галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Дыпляматы замежных краінаў падтрымалі беларускую мову
15 сакавіка а 14-й на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску стартавала Першая агульнананацыянальная дыктоўка. Удзел у ёй бралі паслы замежных краінаў, дзеячы культуры, прадстаўнікі СМІ.

Дыктоўка, прымеркаваная да 90-годзьдзя БНР, задумлялася найперш як акцыя салідарнасьці, пісаць яе ўсенародна прапануецца 23 сакавіка. "Сёньняшняя сустрэча на ТБМ была выкліканая тым, што ня ўсе дыпляматы, якія захацелі выказаць падтрымку беларускай мове, змогуць узяць удзел у дыктоўцы 23-га", -- кажа ініцыятар ідэі Ўладзімер Падгол.

Перад уласна пісаньнем адбыўся імправізаваны паэтычны фэстываль, зладжаны сіламі дыпляматычнага корпусу. Часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак прачытаў верш клясыка славацкае літаратуры Паўла Орсага Гвездаслава, прысьвечаны роднай мове. Пераклад рабіў сам спадар Рэгак з дапамогаю Васіля Сёмухі. Сьледам гучалі па-беларуску творы зь літоўскае, украінскае, польскае клясыкі ў выкананьні прадстаўнікоў гэтых краінаў. Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў па-ангельску верш Янкі Купалы. Гэтыя выступы-прысьвячэньні, паводле словаў ініцыятараў, мусіла распачаць чытаньнем па-беларуску "Білю аб правах чалавека" пасол ЗША Карэн Ст'юарт.

У якасьці тэксту была абраная трохі адаптаваная прадмова да "Дудкі беларускай" Мацея Бурачка. Замежнікі, хто не пачуваўся пэўным у мове, пісалі дыктоўку па-свойму, празь перакладчыкаў.

Прадстаўнік Швэцыі Стэфан Эрыксан пісаў дыктоўку па-беларуску і сярод першых здаў яе на праверку. Іншы выдатны знаўца беларускай мовы, прадстаўнік Ізраілю Зэеў Бэн-Ар'е, ня змог прысутнічаць з прычыны шабату. Але ён паабяцаў узяць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы 23 сакавіка.

"Галоўная ж тут не колькасьць памылак, галоўнае -- удзел, -- кажа У.Падгол. -- Галоўнае паказаць, што мова наша для нас сьвятая".

nn.by


Гл. таксама:

Вялікая беларуская дыктоўка на 90-годзьдзе БНР

17:55 15.03.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы