Аркадзь Куляшоў
(1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна- 1978)
“На паўмільярдным кіламетры…” – 6 лютага, 96 гадоў таму, нарадзіўся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў(1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна - 1978)
«Народжаны ў век наш гразовы...» Аркадзь Куляшоў — пясняр-філосаф, які надаў мастацтву слова рысы маштабнасці, вечнасці, узняў яго на ўзровень сусветнай вартасці, стаў заканадаўцам творчасці, у якой сардэчнае трапятанне і глыбокі роздум, канкрэтнае і агульнае, светлае і змрочнае жывуць у добрай згодзе. Гаворачы словамі паэта (артыкул «Непарыўная сувязь з жыццём»), пастаянна, «як зялёная трава з выпаленай зямлі, прарастала ў сэрцы» ягоным «прага працы і неўміручасці», сапраўднай паэзіі, што рэалізавалася у зборніках «Новая кніга», «Сасна і бяроза», «Хуткасць», у паэмах «Цунамі, «Варшаускі шлях», «Хамуціус», «Далёка да акіяна». Лепшыя творы А. Куляшова — сімвал веры ў перамогу Дабра і Гармоніі на Зямлі:
Ратуй людзей з бяды ліхой,
іх душы
На гвалт і на адчай не пакідай,
Ты радасць ім нясі, сабе — адчай,
Ім — волю, гвалт — сабе, ты духам дужы.
Варшаўскі шлях
6 лютага 1914 года. Мястэчка Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. Незвычайная драўляная хата — былая карчма, а затым дом вінакура, які з «лёгкай рукі» «горам катаваных сялян», што ў рэвалюцыю ўшчэнт разбурылі бровар, дастаўся вясковым настаўнікам. У гэтым пераабсталяваным рупнымі рукамі новых гаспадароў доме святкавалі нараджэнне сына Аркадзя. 3 гэтай хаты-гнязда выляталі ў свет дзеці-птушкі. Памяць пра яе захавалася ў сэрцы ўражлівага юнака на ўсё жыццё, каб пазней выліцца ў вобразныя радкі, поўныя яркіх дэталей-драбніц. А. Куляшоў любіў свой родны кут, матчыну хату, захоўваў у памяці росныя сцежкі-дарожкі, спеўныя начныя вечары, намаганні бацькоў, каб выжыць у даваенны голад.
Другі этап біяграфіі А. Куляшова — студэнцкія гады. Спачатку ён вучыўся ў Мсцілаўскім педагагічным тэхнікуме (1928—1930), дзе пасябраваў са старэйшымі за яго паэтамі Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным, уступіў ў мясцовую філію «Маладняка». Пазней яго сяброў арыштуюць як «нацыяналістаў». 3. Астапенка цудам вырвецца з-за гулагаўскага дроту і загіне ў Закарпацці, закінуты ў тыл ворага. Сцежка Таўбіна абарвецца ў далёкай Сібіры. Пра сваіх сяброў, А. Куляшоў пакіне і дакументальныя, і мастацкія (раздзелы паэмы «Далека да акіяна», вершаваны цыкл «Маналог») успаміны.
Малады паэт спасцігаў сутнасць складанай эпохі, настройваўся на хвалю юнацкага аптымізму, верыў у будучыню і тады, калі вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута (1931 —1933). Кожнае лета ён наведваў родныя мясціны і, як пазней напіша ў аўтабіяграфіі, «сачыў за новым жыццём вёскі, за тымі пераўтварэннямі, якія з году ў год усё выразней і выразней зменьваюць яе воблік».
У вайну А. Куляшоў «родны Мінск» пакідае, «бамбёжкаю гнаны», працуе ў франтавым друку (газета «Знамя Советов»), на свае вочы бачыць смерць і разбурэнне, палымяным словам заклікае народ змагацца з лютым ворагам. Яго паэма «Сцяг брыгады», напісаная літаральна на перадавой, стала гімнам подзвігу воінаў, няскораных людзей. Летуценнасць і светласць настрою ў суровы ваенны час канчаткова выцеснена болем, перажываннем страты малой і вялікай Радзімы, сяброў:
Я не проста свой дзённік пішу,
А прысуд вынашу.
Каб над ворагам здзейсніць пасля,
Бо чакае ратунку
Заняволеная зямля,
Нашых прагнучы пацалункаў.
У грозную пару паэт сябраваў з А. Твардоўскім — адным з першых слухачоў яго «Сцяга брыгады». Вайна і страты ўзвысілі А. Куляшова над канкрэтнымі абставінамі і далучылі яго музу да пазнання ўсеагульных, усечалавечых ісцін.
Пасляваеннае жыццё і творчасць А. Куляшова ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: да 1956 года, з якога пачалася пераацэнка ранейшых каштоўнасцей, і пасля. Паэт двойчы ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1946 годзе за паэму «Сцяг брыгады» і ў 1949 годзе за «Новае рэчышча». Ён актыўна перакладае творы А. Пушкіна, М. Лермантава, С. Ясеніна, I. Катлярэўскага, Г. Лангфела, у тым ліку такія шэдэўры, як «Медны коннік», «Яўгеній Анегін», яму надаецца званне народнага паэта БССР. У атмасферы ўзвелічэння чалавека як асобы пасля XX з'езда КПСС, аднаўлення дэмакратычных нормаў жыцця пасля выкрыцця культу Сталіна адбываецца азарэнне мастака, а яго творчасць набывае адзнакі агульначалавечай вартасці і значнасці.
Аркадзь Куляшолў належыць да першасных велічынь сярод творчых постацяў беларускай літаратуры. Ён валодаў магутным ліра-эпічным талентам, у якім абсягі эпічнага светабачання неабдыіна разрасталіся, шырэлі:
Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём
І не прыставаць у знямозе,
Вялікай любові дажджом
І агнём
Зямлю цалаваць у дарозе.
Хуткасць
Ёсць хуткасць гуку, ёсць – звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
З тысячагоддзем размашляе ўслых.
О, таямніца кніг, скажы, з якіх
Людскіх глыбінь ты цуды здабывала?
У Куляшова праявіўся магутны і дзівосны дар пераасэнсавання – бачыць з’явы і рэчы мнагамерна, іншасказальна, у высвечванні бясконцых дадатковых увасабленняў, стварэнні новых вобразных паняццяў – шторму акіяна, свету і антысвету, кругабегу жыццёвых пераўтваврэнняў, гадзінніка сэрца і замлі, вечнага маўзалея нябыту, адроджанага насення, поклічу вяшчунняў-зязюль:
Я – трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух – звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
І ў свет адзін злучае іх навек.
Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі 22:47 11.02.2008 |