галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Паэты Магілёўшчыны: Кастусь Кірэенка
Кастусь Кірэенка
(12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага раёна - 1988)

Паэзія Кастуся Кірэенкі непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зборнік “Ранак ідзе”, 1945). Тонкая настраёвасці і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў, што яскрава выражана ў зборніках “Пасля навальніцы”, “Любоў і дружба”, “Светлая хваля” і інш. Выразна гучыць у творах ваеннай пары і водгалас старажытнаславянскай мастацкай святыні. “Безуцешная зязюля”, князёўна са “Слова аб палку Ігаравым” стала сімвалам жаночай вернасці, увасабленнем самой спакутаванай Айчыны, якая плача па сваіх сынах. Лірычны герой К. Кірэенкі ў цяжкую часіну выпрабаванняў звяртаецца да каханай:

Ты – мая Яраслаўна.
І калі табе сніўся крумкач
Над параненым мной –
што ж, не сорам, паплач.
Мне сляза твая шчырая
Будзе збавай ад смутку і стомы.
З ёй з ваеннага выраю
Пераможца вярнуся дадому.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працаваў у часопісах “Беларусь”, “Бярозка”, “Полымя”. Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філасофскіх разважанняў над праблемамі часу, радасцю вяртання доўгачаканага міру, выхаду з ваеннай навальніцы ў мірны дзень. Відаць, аб апошніх залпах вайны, сввятым дні міру кожны тагачасны паэт пакінуў свой успамін. Ёсць ён і ў К. Кірэенкі:

Як пахла поле! Гэткі пах ніколі
Не сніўся хлопцам. І вясны такой, -
Здалося нам, - яшчэ ніхто не бачыў.
І мы яе запомнілі навек.
(З верша “На радзіме”)

У 1964 г. за кнігу паэзіі “Смага” паэт узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Я. Купалы, у 1972 г. – Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы за зборнік “Кніга ста песень”. Вядомасць паэту прынеслі таксама ліра-эпічная паэма “Трыпутнік”, кніга публіцыстыкі “Амерыка здалёк і зблізку”, эсэ “Заўсёды з Радзімай”. К. Кірэенка пісаў і для дзяцей: зборнікі вершаў і паэм “Зялёнае рэха”, “Прысяга”, апавяданняў “Алесева кніжка”.

На вершы Кастуся Кірэенкі напісалі песні М. Аладаў, Ю. Семяняка, С. Палонскі і інш. Таксама К. Кірэенка вядомы і як перакладчык твораў рускіх, латышскіх, малдаўскіх, украінскіх пісьменнікаў.

20:18 6.02.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы