Другога чытаньня чакае законапраект "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Над праектам пільна працуе Камісія ніжняй палаты парлямэнту сумесна з Інстытутам мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук.
Рэдагаваньне новага законапраекту адбываецца ў закрытым парадку. Але здараецца ўцечка некаторай інфармацыі. Напрыклад аб тым, што зьменены трэці пункт дакумэнту, які гаварыў, што новымі зьменамі неабходна будзе карыстацца на афіцыйным узроўні. Дэпутаты ліквідавалі словы "на афіцыйным". Такім чынам, закон пашыраецца на ўсё друкаванае слова. Паводле незалежнай грамадзкай думкі, новыя правілы прывядуць да забароны клясычнага правапісу, гэтак званай "тарашкевіцы".
Саўка: Магчыма, атрымаем два моманты, якія можна лічыць станоўчымі
Мяркуецца, што апрацоўка новага закону "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" найраней завершыцца ў 2010 годзе. Пра агульныя рысы зьменаў у беларускім правапісе распавядае мовазнаўца Зьміцер Саўка.
З.Саўка: Магчыма, што мы атрымаем праект, у якім праведзеныя два моманты, якія можна лічыць станоўчымі. Гэта спрашчэньне правапісу "ў". "Ў" будзе пазначацца ва ўсіх выпадках, калі яно не націскное й пішацца пасьля галоснага, напр. "ва ўнівэрсытэце". На сёньняшні дзень трэба пісаць праз "у" нескладовае. І другі станоўчы момант, які, я думаю, захаваецца ў канчатковым варыянце, гэта пазначэньне яканьня ў лічэбніках, чаго раней не было. Не "дзесяты", "дзевяты", а "дзясяты", "дзявяты", "сямнаццаць", "васямнаццаць". Ёсьць яшчэ пэўныя прапановы, якія маюць разбуральны характар. Гэта правядзеньне аканьня ў складаных словах, напр., "каласазнаўства", "мавазнаўства". Ёсьць прапанова фінальнае ненаціскное "о" перавесьці ў "а". Замест "Токіё" пісаць "Токіа". Я спадзяюся, у стваральнікаў, якія маюць дачыненьне да гэтага законапраекту, хопіць розуму ўсё ж такі не руйнаваць правілы 1959 году і пакінуць у гэтых выпадках "о".
Ці выданьні, якія зараз карыстаюцца клясычным правапісам, пасьля ўваходу ў сілу новых правіл, напрыклад часопіс "Архэ" адмовяцца ад "тарашкевіцы"? Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса, заяўляе, што ў краіне, пакуль будзе дапрацаваны парлямэнцкай камісія новы правапіс, будзе зладжана грамадзянская кампанія па гэтым пытаньні.
Булгакаў: "Тарашкевіца" - маркэр непадкантрольнай беларускай дзяржавы
В.Булгакаў: Ня толькі "Архэ" карыстаецца гэтым правапісам. Можа быць 5-10% усяе валавой прадукцыі па-беларуску выходзіць на "тарашкевіцы". На "тарашкевіцы" друкуюцца, напр., тэксты Ігара Логвінава, Зьмітра Коласа, нядаўна выйшла агромністая манаграфія гарадзенскага гісторыка Сяргея Токця пра беларускую вёску выдавецтва "Тэхналёгія".
Дык мы паспрабуем арганізаваць усе выдавецтвы й выданьні, якія карыстаюцца "тарашкевіцай" да грамадзянскай кампаніі. Магчыма, мы нават паспрабуем зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд РБ, каб ён разгледзеў гэты законапраект на прадмет адпаведнасьці яго з Канстытуцыяй. Выглядае, што ён мае нейкі бюракратычны, вельмі фармальны характар, які можа абмяжоўваць правы грамадзян Беларусі карыстацца беларускай мовай.
"Архэ" будзе адстойваць "тарашкевіцу" да апошняй хвіліны - сказаў нам Валер Булгакаў
В.Булгакаў: Талькі пасьля таго, як мы атрымаем ад Міністэрства інфармацыі, дзе мы зарэгістраваныя, шэраг афіцыйных папярэджаньняў, зможам сур'ёзна дыскутаваць, ці варта адмаўляцца ад клясычнага правапісу. Але мне здаецца, гэта пэрспэктыва не найбліжэйшай будучыні. На "тарашкевіцы” цяпер сапраўды адбываецца творчасьць. Людзі друкуюць свае кніжкі, пішуць філязофскія эсэ, праводзяць сацыяльныя дасьледваньні і г.д. "Тарашкевіца" - гэта фактычна маркэр непадкантрольнай беларускай дзяржавы.
Скурко: Правапіс, насамрэч, не галоўнае
Рэдакцыя газэты "Наша ніва", якая піша на “тарашкевіцы”, пакуль яшчэ не разважае варыянтаў паводзін пасьля таго, як увойдзе ў сілу новы беларускі правапіс - кажа галоўны рэдактар газэты Андрэй Скурко.
А.Скурко: Калі паўстане непасрэдная пагроза закрыцьця выданьня, тады рэдакцыйны калектыў будзе вырашаць, што рабіць далей. Тое, што "Наша ніва" жыве, азначае, што ў яе ёсьць чытачы. А гэта значыць, што людзі нармальна ўспрымаюць клясычны правапіс. Правапіс, насамрэч, не галоўнае.
Баршчэўская: Асноўная перавага "тарашкевіцы" ў вымаўленьні
Ніна Баршчэўская, кіраўнічка Беларускай службы Польскага радыё, мовазнаўца й навуковы супрацоўнік Беларускай катэдры Варшаўскага ўнівэрсытэту – паклоньніца клясычнага правапісу. Яна называе перавагі "тарашкевіцы" над "наркамаўкай".
Н.Баршчэўская: Асноўная перавага ў вымаўленьні. Па-першае, правапіс "тарашкевіцы” лепш адлюстроўвае беларускае вымаўленьне. Я асабліва маю на ўвазе мяккасьць. З уласнага досьведу, як настаўніка, магу сказаць, што моладзь, якая вывучае беларускую мову, калі бачыць мяккі знак, вымаўляе слова правільна па-беларуску. А калі толькі тлумачыць, што выступае нейкае асымілятыўнае зьмякчэньне, то ўсё роўна гэта не адлюстроўваецца ў вымаўленьні. Тады яно збліжанае да расейскага. Апрача таго, я думаю, што важны таксама гістарычны момант. Ніхто ніколі не скрываў у трыццатыя гады, што рэфармаваньне беларускай мовы вялося з мэтай, каб як найлепш зблізіць яе з расейскай мовай. Гэта выразна напісанае ў прэамбуле правілаў, прынятых Саветам народных камісараў. Рэфармаваньне беларускай мовы ў 1933 годзе палягала, між іншага, на тым, што выкідваўся мяккі знак. Потым з расейскай мовы прыйшоў суфікс -ір, напрыклад "фарміраваць". Да 1957 году ў беларускай мове яго не было. Згодна з “наркамаўскім” правапісам, у беларускай мове пераважае канчатак -а, але гэта не адпавядае вымаўленьню ў беларускіх гаворках.
Ніна Баршчэўская прапануе прыслухацца, як па-беларуску размаляе беларуская палітычная эміграцыя, якая не паддалася скажэньню расейскім моўным уплывам.
Н.Баршчэўская: Варта падкрэсьліць вымаўленьне "о" яснага, адкрытага, не пахіленага, так як у расейскай мове. Я заўважаю, што вымаўленьне беларускай эміграцыі ў гэтым пляне супадае з вымаўленьнем беларусаў у Польшчы.
Зьміцер Саўка лічыць, што беларусам патрэбны кампрамісны адзіны правапіс, аднак, па словах мовазнаўцы, ён у цяперашніх грамадзка-палітычных умовах немагчымы.
З. Саўка: Калі зьменіцца сытуацыя, калі беларуская мова зробіцца сапраўды дзяржаўнай, дэ-факта, не дэ-юрэ дзяржаўнай, не на паперы, а ў рэчаіснасьці, тады сапраўды мовазнаўцы, якія вызнаюць розныя падыходы, змогуць сесьці за агульны стол і выпрацаваць новыя правілы, але сёньня такі дыялёг немагчымы.
Яланта Сьмялоўская, www.radyjo.net