Магілёўская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны з 8 па 10 жніўня зладзіла трэцюю сёлета вандроўку па Заходняй Беларусі. Падарожжа пад дэвізам “На прастор, на шырокі прастор!” (Якуб Колас) прайшло па тэрыторыі сучасных Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Камянецкага, Берасцейскага, Кобрынскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Пінскага раёнаў. Яно стала працягам папярэдніх вандровак па паўночна-заходняй Беларусі – колішняй Віленшчыне - і старадаўняй Літве – старажытнай Наваградчыне.
Ужо традыцыйна акцэнт у вандроўцы рабіўся не столькі на папулярных турыстычных аб’ектах, колькі на мясцінах, таксама славутых сваёй архітэктурай, гісторыяй і людзьмі, але якія, на жаль, мала вядомы беларусам і амаль не выкарыстоўваюцца ў сферы турызму. Усё гэта можна сказаць пра Высокае і Воўчын у Камянецкім раёне, Скокі і Чарнаўчыцы пад Брэстам, Валавель і Закозель на Драгічыншчыне, Моладава ў Іванаўскім раёне… Яшчэ добра, калі гісторыка-культурная каштоўнасць знаходзіцца ў дагледжаным стане, бо часта унікальныя помнікі гісторыі і архітэктуры – як капліца-пахавальня Ажэшкаў, Траецкі касцёл у Воўчыне, капліца ў Моладаве - занядбаныя і пакінутыя на волю лёсу. І хаця аднаўленчыя працы пачаліся ў Косаўскімі і Ружанскім палацах, палацы Нямцэвічаў у Скоках, вялікая праца па вяртанні нашай багацейшай спадчыны ў свядомасць беларусаў яшчэ наперадзе.
Вандроўка па Берасцейшчыне атрымалася надзвычай багатай на музеі. На працягу трохдзённай паездкі мы наведалі музеі Адама Міцкевіча ў Завоссі, Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве, Яўгеніі Янішчыц у Парэччы, Брэсцкую крэпасць і археалагічны музей “Бярэсце”, краязнаўчыя музеі ў Пружанах і Камянцы, музей народнай творчасці ў вёсцы Моталь. Кожны з іх, па-свойму адметны і цікавы, пакінуў добры адбітак у нашай памяці і жаданне вяртацца туды яшчэ і яшчэ.

На працягу вандроўкі мы пабачылі мноства выдатных помнікаў архітэктуры, сярод якіх палац Пуслоўскіх у Косаве, палац Сапегаў у Ружанах, Камянецкая вежа, Траецкі касцёл у Чарнаўчыцах, Брэсцкая крэпасць, Траецкі касцёл у Воўчыне, палац Нямцэвічаў у Скоках, капліца-пахавальня Ажэшкаў у Закозелі, Крыжаўзвіжанскі касцёл у Іванаве, калегіум езуітаў і кляштар францішканцаў у Пінску…
Безумоўна, гарады, мястэчкі і вёскі, якія былі на шляху нашага падарожжа, адметныя не толькі сваімі помнікамі гісторыі і архітэктуры, а яшчэ і людзьмі – асобамі, якія сваёй дзейнасцю праславілі Беларусь. На працягу трох дзён мы наведалі шэраг мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых асобаў, чый лёс звязаны з Берасцейшчынай: Завоссе - Адам Міцкевіч, Косава - Тадэвуш Касцюшка, Воўчын - Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Брэст - Апанас Філіповіч, Лышчыцы - Казімір Лышчынскі, Скокі - Юльян Урсын Нямцэвіч, Парэчча - Яўгенія Янішчыц, Пінкавічы - Якуб Колас, Закозель - Эліза Ажэшка, Іванава - Напалеон Орда і Андрэй Баболя, Моталь – Хаім Вейцман… Біяграфія кожнага з іх – адметная старонка нашай гісторыі, якая патрабуе ўдзячнай памяці нашчадкаў.
Запомніліся нам і непаўторныя краявіды Берасцейшчыны: Ружанская пушча, Мухавец, набярэжная Піны, Дняпроўска-Бугскі канал, пойма Прыпяці – міфічнае мора Герадота.

Традыцыйна кожны з удзельнікаў падарожжа атрымаў тэматычны буклет з апісаннем маршруту паездкі і падрыхтаваў даклад па адным з пунктаў вандроўкі, атрымаўшы магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Прыемнай нечаканасцю стала тое, што ўсім падарожнікам былі прэзентаваныя камплекты кніг Святланы Алексіевіч (“Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”, “У вайны не жаночае аблічча”, “Апошнія сведкі”) і каляндарык “Сём цудаў Магілёва” Магілёўскага ТБМ.
Акрамя вялікага плаката з сімволікай ТБМ, прымацаванага са знешняга боку аўтобуса, вандроўка ўпершыню праходзіла пад харугвай Магілёўскага ТБМ імя Францішка Скарыны, а яе арганізатары апранулі кашулькі з выявай Магілёўскай ратушы і сімволікай ТБМ.
Хіба адзінае, чаго бракавала ў часе паездкі, быў менавіта недахоп гэтага самага часу. Вандроўка атрымалася вельмі насычанай, а яе мясціны настолькі цікавымі, што вельмі цяжка было ўкласціся ў адведзены ліміт часу… Што ж, значыць, будзе нагода вярнуцца і яшчэ раз пабачыць гэтыя цудоўныя мясціны, наведаць таксама і тыя шматлікія помнікі гісторыі і архітэктуры, што засталіся ўбаку ад маршрута гэтага падарожжа.
“На працягу вандроўкі кожны з нас – хто ўпершыню, а хто ў чарговы раз - здолеў пераканацца ў тым, што спадчына Беларусі надзвычай багатая і за гэта трэба яшчэ больш любіць і шанаваць нашу Радзіму”, - словы старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова сталі лагічнай і цалкам справядлівай высновай, пацвярджэннем таму, што галоўная мэта падарожжа – далучэнне да беларушчыны – дасягнута.
Юрась Каласоўскі
Гл. таксама: Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Старажытны Мсціслаў запрашаеТБМ ладзіць вандроўку па Берасцейскім ПалессіТурэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)Фотарэпартаж з Купальскага фэстуКупальскі фэст на ДруціЗапрашаем у чарговую вандроўку!Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2) Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Вандроўка на паўночны захад Беларусі (маршрут, фота)Суполка на сайце "В контакте"