Улада цемры" Л. Талстога, "Доктар філасофіі" Б. Нушыча, "Мамаша Кураж і яе дзеці" Б. Брэхта. Працягваецца засваенне тэатрам спадчыны Я. Коласа (спектакль "Сымон-музыка" паводле аднайменнай паэмы). Тэатр звяртаецца да сучаснай беларускай драматургіі: п'ес А. Макаёнка, У. Караткевіча, А. Петрашкевіча, А. Дударава. Найбольш важныя пастаноўкі 1990-х гадоў - "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча, "ЧП-1" і "ЧП-2" паводле "Рэвізора" М. Гогаля, "Генрых VI" У. Шэкспіра. Сёння ў рэпертуары тэатра цікавыя пастаноўкі класікі і сучаснай драматургіі: "Дзядзька Ваня" і "Вішнёвы сад" А. Чэхава, "Грахі бацькоў" па п'есе Г. Ібсена "Здані", "Любоўны карагод" А. Шніцлера, "Шагал… Шагал…" У. Драздова, "Таму што люблю" А. Паповай, "Чорная нявеста" А. Дударава.

Творчае аблічча кожнага тэатра залежыць менавіта ад яго акцёраў. На многія гады вызначылі эстэтычную праграму коласаўскага тэатра, замацавалі традыцыі, па якіх і сёння жыве калектыў, карыфеі коласаўскай сцэны, тыя, хто прыйшоў сюды с першых дзён яго стварэння - А. Ільінскі, Ц. Сяргейчык, К. Саннікаў, П. Малчанаў, А. Радзялоўская, С. Станюта, Р. Кашэльнікава, Л. Мазалеўская і іншыя. Пачынаючы з 1928 г. пры тэатры перыядычна працавалі студыі, выпускнікі якіх таксама набылі вядомасць на сцэне тэатра - І. Матусевіч, А. Шэлег, А. Трус, З. Канапелька. Сёння ў творчым складзе тэатра народны артыст СССР Ф. Шмакаў, народныя артысты Беларусі С. Акружная, Т. Кокштыс, Л. Трушко, заслужаныя артысты Беларусі А. Лабанок, Т. Ліхачова, В. Петрачкова, Л. Пісарава, Т. Шашкіна, Г. Шкуратаў.

У розныя гады ў тэатры працавалі знакамітыя рэжысёры, мастакі, кампазітары. З 2001 г. мастацкі кіраўнік тэатра - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь В. Баркоўскі. Дырэктар тэатра - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Р. Шацько.

Псіхааналітык Для Псіхааналітыка

Дзіяна Балыка

Пераклад Людмілы Сіманёнак Пастаноўка і музычнае афармленне Сяргея Кулікоўскага Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранкі Балетмайстар Дзіяна Юрчанка

Бацька

А.Стрындберга

Пастаноўка В.Баркоўскага, Праект нар.арт. Беларусі С.Акружной Сцэнаграфія і касцюмы А.Казака Музычнае афармленне А.Крыштафовіча
“Маці вядома заўсёды,” – так казалі яшчэ ў старажытнасці. А вось бацька... Мы прыляцелі з розных планет, але вымушаны жыць побач і прызвычайвацца да непадобнасці паміж жанчынамі і мужчынамі.

Ён. Яна. Акно. Нябожчык

Р.Куні
Пераклад С.Дашкевіч Пастаноўка і музычнае афармленне Ю.Пахомава Сцэнаграфія і касцюмы С.Макаранкі Пастаноўка танцаў Д.Юрчанкі
Нават нябожчыкі часам могуць расказаць шмат цікавага. Небяспечныя інтрыгі ў асяроддзі вядомых людзей. Глядач – смяецца, героі – мітусяцца і хвалююцца, афіцыянт зарабляе на чай. Зазірніце ў акно і вы ўбачыце такое...

Доктар Айбаліт

па матывах кінасцэнарыя “Айбаліт-66”

Пастаноўка і сцэнічная рэдакцыя М.Краснабаева Сцэнаграфія і касцюмы С.Макаранкі Музыка А.Крыштафовіча Анімацыя А.Касцючэнкі Балетмайстар Д.Юрчанка
Вядомая гісторыя пра доктара Айбаліта ажыла на коласаўскай сцэне ў вясёлым музычным спектаклі з камп’ютарным экранам, элементамі гульні і неверагодных пераўтварэнняў.



Гл. таксама:

Сустрэча зь віцебскімі акторамі ў сераду

23:26 23.09.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы