галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Гісторыя фестываля “Магутны Божа” ў поўным аб’ёме
У 2008 годзе ў шаснаццаты раз ў Магілёве праводзіцца Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”.

У мінулым годзе адбылося пятнаццацігоддзе фестывалю, які добра вядомы ў свеце і дзякуючы якому шмат хто даведаўся пра Магілёў і Беларусь. Таму ўзнікла неабходнасць скласці гісторыю фестывалю. Паказаць як і што было ў пачатку.

У 2007 годзе ў межах фестывалю праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Культура праз прызму духоўнасці”, якая праводзілася Магілёўскім гарвыканкомам, аддзелам культуры гарвыканкома, музеем гісторыі Магілёва. Да пачатку канферэнцыі былі выдадзены накладам толькі 30 асобнікаў матэрыялы канферэнцыі з дакладамі ўдзельнікаў. Усё добра. Але…

Для ўдзелу ў канферэнцыі быў напісаны на падставе дакументаў навуковы артыкул пра гісторыю стварэння і першыя гады існавання фестывалю “Магутны Божа”.

Без ведама аўтара хтосьці з арганізатараў і складальнікаў выкінуў з тэксту частку матэрыялу.

Што ж не спадабалася?

Тое, што фестываль быў арганізаваны і напачатку праводзіўся без удзелу ўладаў, што гэта была ініцыятыва касцёла і грамадскасці, што фундатарамі правядзення і ўзнагарод былі недзяржаўныя ўстановы - фонд Сораса, Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, што пэўныя чыноўнікі перашкаджалі правядзенню фестываля, што Магілёўскі архіепіскап Максім быў супраць (дарэчы, і ў мінулым годзе рашэннем кіраўніцтва Магілёўскай праваслаўнай епархіі менавіта на час правядзення фестываля быў забаронены ўваход на тэрыторыю Мікалаеўскага манастыра, нягледзячы на тое, што комплекс манастыра помнік гісторыі і архітэктуры), што гледачы канцэртаў шчыра віталі Зянона Пазьняка, над гледачамі луналі бел-чырвона-белыя сцягі і г.д. Гісторыя станаўлення папулярнага фестываля “Магутны Божа” асабліва паказальна ў параўнанні з “Залатым шлягерам” на правядзенне якога выдаткоўваліся велізарныя дзяржаўныя сродкі.

Мы вырашылі апублікаваць навуковы артыкул аб першапачатковай гісторыі фестываля цалкам, без скарачэнняў (у тэксце выдзелены словы, якія былі выкінуты з надрукаванага ў зборніку даклада) каб людзі мелі магчымасць даведацца аб тым, як пачынаўся і праводзіліся першыя фестывалі “Магутны Божа” у нашым горадзе.


І. А. Пушкін,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт


МАГІЛЁЎСКІ МІЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ДУХОЎНАЙ МУЗЫКІ "МАГУТНЫ БОЖА" – ІНІЦЫЯТЫВА І ЎДЗЕЛ ГРАМАДСКАСЦІ (1993-1998 ГГ.).

Гісторыя фестываля “Магутны Божа” ў поўным аб’ёмеНа Беларусі царкоўная музыка з’явілася ў Х і ХІ стагоддзях разам з хрысціянствам. Хрысціянскія супольнасці лацінскага і грэцкага абраду суіснуюць з тых дзён па наш час, што прывяло да ўнікальнага ўзаемапранікнення музычных традыцый. Намаганнямі музыказнаўцаў і этнографаў мы адкрываем гэтую багацейшую духоўную спадчыну.

Магілёў адзін з старажытных гарадоў Беларусі. Знаходзіцца на берагах Дняпра, на скрыжаванні важнейшых гандлёвых шляхоў. Менавіта на гэтым месцы адбывалася спалучэнне візантыйскай і заходнееўрапейскай традыцый і культур, што дарэчы, і вызначыла духоўны і матэрыяльны склад спадчыны магілёўцаў.

Тысячагадовая гісторыя Магілёва насычана трагічнымі і велічнымі падзеямі. Магілёўцы мужна баранілі свой горад ад захопнікаў, вялі гандль, займаліся рамёствамі, будавалі храмы і ўхвалялі Бога музыкай і спевамі. Пачуццё волі ва ўсе гістарычныя перыяды вызначала характар горада.

Цэнтр адзінай праваслаўнай епархіі на тэрыторыі Беларусі ў Рэчы Паспалітай, галоўны горад рыма-католікоў у Расійскай імперыі – Магілёў мае славутыя музычныя традыцыі. Свецкая і царкоўная музыка, харавыя спевы гучалі не толькі ў храмах, але і падчас па-за храмавых дзеянняў, якія былі прыўрочаны да хрысціянскіх і агульнагарадскіх святаў, у гонар каралеўскіх імянін, каранацыі найбольш шануемых у Магілёве цудатворных абразоў, наведванне горада знакамітымі асобамі.

Магілёўцы лічаць сябе аднымі з першаадкрывальнікаў стэрэаэфекту. З канца XVI пачатку XVII стст., у час гарадскіх святаў адначасова выступалі два хары: адзін на “вежы касцёльнай”, другі “каля брамы”, такім чынам, у слухачоў, якія знаходзіліся паміж харамі, узнікала пачуццё стэрэаэфекта. Гарадскія святы шляхам музыкі духоўна аб’ядноўвалі гараджанаў розных рэлігійных канфесій.

1990-я гады, перыяд станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь, час адраджэння рэлігіі і храмаў, беларускай мовы, літаратуры, мастацтва. Годы, калі быў адноўлены не толькі будынак касцёла св. Станіслава, як гістарычная спадчына беларускага народа наогул і магілёўцаў у прыватнасці, але і весь уклад каталіцкай супольнасці з яе буднямі і святамі, культурным абіходам і знакамітымі падзеямі. Аднаўляліся традыцыі, у тым ліку і агульнахрысціянскія фестывалі.

Не выпадкова адной з важнейшых падзеяў у культурным жыцці сучаснага горада Магілёва з’яўляецца Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа”, мэтамі якога з’яўляецца адраджэнне духоўнай музыкі, як часткі агульнамузычнай культуры; адраджэнне беларускай культуры, як часткі агульнаеўрапейскай культуры; актывізацыя творчых працэсаў і культурнага жыцця горада; пашырэнне сувязяў паміж моладдзю розных краін; узаемаабагачэнне культур; яднанне хрысціян розных канфесій.

Міжнародны хрысціянскі фестываль “Магутны Божа” ствараўся па ініцыятыве пробашча касцёла св. Станіслава ксяндза Магілёўскай рыма-каталіцкай парафіі Уладзіслава Бліна, цяперашняга біскупа Віцебскага і быў падтрыманы ксяндзом Раманам Факсінскім, які ўжо меў вопыт у арганізацыі падобных мерапрыемстваў і выканаў ролю дырэктара двух першых фестываляў, на сёняшні дзень ён адзін з самых актыўных чыннікаў фестывалю. Назва фестываля нарадзілася ад першага радка вядомага твора беларускага кампазітара Мікалая Равенскага на вершы Натальлі Арсеньявай “Магутны Божа”. Сам жа гімн стаўся музычнай эмблемай фестывалю і штогод да 2004 года гучаў на яго ўрачыстым адкрыцці і закрыцці. Затым па ідэалагічных меркаваннях прадстаўнікоў дзяржаўных улад выкананне гімна стала лічыцца немэтазгодным. На першыя фестывалі ў якасці ганаровага госця запрашалася дачка М.Равенскага – Вольга. Спрычыніліся да арганізацыі фестывалю: Беларуская каталіцкая грамада, рыма-каталіцкая абшчына г. Магілёва і група творчай інтэлігенцыі, якая склала першы арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Найбольш актыўныя члены ініцыятыўнай групы садзейнічалі ўтварэнню ў 1995 годзе ў Магілёве фонда духоўнага яднання міжнароднага фестывалю “Магутны Божа”; з 2004 года дзейнічае Магілёўскае грамадскае аб’яднанне “Магутны Божа”. Афіцыйныя ўлады, у прыватнасці Магілёўскі гарвыканкам, ачолілі падрыхтоўку і правядзенне фестываля “Магутны Божа” (пры ўдзеле фонда фестываля, пазней грамадскага аб’яднання) толькі з 1996 года, нягледзячы на тое, што яшчэ 22.04.1993 года У.Блін звяртаўся да старшыні гарвыканкама І.Зайцава з прапановаю ўвайсці ў склад аргкамітэту. Такім чынам, дзякуючы грамадскай ініцыятыве магілёўцаў, прыхільнікаў ідэі адраджэння музычнага харавога мастацтва Беларусі, за гады існавання фестваля у ім прынялі ўдзел больш 10 тысяч выканаўцаў з розных краін свету.

Фестываль планаваўся, як агульнагарадское свята, якое ў перспектыве павінна было ахапіць усю Магілёўшчыну і Прыдняпроўе. Таму акрамя музычнай часткі ўключаў выставы, сустрэчы, экскурсіі і г.д.

Безумоўна асноўную частку арганізацыйных пытанняў, фінансавых вырашаў Уладзіслаў Блін ад свайго імя і ад імя Магілёўскай рыма-каталіцкай парафіі, як афіцыйна зарэгістраванай установы з сваёй пячаткай, рахункам і статусам юрыдычнай установы. Ніякім чынам, ад пачатку, не планавалася рабіць фестываль як чыста каталіцкі, як у гэтым неабгрунтавана абвінавачвалі ініцыятараў і арганізатараў нядобразычліўцы. Як ад юрыдычнай асобы, рыма-каталіцкай парафіі г. Магілёва, былі накіраваны лісты з просьбай аб дазволу і дапамозе ў арганізацыі і правядзенні першага фестывалю 14.05.93 г. у Магілёўскі гарвыканкам; да дырэктара палаца школьнікаў (дыр. А.Раманаў), дома культуры КШТ (дыр. П.Адамчанка) і ліцэя музыкі (дыр. Л.Мішчанка) аб прадастаўленні памяшканняў для канцэртаў. Апошнія добразычліва пагадзіліся выдзяліць канцэртныя залі для правядзення фестывалю. Дырэктару фабрыкі каляровага друку г. Мінска быў накіраваны ліст аб вырабу плаката накладам 2000 асобнікаў з выяваю часткі фрэсак з хораў касцёла св. Станіслава, на якіх намаляваны музыкі часоў сярэдневечча.

Ліст–зварот пробашча У.Бліна быў накіраваны ў розныя краіны і да розных уплывовых асоб. Напрыклад, у вышэйшую духоўную семінарыю, каб прыехалі клерыкі для дапамогі ў правядзенні фестывалю (ліст ад 08.03.93 г.). Звярнуўся Уладзіслаў Блін і да ўрадоўцаў, была запрошана віцэ–маршалак сената Рэспублікі Польшча А.Гжэшковяк. Падчас фестываля "Магутны Божа" быў запланаваны конкурс стваральнікаў і выканаўцаў рэлігійнага беларускага спева (песьні), з мэтай адраджэння народных традыцый і духоўнасці, развіцця культуры беларускага народа. Менавіта для пераможцаў гэтага конкурса заснавала спецыяльную ўзнагароду А.Гжэшковяк – віцэ–маршалак сената Польшчы. На першым фестывалі яе атрымалі А.Сенажэнскі (г. Магілёў) і Г.Смоляк (г. Мінск).

Дата правядзення фестывалю – ліпень была невыпадковай. 13 ліпеня ў касцёле св. Станіслава адбылося асвячэнне алтара ў гонар Маці Божай Фацімскай. З’яўленне Маці Божай дзяўчынкам у Фаціме (Партугалія) вельмі вядома ў свеце тым, што падчас гэтай падзеі былі прадсказаны войны ХХ ст., трагічныя падзеі 1917 г. у Расіі, атэізм і вяртанне да веры ў гэтай краіне. На асвячэнне алтара ў Магілёў прыбыў у 1993 г. арцыбіскуп Казімір Свёнтэк. Дзякуючы гэтай падзеі аб фестывалі даведалася шмат асоб, прагучалі прывітанні ад Папы Іоанна – Паўла ІІ і арцыбіскупа К. Свёнтка.

Ідэя правядзення Міжнароднага фестываля хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа” была падтрымана такімі знакамітасцямі, як: Роўда Віктар Уладзіміравіч – народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, Каржанеўская Ганна Барысаўна – дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, Скарабагатаў Віктар Іванавіч – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт акадэміі музыкі, Бандарэнка Зінаіда Аляксандраўна – народная артыстка Рэспублікі Беларусь, дыктар беларускага радыё і телебачання.

Неабходна ведаць, што вялізны аб’ём працы выканаў і першы арганізацыйны камітэт фестывалю (найбольш цяжка быць пачынальнікам), у склад якога ўваходзілі (дакументы ў архіву фестываля захавалі спіс гэтых асоб): ксёндз Раман Факсінскі (старшыня), Аляксеянка Алесь – выкладчык дзіцячай музычнай школы, Елфімава Жанета – выкладчык музычнага вучылішча, Мішчанка Людміла – дырэктар ліцэя музыкі і харэаграфіі, Пушкін Ігар – дырэктар музея гісторыі Магілёва, Юрчанка Ганна – старшыня касцёльнага камітэта, Перапёлкін Ігар – галоўны рэжысёр абласнога драматычнага тэатра, Шпількоў Анатоль – супрацоўнік абласнога радыё, ксёндз Уладзіслаў Блін, Кальцова Алёна, Шаркова Антаніна – галоўны спецыяліст аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама, Цітоў Васіль – фотамастак [1]. Пад час другога–трэцяга фестываляў да іх далучыліся і актыўна працавалі ў справе падрыхтоўкі і правядзення фестывалю: Стуканава Стэла – выкладчык універсітэта імя А. Куляшова, Рослава Наталля – старшыня фонда “Дзеці Чарнобыля”, Барысава Алёна – журналіст абласнога тэлебачання, Касцюкевіч Галіна – настаўнік сярэдняй школы, Гвоздзеў Уладзімір – дырэктар прыватнай карціннай галерэі і інш. Склад аргкамітэта з часам мяняўся, абнаўляўся. Але ўвесь час побач з ксяндзом Раманам Факсінскім да сёняшняга часу ахвярна арганізоўвала і праводзіла фестываль Жанета Елфімава. Яна была і членам аргкамітэту і фонда, з’яўлялася членам журы фестывалю, рыхтавала конкурсную праграму музычнай і спеўчай часткі фестываля (музычны рэдактар), адначасова кіравала хорам “Спадчына”, які стаў лаўрэатам сёмага фестывалю.

Пачынаючы працу па правядзенню міжнароднага фестывалю, аргкамітэт разумеў цяжкасці і складанасці. Каб ён стаў падзеяй, атрымаў аўтарытэт і значнасць, неабходна было ў першую чаргу вырашыць некалькі задач: 1) дакладна сфармуліраваць мэты і задачы, 2) сфармуліраваць аўтарытэтнае і міжнароднае па складзе журы, 3) знайсці фінансавыя сродкі (фундатараў), 4) знайсці паразуменне і падтрымку органаў дзяржаўнай улады і кіраўніцтва іншых рэлігійных канфесій.

Вясною 1993 года аргкамітэтам была сфармуліравана абвестка–адозва “Міжнародны фестываль духоўных спеваў "Магутны Божа" , г. Магілёў, 1993 год, 13-17 ліпеня”, у якой была сфармуліравана мэта, закладзены прынцыповыя асновы будучых фестываляў. Адозва была перакладзена на польскую, рускую, англійскую, нямецкую мовы і разаслана па розных адрасах. У ёй, у прыватнасці, адзначалася:

“З мэтай аб’яднання маладога пакалення розных краін і народаў, у горадзе Магілёве 13-17 ліпеня 1993 года адбудзецца фестываль духоўных спеваў "Магутны Божа". Ён з’явіцца шляхам хрысціян розных канфесій да тых людзей, якія па волі лёсу шмат гадоў былі адлучаны ад Бога, у сэрцах якіх была створана пусташ. Гэты фестываль будзе папулярызаваць малітвы людзей у песьнях і псалмах, народзіць прагнасць да прыгажосці духоўных святынь у сэрцы кожнага з нас. Фестываль будзе радасным святам, якое пакажа прыгажосць у разнастайнасці касцёла, пошук святога ў чалавека і яднанне з Хрыстом. Сардэчна запрашаем усіх хрысціян незалежна ад поглядаў.

У фестывалі могуць браць удзел салісты і ансамблі, хоры і г.д., падаўшыя заяўку да 30.05.1993 г. У заяўке патрэбна напісаць пісьмовую згоду на ўдзел у фестывалі, прозвішча кіраўніка, выканаўцаў, пазначыўшы дату і месца нараджэння, дакладны адрас кожнага з іх, а таксама тры назвы конкурсных твораў з пазначэннем аўтараў слоў і музыкі. Пры патрэбнасці музычнага суправаджэння абавязкова даслаць ноты.

Удзельнікі прыбываюць у Магілёў 11 ліпеня 1993 года. Арганізатары забяспечваюць удзельнікаў гукавым узмацненнем, музычным абсталяваннем, арганам і, па жаданню, акампаняментам камернага аркестра, харчаваннем і начлегам.

У рамках фестывалю будзе мець месца так званая “Евангелізацыя – 2000” пад назвай “Ісус учора, сёння і заўтра”, Удзельнікі фестывалю будуць мець магчымасць выяхаць у навакольныя мясціны з песьнямі і Хрыстовым сведчаннем. Праграма фестывалю: дні 11-13 ліпеня прызначаны для спроб і апрацавання канцэртаў, рэпетыцый і апрацоўкі харэаграфіі, рэжысуры, сцэнаграфіі. У наступныя дні зранку малітвы і Эўхарыстыя, днём выступленні на вуліцах горада і наваколлі, увечары конкурсныя канцэрты.

Фестываль будзе суправаджацца рознымі культурнымі імпрэзамі: тэатральнымі прадстаўленнямі, выставамі мастакоў, разьбяроў і т.п., чытаннямі, дыскусіямі на біблейскую і тэалагічную тэматыку. Просім адгукнуцца і прыняць удзел тых, хто жадае паказаць свае творы: мастацкія, разьбы, паэтыкі, фотаграфіі (на рэлігійную тэму).

Арганізатары фестывалю шукаюць фундатараў і рады ўсім, хто жадае дапамагчы матэрыяльна...” [1]

Бачна, што праграмныя мэты фестывалю спалучалі свецкае і рэлігійнае. Практыка правядзення "Магутнага Божа" засведчыла большую схільнасць да свецкасці, засталіся ў праграме толькі сумесныя набажэнствы ў дні правядзення ды выкарыстоўванне касцёла св. Станіслава ў якасці канцэртнай залі. На першым фестывалі адбыліся конкурсы сярод харавых калектываў, ансамблей, выканаўцаў–інструменталістаў, вакальных выканаўцаў. Пазней конкурсная праграма была абмежавана конкурсам хароў і ансамблей, конкурсам прафесійных вакалістаў.

На працягу ўсіх фестываляў склад журы ачальваў народны артыст Беларусі, СССР, прафесар Віктар Роўда (Мінск). Разам з ім працяглы час працавалі ў складзе журы: дацэнт акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў (Мінск), дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская (Мінск), музыкант, выкладчык Беларускай акадэміі музыкі Жанета Елфімава (Магілёў), загадчык аддзела музыкі фонду Ф.Скарыны Брытанскай нацыянальнай бібліятэкі Гай дэ Пікарда (Англія), народная артыстка Беларусі, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Любоў Каспорская (Мінск), кампазітар, доктар мастацтвазнаўства, прафесар інстытута гісторыі мастацтваў у г. Санкт-Пецярбургу Ігар Маціеўскі (Расія), прафесар, акадэмік, дацэнт Расійскай акадэміі музыкі Аляксандр Тэвасян (Расія), прафесар Акадэміі музыкі Матэвуш Сібільскі (Польшча), прафесар духоўнай Варшаўскай Акадэміі, доктар музыказнаўства Уладзімір Валасюк (Польшча). Перыядычна ўваходзілі ў склад журы: прафесар Гданьскай Акадэміі музыкі Богуслаў Грабоўскі (Польшча), доктар музыказнаўства з Торуня Раман Груча (Польшча), музыкальны дырэктар Хэрберт Хілдэбрандт (Нямеччына), кандыдат мастацтвазнаўства Уладзімір Неўдах (Мінск), начальнікі упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ніна Падольская і Антаніна Шаркова (Магілёў), кампазітар Уладзімір Браілоўскі (Магілёў), выкладчык музыкі з Беластока Тадэвуш Траяноўскі (Польшча), выкладчык Акадэміі музыкі ў Беластоку Багдан Абрыцкі (Польшча) і іншыя. Склад журы маючы нязменную аснову, перыядычна абнаўляўся.

Падчас першага фестывалю былі выпрацаваны асноўныя крытэрыі адзнакі выступленняў удзельнікаў фестывалю: 1) прафесійнае мастацтва, 2) лепшае выкананне літургічнай музыкі, 3) лепшае выкананне класічнага твора для хароў, 4) лепшая трактоўка твора, 5) лепшае сачыненне на духоўны беларускі тэкст, 6) лепшаму салісту дзіцячага хора, 7) самы юны ўдзельнік, 8) лепшы ансамбль: выкананне літургіі, класікі, духоўнай музыкі, 9) прафесіяналізм у выкананні: арганная, фартэпіянная, струнная музыка, вакал, 10) лепшае выкананне твора “Аве Марыя”, 11) за найбольш прафесійны падыход да духоўных тэкстаў, 12) лепшы дырыжор.

Па выніках конкурснай праграмы прысуджаецца гран–пры фестывалю, прысвойваецца званне лаурэатаў, шмат прызоў–узнагарод па розных намінацыях ад арганізатараў, фундатараў, гасцей, гледачоў і г.д.

Ган–пры Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа” – абраз Маці Божай і грашовая прэмія. З абраза штогод для пераможцы робіцца копія, а сам арыгінал захоўваецца ў касцёле Св. Станіслава ў Магілёве.

Безумоўна, найбольшыя фінансавыя сродкі на арганізацыю і правядзенне фестывалю далі фундатары. Панесла значныя выдаткі і рыма–каталіцкая абшчына г. Магілёва.

Прыкладаліся намаганні каб знайсці сродкі на фестываль і з боку ініцыятыўнай групы. Планавалася часткова вырашыць гэтае пытанне шляхам дабрачынных канцэртаў. Так, 12 красавіка і 8 мая 1993 года ў Магілёве ў памяшканні касцёла Св. Станіслава і ў горадзе Бабруйске ў касцёле св. Апосталаў Пятра і Паўла адбыліся набажэнствы і дабрачынныя канцэрты. Сродкі, які былі сабраныя падчас правядзення канцэртаў, пайшлі на правядзенне фестываля "Магутны Божа". У праграме канцэртаў значыліся выступленні: хора “Спадчына” (кіраўнік Ж.Елфімава), хора пад кіраўніцтвам С.Лішчанка, камернага ансамбля (кіраўнік В.Родаў), вакалісткі А.Гарбацюк, скрыпачкі Г.Гусарэвіч, арганістага Федаровіча.

Дакументы з архіва фестывалю захавалі фундатараў першага фестывалю: ВА“Стромаўталінія”, Магілёўскі філіял Беларускага пратэзна–аднаўленчага цэнтру, камбінат кааператыўнай прамысловасці г. Шклоў, Магілёўскі філіял № 3 ВА“Пратэзіст”, прафком Магілёўскага аўтазавода імя С.М.Кірава, фірма “Святлана”, царква “Віфанія”, Беларуская Каталіцкая Грамада, Магілёўская арганізацыя БНФ “Адраджэньне”. Як бачна грамадзянскую ініцыятыву магілёўцаў падтрымалі тыя, хто разумеў неабходнасць духоўнага і культурнага адраджэння. Акрамя пералічэння сродкаў на рахунак аргкамітэту, фундатары заснавалі шэраг спецыяльных узнагарод: спецыяльны прыз БНФ хору “Унія”, за арыгінальнасць праграмы дзіцячаму хору г. Браслава (БКГ), глядацкіх сімпатыяў ансамблю “СПЭС” (Польшча), прыз імя М.Равенскага за евангелізацыю і дапамогу падчас фестывалю ансамблю “Крэдо” (Украіна) ад Р.Факсінскага і інш.

22.04.93 г. аргкамітэт звярнуўся за дапамогаю ў “Фонд Сораса Беларусь”. Аднак, трывалым фундатарам фонд стаў падчас арганізацыі і правядзення другога, трэцяга, чацвёртага фестываляў (1994–1996 гг.). У заяўцы фонду фестываля на імя фонда Сораса на правядзенне V фестывалю прыведзены каштарыс выдаткаў на 16000 даляраў ЗША [1]. У наступныя гады асноўныя сродкі на арганізацыю і правядзенне фестываля забяспечвалі рыма–каталіцкая царква і Магілёўскі гарвыканкам.


Арганізатары першага фестывалю разумелі неабходнасць паразумення з органамі ўлады і прадстаўнікамі іншых рэлігійных канфесій, дзейнічалі заўжды згодна існуючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Перад пачаткам фестывалю арганізатары накіроўвалі адпаведны ліст у адрас Магілёўскага гарвыканкама. Так, напярэдадні першага фестывалю 22.04.93 г. аргкамітэт у лісце, падпісаным пробашчам касцёла св. Станіслава У.Блінам, да старшыні гарвыканкама І.Зайцава прасіў дапамогу ў вырашэнні наступных пытанняў: даць дазвол на размяшчэнне рэкламных шчытоў і афіш; дазволіць бясплатны праезд у гарадскім транспарце ўдзельнікам фестывалю з 11 па 17.07.93г.; дазволіць размяшчэнне намётаў для пілігрымаў у раёне Пашкава; садзейніцтва ў арганізацыі працы міліцыі, ДАІ, хуткай дапамогі, ваенна-палявой кухні; выдзяліць месца для стаянкі аўтатранспарту каля касцёлу; аказаць дапамогу ў запраўцы палівам аўтатранспарту (тады быў дэфіцыт паліва ў краіне); аказаць дапамогу ў размяшчэнні ўдзельнікаў фестывалю ў інтэрнатах горада.

Неабходна адзначыць, што гарвыканкам адгукнуўся на зварот аргкамітэту і не стаў ствараць перашкод. 16 чэрвеня 1993 года Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне за № 93-26 “Аб аказанні дапамогі аргкамітэту па правядзенню Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа". У ім была прынята прапанова аб правядзенні фестывалю 11–17 ліпеня. Даручана аддзелу транспарта гарвыканкама вырашыць пытанне аб арганізацыі аўтастаянкі. Дазволены, пры наяўнасці часовага пасведчання ўдзельніка фестывалю, бясплатны праезд у гарадскім транспарце з 11 па 17 ліпеня. Гарвыканкам дазволіў размясціць шчыты, афішы, выступленні на ўсіх заяўленых пляцоўках, за выключэнне плошчы імя У.Леніна. Адміністрацыям Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, машынабудаўнічага інстытута, будаўнічага тэхнікума, палітэхнікума, педвучылішча, вучылішча культуры было дазволена размясціць удзельнікаў фестывалю ў іх інтэрнатах з 11 па 17.07.93 г.

Непаразуменні ў аргкамітэта ўзнікалі з асобнымі прадстаўнікамі абласных уладаў і адміністрацыяй Ленінскага раёна г. Магілёва (старшыня Палякоў). Успрымаючы фестываль як каталіцкі форум, яны стваралі розныя перашкоды: не дазвалялі выступаць на тэрыторыі раёна, забаранілі праход пілігрымаў і г.д. Некаторыя спрэчныя пытанні ўдалося вырашыць членам аргкамітэту Г.Касцюкевіч, І.Пушкіну у аддзеле па справах рэлігій аблвыканкаму (І.Саўчанка) толькі з дапамогаю абласнога тэлебачання і А.Барысавай.

Неабходную дапамогу ўдалося знайсці на ўзроўні кіраўнікоў абласной і гарадской улады. Непаразуменні на першых фестывалях былі з кіраўніцтвам Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Архіепіскап Максім упершыню наведаў канцэрт адкрыцця толькі ў 1996 годзе, але хутка пакінуў залю. Дзякуючы намаганням В.Роўды, В.Скарабагатава, Л.Мішчанкі да 1995 года было знойдзена паразуменне з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам Всея Беларусі Філарэтам. Падтрымалі аргкамітэт у правядзенні фестывалю, акрамя рыма-каталікоў і грэка-каталікоў, шэраг пратэстанцкіх абшчын, веруючыя праваслаўныя. Як адзначала Ж.Елфімава ў сваім інтэрв’ю газеце “Веснік Магілёва” 10.07.1997 года: “Калі меркаваць па веравызнанню ўдзельнікаў, дык больш за ўсіх заўжды было праваслаўных. Толькі ў 1996 годзе выступіла восем хароў з праваслаўных храмаў Беларусі, Украіны, Расіі” [1].


У рашэнні за № 11–4 ад 21.06.95 г. Магілёўскага гарвыканкама “Аб правядзенні ІІІ–га Міжнароднага фестываля духоўнай музыкі "Магутны Божа" з’явіўся пункт: “Аргкамітэту па правядзенню фестываля духоўнай музыкі "Магутны Божа" (А. Аляксеенка) прыняць меры аб недапушчальнасці правядзення набажэнстваў, рэлігійных цэрэмоній і евангелічных сходаў па–за сценамі культавых пабудоў” [1].

Фестываль "Магутны Божа" быў з захапленнем успрыняты магілёўцамі, на канцэртах і конкурсных праслухоўваннях быў заўжды аншлаг. Фестываль набыў папулярнасць, як у Беларусі, так і за яе межамі. Наведаць канцэрты фестывалю прыязджалі з розных гарадоў Беларусі.

Асаблівай папулярнасцю фестываль карыстаўся ў патрыятычнай часткі насельніцтва горада і нашай дзяржавы. Падчас адкрыцця і закрыцця фестывалю, на канцэртах, слухачы размахвалі бел–чырвона–белымі сцягамі, асабліва на ІІІ і ІV фестывалях. Слухачы ІІІ фестывалю ўрачыста сустрэлі З.Пазьняка – лідара БНФ. Гэты нацыянальны патрыятызм напалохаў уладу, справацыраваў улады на негатыўныя адносіны да фестывалю. Як адзначалі ў сваім лісце ад імя Фонду "Магутны Божа" А.Барысава і С.Стуканава ў 1997 г.: “Палітычныя і эканамічныя абставіны на Беларусі пазбавілі фестываль падтрымкі асноўных фундатараў. Не разлічвае Фонд і на падтрымку дзяржаўнай улады, бо яны заклеймавалі свята “ганебнымі”, на іх погляд словамі “адраджэнчасці” і “каталіцкі”. Умовы, якія навязваюцца Фонду з’яўляюцца непрымальнымі, сведчаць аб непаразуменні, часам варожасці, супярэчаць самой ідэі фестываля хрысціянскай духоўнай музыкі. Летась быў забаронены маладзёжны праект “Беларускі рок насустрач фестывалю "Магутны Божа", зараз прапануецца ўзгадненне спіса ўдзельнікаў і гасцей фестываля”. Улады сталі патрабаваць узгадненне тэкстаў спеваў і г.д. Каб нейкім чынам суцішыць павялічваючыяся супярэчнасці з уладамі, старшыня аргкамітэту А.Аляксеенка ад свайго імя накіраваў ліст прэзыдэнту Беларусі (1995 год) з просьбай падтрымаць фестываль "Магутны Божа" і запрасіў яго на “наша свята духоўнасці і яднання” [1].

Шмат непрыемнасцяў у той час з–за фестывалю зведаў ксёндз Раман Факсіньскі, які беспадстаўна быў абвінавачаны ўладамі ва ўсіх недахопах і “парушэннях”. Адбыўся раскол і ў складзе аргкамітэту.


Пачынаючы з пятага Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" знаходзіцца пад поўным кантролем дзяржаўнай улады і пераўтварыўся ў звычайны конкурс, якіх шмат праводзіцца ў розных гарадах Беларусі, згубіў сваё святочнае аблічча.

З моманту далучэння да падрыхтоўкі і правядзення фестывалю органаў дзяржаўнай улады, паціху, на дзіва, зніклі ўсе абвінавачванні і перашкоды.

За гады існавання фестываля ў ім прынялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек, а гэта – хары прафесійныя, аматарскія, прыхадскія, дзіцячыя, маладзёжныя, ансамблі, салісты і госці з краін блізкага і дальняга замежжа: з розных куткоў Беларусі, з Расіі, Польшчы, Англіі, Малдовы, Украіны, Грузіі, Балгарыі, Літвы, Галандыі і іншых краін. І паколькі першапачатковай з’яўляецца аб’яднаўчая мэта фестываля, то ўдзел у ім бралі калектывы каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій. Лаўрэатамі фестывалю ў розныя гады былі: Дзяржаўны акадэмічны хор імя Цітовіча, мужскі хор “Унія”, квартэт “Чысты голас”, Гродзенская харавая капэла, Дзіцячы хор праваслаўнага катэдральнага сабора Пятра і Паўла з Гомеля (Беларусь), Ларыса Дарэнская і Гаянэ Хасцян з Львова, Акадэмічны Галіцкі хор “Еўшан” з Львова (Украіна), мужчынскі муніцыпальны хор “Кафедра” з Казані (Расія), калектывы з Грузіі, Балгарыі, Польшчы.

Дзейнічае рэгламент Міжнароднага хрысціянскага фестываля духоўнай музыкі “Магутны Божа”:

1. Міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа” праходзіць штогод ў месяцы ліпені, у касцёле св.Станіслава і канцэртных залах горада Магілева.

2. У фестывалі могуць прымаць удзел хоры, ансамблі, вакалісты ў наступных катэгорыях:
а) прыхадскія ансамблі і хоры;
б) свецкія ансамблі і хоры: аматарскія і прафесійныя;
в) дзіцячыя ансамблі і хоры;
г) вакалісты прафесійныя (конкурс вакалістаў складаецца з трох тураў).

3. Праграма па–за конкурснага выступлення павінна складацца не меньш чым на палову з музычных твораў той краіны, якую прадстаўляе калектыў. Максімальны час для выканання – 30 хвілін.

4. Абавязковым для ўсіх ўдзельнікаў фестывалю з’яўляецца выкананне твора М.Равенскага на вершы Н.Арсеньевай “Магутны Божа” на беларускай мове ўдзельнікаў у зводным хоры канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю [1].


Гісторыя фестываля “Магутны Божа” ў поўным аб’ёмеУ дні праходжання фестывалю праводзяцца па–за конкурсныя канцэрты эстраднай музыкі, фотавыставы, мастацкія выставы, экскурсіі, семінары, майстар–класы, сустрэчы з выканаўцамі, канцэрты лаўрэатаў фестывалю.

Пачынаючы з першага фестывалю і да апошняга экскурсійнае абслугоўванне ўдзельнікаў і гасцей фестывалю забяспечвае калектыў музея гісторыі Магілёва.

Пад час фестывалю працавалі творчыя майстэрні, у якіх прынялі ўдзел вядомыя музыканты, дырыжоры, кампазітары з розных краін: прафесар В.Роўда (Мінск, Беларусь), прафесар І.Маціеўскі (С. – Пецярбург, Расія), прафесар А.Тэвасян (Масква, Расія), доктар Гай дэ Пікарда (Лондан, Англія), дацэнт В.Скарабагатаў (Мінск, Беларусь), прафесар Б.Грабоўскі (Гданьск, Польшча), прафесар У.Валасюк (Варшава, Польшча) і інш.

Першы Міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі "Магутны Божа" адбыўся 11-17 ліпеня 1993 года (канцэрты з 12 па 17 ліпеня). Акрамя ўрачыстага адкрыцця і закрыцця фестывалю (канцэрты адбываліся ў палацы школьнікаў), было 10 канцэртаў (конкурсных і па–за конкурсных) у касцёле Св. Станіслава, палацы культуры КШТ, зале ліцэя музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля лялечнага тэатру, дыагнастычнага цэнтру, кансерваторыі. 14.07.93 г. у ПК КШТ адбылася дыскатэка, 16.07.93 г. сяброўская сустрэча вакол вогнішча каля будынка касцёла Св. Станіслава.

На ўрачыстае адкрыццё фестываля 13 ліпеня ў палацы школьнікаў сабралася больш 600 чалавек (гэта вымусіла ў далейшым рабіць падобныя канцэрты ў залі палаца культуры ААТ “Хімвалакно”). Падрыхтоўкай гэтага канцэрта займаўся рэжысёр І.Перапёлкін, музычны рэдактар Ж.Елфімава, А.Аляксеенка і інш. Вялі канцэрт В.Хомчанка, Р.Белацаркоўскі, З.Бандарэнка. Напачатку з уступным словам выступіў І.Пушкін, далей прывітанне ад гарадскіх уладаў, выступленне старшыні журы В.Роўды, старшыні аргкамітэту Р.Факсіньскага. У канцэрце прынялі ўдзел выканаўцы, ансамблі, хоры, аркестры з Беларусі і Польшчы. На адкрыцці прысутнічалі ўдзельнікі пілігрымкі з Расіі. Іх маршрут пралягаў: 4.07 – цягніком з Масквы да Смаленску, затым 5.07. пешшу з Смаленска ў Катынь, 7.07. – у Смаленску, 8.07. – на мяжы з Беларуссю, 9.07. – у Воршы, 11.07. – Шклоў, 12 ліпеня прыбылі ў Магілёў. Наогул у гэтай пешай пілігрымкі прынялі ўдзел каля 400 чалавек з: Расіі (каля 350 асоб), Того, Украіны, Бяніна, Эфіопіі, Нікарагуа, Казахстана, Латвіі, Уганды, Бурундзі, Перу, Польшчы, Танзаніі.

У якасці гасцей на фестывалі прысутнічалі: віцэ–маршалак сената Польшчы А.Гжэшковяк, дэлегацыя арганізацыі “Касцёл у патрэбе” (Германія), дэлегацыя з Францыі (3 асобы), дэлегацыя з Германіі на чале з кс. Кавальчыкам, дэлегацыя святароў з Польшчы, дырэктар агульнапольскага фестывалю духоўнай музыкі Я.Пахусіньскі, генерал ордэну францішканцаў, дэлегацыя музыкантаў з Беластока, дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь.

У конкурснай праграме прынялі ўдзел:

- хароў – 13, з іх 12 з Беларусі (Мінск, Магілёў, Гродна, Барысаў, Маладзечна, Новаполацк, Браслаў, Бабруйск) і 1 з Польшчы;
- ансамбляў 9 (Беларусь, Польшча, Украіна);
- бардклуб з Магілёва (5 салістаў);
- вакалістаў – 8;
- аркестр – 1;
- выканаўцы-інструменталісты – 6 (фортэпіяна, віяланчэль, скрыпка);
- арган і вакал – 7.

Гран–пры І фестываля "Магутны Божа" атрымаў мужчынскі камерны хор “Унія” (г. Мінск, Беларусь) [1].

На першым фестывалі былі афіцыйна акрэдытаваны прадстаўнікі наступных сродкаў масавай інфармацыі: беларускае тэлебачанне (3 чал.), тры радыёжурналіста з Мінска, карэспандэнты газет “ЛІМ”, “Народная газета”, абласнога тэлебачання і радыё, карэспандэнты Магілёўскіх газет. Наступныя фестывалі рэгулярна асвятляліся ў друкаваных СМІ, на радыё і тэлебачанні Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны.

Другі Міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі адбыўся ў Магілёве 11–17 ліпеня 1994 года. Першы канцэрт адбыўся ўжо 11 ліпеня ў касцёле Св. Станіслава. Акрамя ўрачыстага адкрыцця (13.07., палац культуры ВА “Хімвалакно”) і закрыцця (17.07.94 г.) адбылося 17 конкурсных і па–за конкурсных канцэртаў у памяшканні касцёла Св. Станіслава, на пляцоўкі каля касцёла, у ліцэі музыкі і харэаграфіі, выставачным залі саюзу мастакоў, у тым ліку і канцэрт артыстаў беларускай эстрады 16.07.94 г. у ПК ВА “Хімвалакно” [2].

Пад час фестывалю 12.07.94 г. у выставачнай залі абласнога саюзу мастакоў адбылося адкрыццё выставы "Магутны Божа" твораў мастакоў. Працавала выстава музея гісторыі Магілёва “Хрысціянская культура Магілёва” у памяшканні музея імя В.К. Бялыніцкага–Бірулі.

У прыватнай мастацкай галерэі “Арт–Правіцыя” (дырэктар У.Гвоздзеў, па зав. Чарнышэўскага, 5) працавала выстава, якая была прысвечана фестывалю "Магутны Божа".

У склад журы фестываля ўвайшоў Гай дэ Пікарда.

У другім фестывалі ўдзельнічалі: 17 хароў з Беларусі, Польшчы, Галандыі, Расіі, Украіны; 1 аркестр з Германіі; 11 ансамблей з Беларусі, Расіі; 6 выканаўцаў арганнай музыкі.

Гран–пры другога фестывалю "Магутны Божа" атрымаў камерны хор г. Вінніца (Украіна).

Трэці Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" праходзіў у Магілёве 11–17 ліпеня 1995 года. Адкрыццё адбылося 13.07.95 г., закрыццё 17.07.95 г. Акрамя гэтага адбылося 11 конкурсных і па–за конкурсных канцэртаў у касцёле Св. Станіслава і ліцэі музыкі і харэаграфіі, у тым ліку і канцэрт лаурэатаў ІІ фестывалю, якія былі спецыяльна запрошаны на фестываль (12.07.95 г.). 12 і 16 ліпеня адбыліся семінары для кіраўнікоў хораў у ліцэі. Пад час фестывалю ў памяшканні касцёла св. Станіслава музей гісторыі Магілёва (дырэктар І.Пушкін) арганізавалі тры выставы з фондаў музея: “Крокі фестывалю” (фотаздымкі і дакументы з гісторыі правядзення фестывалю), “Божае слова на кніжных старонках” (выстава кніг 18-19 стст.), “Водгукі мінуўшчыны” (прадметы культу 12-18 стст.). У прыватнай галерэі “Арт–Правінцыя” была арганізавана выстава дзіцячага малюнка “Вобразы Іерусаліму” [2].

У трэцім фестывалі ўдзельнічалі: 12 хораў з Беларусі, Галандыі, Балгарыі, Украіны, Расіі, Польшчы; 11 ансамбляў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы; дуэт з Грузіі; 5 вакалістаў з Беларусі, Украіны, Камеруна [2].
Гран–пры ІІІ фестывалю "Магутны Божа" атрымаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны хор імя Г. Цытовіча.

Найбольш урачыстым было адкрыццё ІІІ фестываля "Магутны Божа", у ім у якасці выканаўцаў было задзейнічана 504 чалавека – 12 хароў (Беларусь, Балгарыя, Галандыя, Расія, Украіна, Польшча); 11 ансамбляў. На ўрачыстым закрыцці было багата прызоў, акрамя традыцыйных ад арганізатараў, Р.Факсіньскага, былі ад: арганізацыі БНФ “Адраджэнне”, дабрачыннага фонду “Сакавік”, БКГ, фонду “Дзеці Чарнобыля” [1] і г.д. Фестываль наведалі вядомыя ў Беларусі палітыкі.

Чацвёрты Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" адбыўся ў Магілёве 13–16 ліпеня 1996 года. Як адзначыў у сваім інтэрв’ю “Расійскай музыкальнай газеце” (№ 3, верасень 1996 г.) член журы прафесар А.Тэвасян: “У гэтым годзе ў арганізацыі свята актыўны ўдзел прынялі гарадскія ўлады: аргкамітэт ачоліў намеснік мэра, а на заключным канцэрце мітрапаліт Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім і ксёндз Уладзіслаў Блін сядзелі побач” [1]. У тым годзе аргкамітэт складаўся з: У.Цумарава – старшыні аргкамітэту, намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама, Н.Падольскай – намесніка старшыні аргкамітэту, начальніка упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама, А.Барысавай – намесніка старшыні аргкамітэту, Ж.Елфімавай – музычнага рэдактара, С.Стуканавай – старшыні фонду "Магутны Божа". З гэтага часу пачалося адхіленне грамадскасці ад працэсу падрыхтоўкі і правядзення фестываля.

Урачыстае адкрыццё фестываля адбылося 13 ліпеня, закрыццё 16 ліпеня. Адбыліся 12 канцэртаў у касцёле Св. Станіслава, ліцэі музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла, у скверы “40-годдзя Перамогі”, каля педагагічнага факультэта Беларускай акадэміі музыкі. У тым ліку: канцэрт мінскага камернага хору “Санорус” (мастацкі кіраўнік А.Шут), на якім адбылася прэм’ера твора Ал.Хадоскі “Літургія св. Яна Златавуста”; канцэрт Дзяржаўнага Акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. Цітовіча (мастацкі кіраўнік М.Дрынеўскі) у канцэртнай залі педфака Беларускай акадэміі музыкі [2].

У межах фестывалю 13.07.96 г. у выставачнай залі саюзу мастакоў адбылася прэзэнтацыя выставы мастакоў Магілёўшчыны “Святло душы”. 14.07.96 г. у гарадскім цэнтры культуры адбылася выстава з фондаў музея гісторыі Магілёва “Хараство і прыгажосць старога Магілёва”, у час яе адкрыцця быў выкананы монаспектакль Л.Кузьменка “Жыціе Еўфрасінні Полацкай” (рэжысёр В.Ермаловіч). У кінатэатры “Чырвоная зорка” адбылася прэзентацыя дакументальнай кінастужкі “Успамін аб Міколе Равенскім”.

Такая разнастайная музычная і мастацкая праграма IV фестывалю стала магчымай дзякуючы намаганням А.Барысавай.

IV фестываль "Магутны Божа" стаў вядомы тым, што на ім была прадпрынята спроба цэнзуры тэкстаў выканаўцаў. Да таго ж, па ідэалагічных меркаваннях, гарадскія ўлады забаранілі імпрэзу “Крок насустрач”. Беларускі рок – фестывалю "Магутны Божа".

16 ліпеня 1996 г. працавала творчая майстэрня з удзелам Гая дэ Пікарда і А.Тэвасяна.

На фестывалі, як раней і на наступных, адбываліся прэс–канферэнцыі і сяброўскія сустрэчы вакол вогнішча каля касцёла Св. Станіслава.

У IV фестывалі "Магутны Божа" прынялі ўдзел: 21 харавы калектыў з Беларусі, Расіі, Галандыі, Украіны, 4 ансамбля з Украіны, Беларусі, 7 вакалістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, 2 калектывы з Польшчы.

Гран–пры фестываля атрымаў мужчынскі муніцыпальны хор “Кафедра” з г. Казані (Расія).

Неабходна адзначыць, што пад час падрыхтоўкі ІІ – ІV фестываляў аргкамітэт прынімаў заяўкі ад 500-700 удзельнікаў.

У сувязі з эканамічнымі абставінамі, стратаю шэрагу фундатараў, Фондам фестывалю "Магутны Божа" супольна з сябрамі журы конкурсу (В.Роўда, В.Скарабагатаў, Г.Каржанеўская, Л.Каспорская) было прынята рашэнне правесці V фестываль (юбілейны) у скарочаны тэрмін і без конкурснай праграмы, запрасіўшы ўладальнікаў гран–пры і лаўрэатаў папярэдніх фестываляў.

Пяты Міжнародны фестываль духоўнай музыкі праводзіўся 12–14 ліпеня 1997 года. У памяшканнях касцёла Св. Станіслава, ліцэя музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла і фантанаў сквера “40-годдзя Перамогі” цешылі магілёўцаў сваім майстэрствам: мужчынскі камерны хор “Унія” (Магілёў), Гродзенская харавая капэла, хор “Санорус” (Мінск), хор царквы ў гонар Вобраза Маці Божай Усіх Тужлівых Радасці (Мінск), хор касцёла Св. Станіслава, маладзёжныя ансамблі з Польшчы, ансамбль “Чысты голас” (Мінск), ансамбль “Баграты” (Кутаісі, Грузія), ансамблі “Плата”, “Палац” (Мінск), вакалісткі Т.Цыбульская (Мінск), Г.Хасцян і Л.Дарэнская (Львоў, Украіна), арганістка К.Кафанава (Расія), духавыя аркестры з Польшчы “Зволеня” і Магілёва [2].

Неабходна адзначыць, што на той час хор “Унія” атрымаў прапіску ў г.Магілёве, стаў калектывам Магілёўскай абласной філармоніі.

Гала–канцэрт лаўрэатаў і гасцей V фестывалю адбыўся 13 ліпеня ў касцёле Св. Станіслава. У той дзень зранку хор Гродзенскай капэлы і мужчынскі камерны хор “Баграці” (Грузія) прынялі ўдзел у літургіі ў Магілёўскім праваслаўным саборы Трох Свяціцеляў, а Т.Цыбульская, хоры “Санорус” і “Унія” ва ўрачыстай Святой Імшы (набажэнстве) у касцёле Св. Станіслава.

Высокім узроўнем прафесійнага выканання найбольш уразіў магілёўцаў – мужчынскі камерны хор “Баграці” з горада Кутаісі (Грузія).

VІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" адбыўся 11–15 ліпеня 1998 года. Улічваючы ўрачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, адбылося 10 конкурсный і па–за конкурсных канцэртаў у касцёле, ліцэі музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла і ў скверы “40-годдзя Перамогі”. У выставачнай залі музей гісторыі Магілёва адкрыў выставу “Храмы Магілёва: мінулае і сучаснасць” (12.07.98 г.) [1,2].

У фестывалі прынялі удзел: 5 хораў (Украіна, Беларусь, Расія), 3 ансамбля (Беларусь, Польшча), 7 вакалістаў.

Гран–пры атрымаў Бранскі гарадскі акадэмічны хор (Расія).

Крыніцы:

1. Бягучы архіў Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа".
2. Праграмкі Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа".

11:59 30.06.2008
#1 написал: Colonel (28 лістапада 2011 12:14)
Thought it woludn't to give it a shot. I was right.
#2 написал: aqbnyda (28 лістапада 2011 17:30)
rzeDkG <a href="http://rigfbaijrutm.com/">rigfbaijrutm</a>
#3 написал: bcpdbnprz (29 лістапада 2011 21:15)
CeqkXD , nwsnmsuklqlx, [link=http://wsosatdshtma.com/]wsosatdshtma[/link], http://xottlvpvejfe.com/
#4 написал: kvrwsxng (2 сьнежня 2011 14:56)
VYVfYu <a href="http://tgvclnnsxhtj.com/">tgvclnnsxhtj</a>
#5 написал: rtmlnouupc (7 сьнежня 2011 19:01)
5pikxb , goskrxyepxxo, [link=http://qlgukyearvgj.com/]qlgukyearvgj[/link], http://ibenrmmexitl.com/
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы