галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)
Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 21 верасня правяла культурна-спартыўнае мерапрыемства “Краіна здароўя”, прымеркаванае да года здароўя, аб’яўленага сёлета ў Беларусі. Падчас вандроўкі па Краіне здароўя госці свята змаглі не толькі прыняць актыўны ўдзел у конкурсах і забавах, але і бліжэй пазнаёміцца з культурай паўночнаамерыканскіх індзейцаў і сярэднявечных рыцараў.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

Бадай, найпершае, на што звярталі ўвагу прысутныя, было святочнае афармленне пляцоўкі, у якім вылучаліся некалькі банераў, на якіх, акрамя прывітання гасцям і прэзентацыі свята, былі паказаны маршруты шэрагу сёлетніх вандровак Магілёўскай суполкі ТБМ. Таксама кожны з удзельнікаў свята мог атрымаць налепку з сімволікай ТБМ і буклет, які даваў больш поўнае ўяўленне пра дзейнасць Магілёўскага ТБМ, а таксама знаёміў з бліжэйшымі планамі арганізацыі.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

“Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць”, - словы з вядомай песні гурта NRM сталі адпраўной кропкай, стартам падарожжа па далёкіх краінах… Дарэчы, на працягу гэтай імправізаванай вандроўкі яе ўдзельнікаў натхняла жывая этна-музыка.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

Першы прыпынак быў зроблены ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, старэйшына племені якіх, Алег Мяцеліца, паказаў прысутным жытло тамтэйшых жыхароў – ціпі, а таксама правёў традыцыйныя індзейскія спаборніцтвы “Пяро” і “Каноэ”.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)
Максім, вядучы "Краіны здароўя"

Наступны прыпынак быў зроблены ў Сярэднявеччы, на землях Вялікага княства Літоўскага. Безумоўна, галоўнымі героямі тут сталі рыцары – ліцьвіны і крыжакі-тампліеры, - якія прывялі некалькі паказальных баёў. Акрамя гэтага, кожны з гасцей свята мог праверыць свой спрыт у спаборніцтве “Лівонская забава” альбо павадзіць сярэднявечны карагод.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

Нарэшце, трэці і апошні прыпынак быў зроблены ў сучаснай Беларусі, дзе спорт надзвычай папулярны незалежна ад пары года. Менавіта таму прысутным было прапанавана прыняць удзел у “Прышпільнай эстафеце”, якая складалася – адпаведна порам года – з чатырох этапаў. На іх працягу удзельнікі… збіралі грыбы, хадзілі на лыжах, пераапраналіся і нават спявалі – адным словам, бавілі час з карысцю не толькі для цела, але й для душы.

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

Такім чынам, кожны з прыпынкаў вандроўкі па краіне здароўя быў па-свойму цікавы і займальны, але ўсе яны разам узятыя выконвалі агульную мэту – паказаць Таварыства беларускай мовы як культурніцкую арганізацыю, якая імкнецца пашырыць сферу выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве, аднавіць стаўленне да роднай мовы як да нацыянальнай святыні. Гэта і падкрэсліў у заключным слове старшыня Магілёўскай гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, які таксама шчыра павіншаваў усіх удзельнікаў і гасцей свята.

Што ж, размаўляць па-беларуску, адрадзіць у сабе беларускасць - гэта зусім не цяжка, не сорамна, а надзвычай узнёсла і патрыятычна. У гэтым пераконваюць наступныя словы, пачутыя ў тралейбусе ад незнаёмага магілёўца падчас вяртання са свята: “Выбачайце, але вельмі прыемна, калі чуеш, што ў Беларусі размаўляюць па-беларуску”. Далучайцеся да дзейнасці ТБМ, выбірайце беларушчыну!

Юрась Каласоўскі

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)

“Краіна здароўя” Магілёўскага ТБМ (фота)


Гл. таксама:

Фотарэпартаж са спартовага сьвята
Суполка ТБМ возме ўдзел у конкурсе

21:50 21.09.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы