“Ад чорнага замка Гальшанскага да Барысавага каменя” – менавіта так называлася вандроўка, наладжаная Таварыствам беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Калі сярод Вас ёсць добрыя географы, то Вы, напэўна, зразумелі, што маршрут нашага падарожжа пралягаў па Заходняй частцы Гродзеншчыны і Віцебшчыны. Аўдыторыя была “разнашэрсная”: ад навучэнцаў пачатковых класаў і студэнтаў ВНУ, да маладых спецыялістаў і людзей больш сталага ўзросту (фатографу прывітанне!). Усіх гэтых людзей аб’яднала любоў да роднай мовы і краю, і яшчэ аб’яднаў аўтобус, у якім мы праехалі 1400 кіламетраў за тры дні.
Галоўная мэта падарожжа – знаёмства з архітэктурнымі помнікамі Беларусі. За гэты час мы наведалі больш за 24 мясціны. Крэва, Гальшаны, Кушляны, Гервяты, Браслаў, Мосар, Паставы, Нарач – гэта толькі маленькая частка краявідаў, якія мы мелі магчымасць пабачыць.

Архітэктура канечне ўражвае, але яшчэ больш уражвае гасціннасць людзей, з якімі мы мелі зносіны падчас экскурсіі. Я лічу, што ў кожнага засталася ў памяці
Ада Райчонак, звычайная вясковая настаўніца, якая стварыла тры музеі рэспубліканскага характару: Гісторыка – мастацкі; Музей імя Сікоры; Музей імя Язэпа Драздовіча. Апошні размяшчаецца ў палаца-паркавым комплексе Шырынаў, што ў Германавічах; яго мы і наведалі. Ада Райчонак з’яўляецца таксама адным з арганізатараў чытанняў, прысвечаных памяці Васіля Быкава. Гэтая жанчына сваім жыццем яшчэ раз падцвярджвае народную ісціну – не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.

Усе ўспомняць радушша мясцовага ксендза
Юзафа Булькі, чый прыход знаходзіцца ў Мосары. Трэба адзначыць, што сярод мясцовага насельніцтва ён карыстаецца вялікай павагай. Да яго за парадай прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. Гэты чалавек стварыў арыгінальны музей супраць п’янства. Сам жа ксендз сцвярджаў, што у яго прыходзе няма ніводнага п’яніцы (паверылі на слова).
Такія цікавыя, непадобныя адзін да аднаго людзі! Змяняліся людзі, выявы розных будынкаў праляталі перад вачамі з вялікай хуткасцю: то перад намі руіны Крэўскага замка, датуемыя 14 стст., то мы ўжо глядзім на Міхайлаўскі касцёл 1900 гг. у Ашмянах.
Маленькай іскрынкай у нашым падарожжы было тое, што кожны чалавек мог адчуць сябе ў ролі экскурсавода. Алег, арганізатар вандроўкі, загадзя размяркаваў паміж намі мясціны, аб якіх трэба было сказаць некалькі слоў. Такая творчая праца настолькі натхніла некаторых, што яны цвёрда вырашылі мяняць месца працы…
У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён. Я лічу, усе турысты са мной пагадзяцца, што для іх гэтая сустрэча не прайшла дарэмна. Хтосьці набыў сабе новых сяброў з Магілёва, Мінска, Бабруйска і нават з Масквы(!), хтосьці павялічыў лексічны багаж… і ўсе дакрануліся да гісторыі. Хачу выказаць вялікі дзякуй усім вандроўнікам, якіх згуртаваў маршрут “Ад чорнага замка Гальшанскага да Барысавага каменя”.
Вольга Гаўрыленка
У Мосары. Здымак Аляксандра Ліціна Гл. таксама:Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2) Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Вандроўка на паўночны захад Беларусі (маршрут, фота)