галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Генпракуратура пераходзіць на беларускую
Генеральная пракуратура падтрымала зварот старшыні грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алега Трусава аб афармленні афіцыйнага канверта гэтай дзяржструктуры на беларускай мове. Пра гэта гаворыцца ў лісце генпракурора Рыгора Васілевіча, які паступіў у штаб‑кватэру ТБМ.

Генпракуратура пераходзіць на беларускуюУ інтэрв’ю БелаПАН А.Трусаў выказаў падзяку Р.Васілевічу за разуменне моўнай праблемы ў дзяржаве, якая дэкларавала парытэт дзвюх дзяржаўных моў — беларускай і рускай. «Аднак пасля 1996 года галоўнай стала мова суседняй дзяржавы, а беларуская мова з дзяржаўнай ператварылася ў сродак зносінаў невялікай часткі насельніцтва, якое не прадстаўляе дзяржаўны апарат. У сувязі з узніклай сітуацыяй ТБМ праводзіць палітыку па дасягненні парытэту беларускай і рускай моў на бланках і ў тэкстах дзяржаўнай дакументацыі», — зазначыў А.Трусаў.

У якасці станоўчай рэакцыі чыноўнікаў на такую палітыку старшыня ТБМ прывёў рашэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і Мінскага гарвыканкама аб падрыхтоўцы многіх узораў сваёй дакументацыі на мове тытульнай нацыі. «Акрамя таго, Канстытуцыйны суд і Нацыянальны банк таксама выдаюць сваю афіцыйную дакументацыю на беларускай мове», — сказаў А.Трусаў.

Сярод дзяржструктур, якія «ніяк не рэагуюць» на звароты ТБМ, ён назваў Міністэрства юстыцыі і РУП «Мінск Крышталь» па выпуску лікёра‑гарэлачных вырабаў. Паводле слоў А.Трусава, чыноўнікі гэтых структур не разумеюць, што няма дробязей у такой важнай справе, як пашырэнне сферы ўжывання роднай мовы. «І калі на афіцыйных канвертах Мінюста і гарэлачных этыкетках сталічнага «Крышталю» ў асноўным прысутнічае толькі руская мова, гэта сведчыць аб стаўленні да нацыянальнай духоўнай спадчыны», — заявіў старшыня ТБМ.

nn.by

21:13 29.02.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы