|
| Зьявілася беларуская група ў дзіцячым садку |
|
Ад сёньня ў магілёўскім
дзіцячым садку №81 працуе першая ў горадзе беларускамоўная група. Загад
аб яе адкрыцьці падпісаў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну
Магілёва Аляксандар Гапееў.
Загадчыца
садка Элеанора Куляшова паведаміла “Свабодзе”, што ў Ленінскім раёне
абласнога цэнтру цяпер 53 дашкольныя ўстановы, дзе выхоўваюцца больш як
шэсьць тысяч дзяцей.
“Наша беларускамоўная група — першая і пакуль што адзіная ў
горадзе, на сёньня ў яе складзе чацьвёра дзяўчатак і хлопчыкаў”, —
адзначае загадчыца Куляшова.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства
беларускай мовы Алег Дзячкоў кажа, што вяртаньне ў дашкольныя ўстановы
Магілёва беларускай мовы ініцыявалі бацькі:
“Ужо, напэўна, гады чатыры-пяць, як у Магілёве няма ніводнай
беларускамоўнай групы ў дзіцячых садках. Гадамі гэтым ніхто не
займаўся. А ўлічваючы, што гэта лякальны раён, не зусім зручны, то я
мяркую, што мы атрымалі неблагі паказчык. Адукацыйная база ў гэтым
садку ёсьць. Раней там былі беларускія групы. Напрацоўкі ў іх
засталіся”.
Алег Дзячкоў таксама паведаміў, што цяпер для стварэньня ў
дзіцячым садку беларускамоўнай групы патрэбна хаця б дзесяць заяваў ад
бацькоў, якія хочуць запісаць дзяцей у такую групу.
“Улады саступілі ў гэтым патрабаваньні, бо ахвотных навучаць
сваіх дзяцей па-беларуску ў Магілёве значна больш”, — канстатуе Алег
Дзячкоў.
svaboda.org
18:00 1.11.2007 |
| |
|
|
|