Будаўніцтва новага храму ў гістарычным цэнтры Магілёва – парку Горкага – увесь час выклікала супярэчлівае меркаваньне і археолягаў, і гісторыкаў, і архітэктараў, і, галоўным чынам, магілёўцаў. Але дазвол дадзены. Пры ўмове абавязковага археалягічнага нагляду. Гаворыць доктар гістарычных навук, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.Куляшова Ігар Марзалюк.
Ігар Марзалюк: “Здаўна ідзе дыскусія – патрэбен тут храм ці не. Я ніколі не ўдаваўся ў гэтыя нюансы. Патрэбна было выканаць археалягічны нагляд – мы выканалі. Бачыце, вось прамавугольны пэрымэтар. А ўсё астатняе – гэта недасьледаваны працяг найважнейшага помніку Магілёва – помніку рэспубліканскага значэньня.
Першыя людзі на тэрыторыі сучаснага Магілёва зьявіліся 12 тысяч гадоў да н.э. менавіта тут, потым, у II-V стагодзьдзях, – першыя славяне, кіеўская культура.
Недзе ў гэтым месцы стаяў найстаражытнейшы магілёўскі храм. І, калі тут былі падмуркі, то іх зараз выкінулі бульдозэрам. Таму што зямлю вывезьлі. Бачыце, глыбіня слою – 2,20-2,40 мэтраў. Гэта ўсё трэба дасьледаваць было. Ніхто не пазваніў, ніхто не папярэдзіў. Ціхай сапай спадзяваліся выкапаць. І так яно было.
Гэта сьвядомае, наўмыснае зьнішчэньне культурнага слою. Згодна дзейнаму Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, за сьвядомае зьнішчэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці – штраф ад 300 да 600 базавых велічынь і зьняволеньне ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Мы зараз напішам акт аб зьнішчэньні культурнага слою й адправім у Менск у Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, таксама адправім дакумэнты ў пракуратуру. Хай разьбяруцца зь людзьмі, якія наўмысна зьнішчаюць культурны слой.”
Як гарадзкі парк – гэтае месца для магілёўцаў таксама ня роскаш. Дазвол на будаўніцтва храма-помніка, а не чарговага прыходу, быў дадзены менавіта з гэтай умовай. Прыходу аніякіх рашэньняў аб зносе дрэваў не выдавалася. Тут растуць белыя таполі, якія маюць моцную драўніну, з добра сфармаванымі кронамі. І тое, што зараз яны нібыта трапляюць у зону дзеяньня кранаў ды іншай тэхнікі – гэта не прычына для зносу дрэваў.
Траншэя, якая ўжо пракладзена, ідзе па рэштках адзінай мураванай сьцяны Магілёўскага замку.
Ігар Марзалюк: “Гэта ж не ўскраіна! Па беларускім заканадаўстве – крымінальнае злачынства паводле Крымінальнага кодэксу, які дзейнічае, які прыняў наш парлямэнт, які зацьвердзіў прэзыдэнт. Тут ня можа быць ніякіх прэтэнзіяў ані да гарадзкіх уладаў, ані да ўпраўленьня архітэктуры, ані да наглядных службаў. Самае брыдкае, што прыход зьяўляецца заказчыкам. Хіба робяцца Божыя справы з парушэньнем законаў аб ахове гісторыка культурнай спадчыны?”
Вось гэткім чынам магілёўская гісторыя вывозіцца літаральна на сьметнішча.
Паводле “2 каналу”
Фота svaboda.org