галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Паэты Магілёўшчыны: Міхась Стральцоў
Міхась Стральцоў
(1937, в. Сычын Слаўгарадскага раёна - 1987)

“Прадчуванне заўсёды наведвае сапраўдную паэзію і не адпускае сэрца паэта. У паэзіі Стральцова – маю на ўвазе і ягоную прозу, і ягоную эсэістыку, бо ўсё, што ён піша, можна назваць паэзіяй, - дар і магія прадчування асаюліва ўражліва звязаны з вёскаю.

…Уся яго паэтыка, ва ўсіх жанрах і творах, пранізана незвычайна абвостаным гуманізмам, даверам да пачуццяў і сваіх, аўтарскіх, і свайго героя, да яго і свайго болю, смутку і радасці, да адчуванняў ва ўсёй іх складанасці і суб’ектыўнасці.

…Яшчэ адна асаблівасць яго асобы здзіўляе і радуе: пакутлівая вернасць мастацкаму слову, высокамаральнай місіі пісьменніка, вернасць, якая ніколі і ні ў чым ні ў якай меры не трацілася, як бы ні складваўся асабісты лёс. …Літаратура заставалася вышэй за асабістае. Проза, паэзія, крытыка, эсэістыка. Так, талент Стральцова шматгранны”, - цалкам слушна пісаў пра Міхася Стральцова яго зямляк і сябра Віктар Карамазаў.

Міхась Стральцоў, ураджэнец Слаўгарадчыны, пасля заканчэння БДУ (1959) працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”. Друкавацца пачаў з 1952 г. і ў першым зборніку апавяданняў “Блакітны вецер” (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зборніку “Сена на асфальце” (1966) раскрыў псіхалагічнае ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гарадскую стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння эмацыйнага і інтэлектуальнага пачаткаў.

У вершах, лірычных замалёўках выяўляецца душэўная чысціня, вернасць чалавечаму прызванню, акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум:

О роднае маё! Як доўга да цябе
Ішоў я, кволы падарожнік.
О весялосць у восеньскай журбе!
Агонь. Саган. Вуголле і трыножнік.
“Бацькаўшчына”

Я – гола і думка, я – праўда і зрок.
Даў мову я камню, траве і расінцы.
Мой дзень – не імгненне, - планеты віток,
Друкую свой крок на сусветным гасцінцы.
Не патрабуй ні мала, ні замнога,
Не пагарджай вянкамі з дзеразы,
Умей сябе убачыць праз другога,
Смяяцца шчыра, плакаць без слязы.
“Размова з часам”

Сачу я ценяў лёгкі лёт,
Аблокаў пёркі.
Мой лёс зусім наадварот,
Зусім не горкі.
Яшчэ не позна па жыцці,
Па свеце белым
Зялёным ветразум плысці –
У цвеце спелым.
“Гэтае дрэва”


“О, салодка, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі! Вочы бачаць, чуюць вушы, і, ціха стаіўшыся, лечыцца душа. Млеюць ад гарачыні палі, цячэ, снуецца ў сонечных промнях рака, далёка на ўзмор’і тужаць аб свежым ветры караблі, і вось-вось скаланецца сонная сінь, павее вецер і пагоніць караблі ў караіну добрых сустрэч. І тады я таксама пастаўлю ветразь”. “Сена на асфальце”.

У зборніках “Жыццё ў слове” (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, К. Чорнага. Аўтар кніг “У полі зроку” (1976), “Пячатка майстра” (1986) пра творчасць З. Бядулі, М. Гарэцкага, А. Куляшова, П. Панчанкі, Я. Брыля, эсэ “Загадка Багдановіча” (1969).

З запісаў Міхася Стральцова:

- Паэт таксама філосаф, і , можа, філосаф найлепшы, ён мае справу з жывым духам і з жывой матэрыяй жыцця, ён гаворыць, што ўсе тэорыі шэрыя, а зялёная крона жыцця зелянее раскошна і вечна. Ад маладзіка да поўні;

- Сіла літаратуры ў паўнаце адлюстравання рэчаіснасці, ва ўмелым карыстанні святлом і ценем. Ад роднае зямлі;

- Уласцівасць сапраўды таленавітага твора не старэць, не мізарнець і не блякнуць, а як бы набіраць дадатковую сілу разам з плынню ўсё новага часу… Ад маладзіка да поўні;

- Літаратура, несумненна, выхоўвае і вучыць, але… прызначэнне літаратуры перш за ўсё – даследаваць жыццё, даследаваць адпаведна сваім, закладзеным у ёй законам. Загадка Багдановіча;

- Пісьменніцкая стыхія: берагі ў яе адны – жыццё, родная мясціна, чалавечы лёс, што тчэ намітку нашых дум і парыванняў. Вясёлка і стрэчны вецер.


Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі

23:42 4.02.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы