Тэзісы выступлення на сесіі Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў 14.04.2007
Шаноўнае спадарства!
На апошняй сесіі Гарадскога савета 24-га склікання ў снежні 2006 года я ўжо падымаў праблему дысбалансу на карысць рускай мовы ў практыцы прымянення закона аб мовах у Магілёве, у тым ліку у галіне гарадской рэкламы. Не буду сёння паўтарацца, але паколькі большая палова дэпутацкага складу гарсавету змянілася, то дазволю сабе тэзісна нагадаць, што я казаў па гэтым пытанні:
- моўны выгляд вуліц нашага горада амаль цалкам рускамоўны, - пануюць рускамоўныя аншлагі, рэкламныя шчыты, знешняя рэклама гандлёвых кропак, - гэта непрымальна не толькі з пункту гледжання правядзення ўзважанай нацыянальнай палітыкі, але і замінае фарміраванню адметнага, арыгінальнага іміджу горада, робіць яго падобным на дзесяткі расійскіх абласных гарадоў. Гэта не спрыяе развіццю турызму. Нават расіяне, госці нашага горада, гэта сталі заўважаць і задаваць здзіўленыя пытанні: чаму вы не пішаце па-беларуску, чаму ў вас усё на рускай мове? - як мінімум, трэба рэкламу рабіць і па-беларуску, па-руску.
На жаль, водгуку на тое выступленне я пакуль яшчэ не пачуў, не бачу і прыкметных зменаў на вуліцах горада. Таму ў працяг тэмы хачу сказаць аб наведванні Чэхіі ў лютым гэтага года. Тыднёвая стажыроўка была надзвычай плённай і пазнавальнай, мы пазнаёміліся з сучаснай сітуацыяй, прававым полем і праблемамі аховы помнікаў гісторыі ў Чэхіі.
Чэшскі вопыт падказвае і рашэнне многіх нашых канкрэтных пытанняў. Так, наведванне Чэскага Крумлева даказала справядлівасць пастаноўкі магілёўскімі краязнаўцамі перад уладамі пытанняў аб стылі рэкламы ў гістарычным цэнтры Магілёва.
Рэклама ў чэшскім горадзе, які ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, робіцца выключна з натуральных матэрыялаў, аналагічных тым, што прымяняліся ў старажытнасці, натуральнымі фарбамі і ў вытрыманым рэтра стылі. Не трэба казаць, што надпісы робяцца, безумоўна, па-чэшску.
Дзеля прыкладу, гарадскія ўлады Чэскага Крумлева, нягледзячы на магчымыя прыбыткі, нават не пусцілі ў цэнтр горада сусветна вядомую фірму “Макдональдc”, кіраўніцтва якой не пажадала крыху змяніць пад даўніну форму свайго лагатыпу – вядомых арак.
У 90-я гады постсавецкая прастора перажыла імкненне да еўрарамонтаў, а сёння яны – банальнасць. Зробленыя пад еўра рэстаранчыкі здаюцца забягалаўкамі, бо і ў былых сталоўках цяпер такое ж стандартнае абсталяванне. А вось арыгінальна, стыльна зробленыя, у тым ліку пад даўніну, усё больш вабяць да сябе, як напрыклад “Бар ХІХ век”. Там нават афіцыянты ў падобных на народныя строях ходзяць. Але ж і гэты бар, як чамусьці ў Магілёве заведзена, мае рускую назву.
Падобная сітуацыя, на мой погляд, і з рэкламай. Стандартная неонавая рэклама зжывае сябе. Беларуская мова крыху ажыўляе яе, прыцягвае увагу, але толькі гэтым не абысціся. Упраўленню архітэктуры важна ўлічваць еўрапейскі, ў тым ліку чэшскі, вопыт пры выдачы дазволаў на рэкламу ў гістарычным цэнтры горада, дзе мы афіцыйна займаемся рэгенерацыяй – комплексна аднаўляем гістарычнае аблічча.
У сувязі з гэтым прапаную:
- на сумесным пасяджэнні камісіі гарадскога савету дэпутатаў па культуры, упраўленняў архітэктуры і культуры выканаўчага камітэту разгледзець пытанне аб характары і стылі гарадской рэкламы.
Другой тэмай майго снежаньскага выступу была праблема аднаўлення Магілёўскай ратушы, якая з’яўляецца сімвалам горада, фактычна яго лагатыпам, але існуе пакуль толькі віртуальна.
Па гэтым пытанні ў нашым горадзе існуе грамадская згода. Усе зацікаўленыя бакі выказваюцца за яе адбудову. І ўлады, і апазіцыя, і студэнты, і пенсіянеры – усе за! Тым не менш, яна фактычна яшчэ не пачалася. Дарэчы, у маі спаўняецца пятнаццаць гадоў з часу закладкі сімвалічнага каменя ў падмурак ратушы, а справа так далей і не пайшла. Няпэўная сітуацыя з фінансамі, як кажуць, замінае.
Што рабілі у такой сітуацыі нашы продкі? Будавалі талакой! Таму я афіцыйна прапаную:
- даручыць выканаўчаму камітэту дзеля паскарэння тэмпаў будаўніцтва ратушы разгледзець пытанне аб арганізацыі збору сродкаў жыхарамі горада, яго прадпрыемствамі і ўстановамі на яе адбудову або праз спецыяльна створаны фонд, або на спецрахунак.
На мой погляд, гэта пытанне вельмі важнае, яго вырашэнне сумеснымі намаганнямі будзе спрыяць кансалідацыі грамадства ў нашым горадзе.
Дзякуй за ўвагу!
Дэпутат Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксандр Агееў 01:38 18.06.2007 |