У пятніцу адбылася сустрэча галоўнага рэжысёра Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімера Пятровіча зь сябрамі Таварыства беларускай мовы. Удзельнікі імпрэзы абмеркавалі сучасны стан тэатральнага мастацтва.
Сустрэча праходзіла напярэдадні другога Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “
M.ART.Кантакт”, якому й была нададзена найбольшая ўвага. Як распавёў Уладзімер Пятровіч, на фэстываль запрошаныя калектывы з Украіны, Літвы, Расеі, Польшчы, Нямеччыны й Беларусі. Адкрые форум містэрыя “Сымон-музыка” Я.Коласа ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Я.Купалы. Усяго магілёўцы ўбачаць дванаццаць спэктакляў, па два паказы штодня. У часе тэатральнага форуму таксама будуць ладзіцца майстар-клясы маладой рэжысуры. Сёлета сябры журы самастойна вызначаць намінацыі й намінантаў.
Акрамя таго, закраналіся тэмы культуры паводзінаў у тэатры, выбару спэктакляў і іх запатрабаванасьці грамадзтвам. Не засталася без увагі й малая сцэна магілёўскага тэатру, дах якой рамантуецца вось ужо некалькі гадоў.
На просьбу слухачоў Уладзімер Пятровіч даў парады па выбары месца ў глядацкай залі. Па словах галоўнага рэжысёра, агульнапрызнана, першыя шэсьць радоў у партэры – найлепшыя для прагляду спэктакляў. “Царская ложа” для гэтага ня вельмі прыдатная, бо там дрэнная акустыка, прызнаўся Ўладзімер Пятровіч. Дарэчы, сам ён звычайна абірае адзінаццаты рад.
Уладзімер ПЯТРОВІЧ, галоўны рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатру, актор.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У тэатры з 11.08.1980 г. Асноўныя ролі: Кавьель – актор у спэктаклі “Паўразумны Журдэн” (М.Булгакаў), Мітч (“Трамвай “Жаданьне” Т.Ўільямса), Васількоў (“Шалёныя грошы” А.Астроўскага), Нікандар (“Сёстры Псыхеі” С.Кавалёва), Герцаг, Моцарт (“Маленькія трагедыі” А.Пушкіна), Валодзя (“Нявеста з Парыжу” Б.Рацэра, В.Канстанцінава), Люсьен (“Вянчаньне” Ж.Ануя), Спадар Ляяль (“Тарцюф” Ж.Мальера), Люсіндо (“Вынаходніцкая закаханая” Лапэ дэ Вэгі), Эбін (“Каханьне пад вязамі” Ю.О’Ніла).
Рэжысёр-пастаноўшчык спэктакляў “Яна ў адсутнасьці каханьня й сьмерці” (Э.Радзінскі), “Касьцюмер” (Р.Харвуд), “У адкрытым моры” С.Мрожэка, “Падвоеная гульня” Э.Эліса й Р.Рыза, “Ноч Гельвера” І.Вілквіста.