У магілёўскім дзіцячым садку №81 пасьля амаль паўгадавога перапынку аднавіла працу адзіная ў горадзе беларускамоўная група. У першы дзень туды прыйшлі чацьвёра дзетак. У садку кажуць: іх будзе сёлета пяцёра. Бацькі спадзяюцца, што цяпер група не распадзецца да самага лета. У раённым аддзеле адукацыі запэўніваюць: яны таксама шукаюць туды новых дзетак.

У беларускамоўную групу “Вясёлка” дзяцей пачалі вадзіць ад трэцяга сьнежня. Спачатку ў ёй было трое дзетак: Ялінка Салаўёва, Міколка Бацюкоў ды Паўлік Мохаў. Неўзабаве далучыўся да іх Януш Сярэдзін. Учора прыйшоў Ільля Грынкевіч.
Дзеці наноў сабраліся пасьля амаль паўгадавога перапынку. Гаворыць бацька Міколкі Бацюкова спадар Аляксей:
“З дваццатага красавіка група наша была зачыненая, і дзеці нашы не хадзілі ў беларускую групу. Спачатку – у польскую, потым у нейкую мяшаную. Яны перабывалі, карацей, у групах чатырох, а можа ў трох. Для нашых дзяцей сёньняшні дзень надзвычай важны, бо нарэшце яны вярнуліся ў тую групу, пра якую яны мроілі паўгода”.
У красавіку першая выхавацелька пайшла ў дэкрэтны адпачынак, вось і ўтварыўся перапынак. Цяпер усё нібыта ў парадку – замена знайшлася. Першы дзень працы новая выхавацелька – Аксана Віктараўна лічыць вельмі важным:

“Знаёмства дужа важнае для мяне, бо пасьля яго я буду ведаць характар кожнага дзіцяці, і адпаведна кожнае зь іх будзе ведаць мяне”.
Маці Ялінкі Салаўёвай спадарыня Надзея лічыць: кепскія часы засталіся ў мінулым:
“Калі дзеці сюды прыйшлі, яны ўжо ня сыйдуць. Менш іх станавіцца ня будзе, толькі больш. Мы будзем працягваць нашу працу, каб павялічвалася колькасьць дзетак”.
Летась бацькі і актывісты суполкі Таварыства беларускай мовы адкрыцьця беларускамоўнай групы дамагаліся пяць месяцаў. Цяпер у Ленінскім аддзеле адукацыі Магілёва запэўніваць, што зацікаўленыя ў яе існаваньні:
“Мы сутыкнуліся зь невялікімі праблемамі, гэта перадусім па камплектаваньні групы, бо для паўнавартаснай працы неабходна дванаццаць мінімум дзяцей. Мы падабралі выхавацеля, які добра валодае беларускай мовай. Сёлета група павінна працягнуць сваю працу. Чакаем вас у садку №81”, – зазначае начальнік аддзеле Аляксандар Гапееў.

“Беларускамоўных клясаў у абласным цэнтры няма. У Бабруйску сытуацыя тая ж. Чаму? У абласной управе адукацыя паведамілі, што сёлета не было адпаведных заяваў на навучаньне.
Дзьве беларускамоўныя клясы ёсьць у Горках. Яны зьявіліся намаганьнямі сям’і Каральковых. З большай іх дачкой – выпускніцай Марыляй вучацца чацьвёра дзяцей. Зь меншым – Мікітам – у другой клясе пяцёра дзетак.
Паводле ўсё той жа ўправы адукацыі, на Магілёўшчыне 469 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, зь іх 246 — беларускамоўныя. Амаль усе яны ў сельскай мясцовасьці, а вясковых школ год ад году менш і менш: перад пачаткам навучальнага году чыноўнікі паведамлялі, што зьбіраюцца зачыніць трынаццаць базавых і пачатковых школ.”
Радыё Свабода
Гл. таксама:
Пачаўся набор дзетак у беларускамоўную групуПагроза закрыцьця адзінай беларускамоўнай групыПрацягваецца набор у беларускамоўную групу дзіцячага садкаУ дзіцячым садку зьявілася беларускамоўная група